Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 8 траўня.


Прыпамінаю даўні выпадак. Неяк у часе вандроўкі мой знаёмец папрасіў запальнічку у двух мужчын вэтэранскага ўзросту. Жадаючы, відаць, зрабіць прыемнае, падзякаваў ім за СССР-аўскую перамогу ў другой сусьветнай. І... быў проста абрэзаны словамі пра тое, што, маўляў, яны служылі ў Арміі Краёвай. У часе сустрэч з героямі сёньняшняй праграмы я зразумеў, што, паводле іх жа словаў, існуюць невядомыя для большасьці, нябачныя з афіцыйных тэлеэкранаў “іншая вайна, іншыя пераможцы”.

Шкірманкоў:
“Падзялялі на белых і чорных. Хто ў Чырвонай Арміі — “справядлівыя”, хто змагаўся супраць фашызму, але за межамі — нібы ня іх вайна...”



Гэта 83-гадовы спадар Шкірманкоў са Слаўгарада. Спадар Фелікс прайшоў вайну ад жаўнера да малодшага лейтэнанта. Быў чатыры разы паранены, атрымаў другую групу інваліднасьці. Суразмоўца кажа, што 9 траўня для яго сьвята “са сьлязамі на вачах” яшчэ і ад таго, як яно праводзіцца.

Шкірманкоў: “Ва ўсе часы знаходзіліся аматары перапісаць гісторыю пад сябе — Лукашэнка зь іх ліку. Кнігу “Памяць” адкрывае партрэт Лукашэнкі ў маршальскай форме. Гэта ж зрабіць лінію Сталіна, экскурсіі туды — сорамна! У нас у Беларусі нельга казаць пра перамогу над сталінізмам — рэцыдывы гулагаўшчыны вылазяць усё ў новым абліччы. Пакаяньня не адбылося. Бо шмат людзей пры ўладзе, якім Сталін вельмі патрэбны...”

У вёсцы Паперня на Лідчыне два гады таму сустрэўся з 87-гадовым цяпер спадаром Янам Новікам. Патэлефанаваў днямі — кажа, дзякуй Богу, у добрым здароўі. Польскі ўрад рэгулярна плаціць яму пэнсію ў 150 даляраў на квартал. Ягоная хата на пагорку, з польскім гербам і сьцягам. Нізенькі чалавек у шапцы-вушанцы. Жывыя, зусім не старэчыя вочы. Памятаю, мне быў шчыра рады.



Новік: “Ці слухаю “Радыё “Свабода”? Ой, хораша гаворыць! Слухаю “Свабоду” ды імшу польскую ў нядзелю…”

На маю просьбу дзядзька Ясь ударыўся ва ўспаміны.

Новік: “У нас бацька ў доме быў, двое братоў, сястра і я чварты. Мелі карову, каня, зямлі пару гектараў. Пазабіралі ад нас усё. Камуністы мэнчылі тады ўсё — о-ох, міленькі мой, нас ацерабілі! Наложаць — на столькі картоплі. Карову, каня забралі, воз, што тата-нябожчык зрабіў. Гора, хай яго… Саветы забралі мяне ў войска. Я міны падвозіў. Каля Віцебска акружылі, прыгналі нас у Воршу — многа было, ая-яй! 40 кг важыў я. Мяне ўзялі, адправілі ў Паперню.”

У 43-м Ясь Новік уступіў у шэрагі Войска Польскага.

Новік: “Абмундзіравалі ў польскае адзеньне, быў зэнітчыкам. Але так размоклі на шпацыры, што й да Варшавы не дайшлі, паўстаньне было разбуранае. А колькі людзей яны забілі ў Катыні — 11000 ахвіцэраў! А потым: немец забіў. Яны забілі! Не ўважаюць нікога, толькі сябе...”

У Лідзе пры ўключаным мікрафоне з карэспандэнтам “Свабоды” адмовіўся гаварыць 88-гадовы Ўладзімір Андрэевіч — прозьвішча называць ня буду. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені. Хоць папярэдне яго ўгаварыў сустрэцца са мной ягоны сын — таксама Ўладзімір. Мне ўдалося запісаць іх дыялёг.



Сын: “Раскажы, за што табе далі ордэн, каб людзі ведалі — ёсьць жа чым ганарыцца!”

Бацька: “Ня трэба, каб мяне пасьля дасьледавалі — я ня буду! “Там” ёсьць мая біяграфія, мяне ўжо тысячу раз правяралі, дзе я быў, дзе працаваў. А навошта мне гаварыць на Савецкую ўладу? Я ні кроку не ступлю ў бок. І мне за гэту справу добра плацяць...”

Сытуацыю камэнтуе сын Уладзімір.

Уладзімір: “Бачыце, які страх — 88 год, а ён баіцца НКУС! А сам ненавідзеў бальшавікоў заўжды. Бацька мой быў афіцэрам 324 мотастралковай дывізіі. Манштэйн напісаў, што падбілі 60 нямецкіх танкаў. Ён казаў, у баі не лічылі — была гара мэталу. Гэта было з 29 чэрвеня па 5 ліпеня пад Віцебскам...”

Палком, у якім служыў спадар Уладзімір, камандаваў Якаў Джугашвілі — сын Сталіна. Сын вэтэрана расказвае мне шмат разоў чутае ад бацькі:

Уладзімір: “Як бацька кажа, зьявіліся энкавэдысты, яго ў машыну, і снарад нямецкі шандарахнуў — людзей пасьля такіх пападаньняў не застаецца. Бацька расказвае, што калі памёр мой дзед у 37 годзе, Якаў Сталін даў тысячу рублёў на пахаваньне... Пасьля снарад, раненьне — “прачнуўся” ў нямецкім палоне. У Літву прывезьлі, раскідалі па гаспадарках. Літоўская сям’я паклікала ўрача, заплацілі. Рабіў зь імі, жаніць, кажа, хацелі. Потым немцы вылічылі, што ён старшы лейтэнант. Загад — вярнуцца ў лягер. Усе афіцэры сабраліся і пашыбавалі...”

Карэспандэнт: “Чаго ён баіцца?”

Уладзімір: “А ў КДБ не сазнаўся, што быў у палоне. А таму што яму, інваліду Вялікай Айчыннай, захаваліся льготы — менавіта інвалідам. А кажа, як выступлю, убяруць ільготы ва ўсіх інвалідаў Беларусі. Іх і засталося такога ўзросту якіх 20 чалавек. Жах уеўся ў іх генэтычна...”

Апошні штрых. Бацька-ткі дазволіў сыну распавясьці сваю біяграфію.

Уладзімір: “Мне сказаў: ты ж ня будзеш ілгаць перад мікрафонам, глядзі, адказнасьць сваю нясі...”

* * *

103-гадовага Алеся Апанасавіча Шэкаля дзень перамогі сустрэў далёка за межамі Бацькаўшчыны. Сёлета 9-я ўгодкі яго вяртаньня зь Вялікай Брытаніі, дзе ён пражыў да старасьці, на малую радзіму ў Івянец. Але памяць не падводзіць. 17 верасьня 1939-га сяржант Войска Польскага, беларус Алесь Шэкаль сустрэў на баявым пасту на мяжы з СССР. Энкавэдысты, да якіх урэшце ён патрапіў, пагналі яго па этапе ў Сыбір. Але Алесю Апанасавічу пашанцавала — ішло фармаваньне польскіх частак для войска генэрала Андэрса.



Шэкаль: “4 лютага 42-га мяне вызвалілі. Мы былі ля Ўладзівастоку. У войска ўзялі ў Казахстане. Чэрчыль даў 3 мільёны ботаў, Амэрыка шмат цянжаровых самаходаў. І прыехалі ў Іран, порт Пехлеві, там абмундзіравалі ў ангельскае адзеньне, тады ў Багдад і ў Палестыну. Палякі хацелі ваяваць разам з расейцамі, але амэрыканскі генэрал Айзэнгоф сказаў: не рызыкуйце, бо вас арыштуюць. І так бы было! Потым паехалі ў Італію. Адкрылі там фронт у гарах у сьнезе — ой-ёй, голад! Страшная вайна — вочы выразалі, вушы абразалі гестапаўцы...”

Алесь Апанасавіч за ўзяцьце непрыступнай, як лічылася, крэпасьці Монтэ-Касына быў узнагароджаны ангельскім Ганаровым крыжам.

Шэкаль: “Там гарматы на высокай, стромкай гары, што лезьці трэба, як альпініст. Амэрыкане, індыяне, новазэляндыйцы не здабылі. А генэрал Андэрс кажа: дазвольце, я паспрабую са сваім войскам. Ніхто ня ўзяў, а 5-я дывізія, дзе найбольш беларусаў, узяла!”

Вяртацца ў Беларусь пасьля вайны дзядзька Алесь не сьпяшаўся. Хутка прыйшлі зьвесткі, што тых, хто адважыўся на гэта, ізноў пагналі на Салаўкі.

Шэкаль: “Я меў дом, самаход у Англіі. Але дома свае людзі, прырода. Воўк, калі тут урадзіўся, нічога не кране ў цябе, ідзе за 7 км. І ён разумее! Таксама і людзі. Некаторыя беларусы-бедакі плакалі, пад самаход, пад цягнік кідаліся...”

Днямі я патэлефанаваў у Івянец да Ўладзіміра Солтана, праваабаронцы, каб той даведаўся, як пачуваецца спадар Шэкаль.

Солтан: “Зьвязаўся з пляменьніцай — жывы! Кажа, прыяжджайце! Як сьвяткуе Дзень Перамогі? Глядзіць гэтыя парады па БТ, кажа, у нас, у Ангельшчыне, такога няма — помпа не кранае...”

72-гадовы Мінай Карніенка жыве ў Талачыне. Называе сябе “дзіцём вайны”. Сябра ПКБ. І ў яго свой погляд на Дзень Перамогі.



Карніенка: “Вайна толькі жудасная і нікому не патрэбная. На нашай тэрыторыі ў Дубровінскім раёне 9 месяцаў стаяў фронт, і я першы, хто атрымаў раненьні ў вока і руку. Невядомы прадмет узяў, а гэта аказаўся мінны ўзрывацель. Мне, напрыклад, вельмі не падабаецца, што 3 ліпеня ўстаноўлены Дзень незалежнасьці, а ня Дзень вызваленьня Беларусі. Усё ж гэта Дзень Перамогі. І народ перамог увесь, армія...”

А вось і яшчэ адзін ваенны лёс. “Ворагам народа” спадар Козак стаў праз чатыры гады пасьля 45-га. Да таго часу, з 42-га па 44-ты выкладаў беларускую мову ў школах акупаванай Шаркоўшчыны. Разам з батальёнам Арміі Краёвай перайшоў у Польшчу, дзе трапіў ў Дальвіцкую школу абвэру, якая рыхтавала дывэрсантаў для барацьбы з партызанамі. У мястэчку Чырвона Лодзь, так і ня браўшы ўдзелу ў баявых дзеяньнях, сустрэў заканчэньне вайны.



Козак: “Адтуль мяне і забралі. Увечары прыйшоў, сьвятло ўключаю — а мяне цап за руку! Польская разьведка. Завезьлі ў Варшаву, сядзеў у карцэры месяцы чатыры. Лупілі мяне здорава — адзін лупіў, другі вадой адліваў. Дазнаваліся, хто такі. А ў іх быў сьпіс гэтага Дальвіца. Быў прысуд, прачыталі — 25 гадоў ды пяць паразы ў правах. Трыбунал нічога не запытаўся ў мяне. Кажу, выдайце прысуд хоць на папяроснай паперы. Хопіць табе без паперы! Калі рэабілітавалі — аказалася, 10 год...”

Пасьля год адпакутаваў у перасыльных турмах ды шэсьць з паловай — на працы ў вугальных шахтах ды медна-нікелевых рудніках Нарыльшчыны. Там Козак стаў сябрам штабу паўстаньня. Яно адначасова адбывалася ў дзесятках сталінскіх лягераў і доўжылася паўтара месяца. Адным з кіраўнікоў штабу паўстанцаў быў беларус Кастусь Козак. У мінулым годзе ў часе нашай сустрэчы ён упершыню за дзесяцігодзьдзі публічна загаварыў пра тагачасныя падзеі.

Козак: “Дух такі быў — амаль усе невінаватыя людзі сядзяць! У кожным лягеры наша каманда. А якое паўстаньне? Павесілі чорныя сьцягі і не пайшлі на працу. Дамовіліся не забіваць ахову, інакш бы нас там не засталося — вакол “чырвонапагоньнікі”. Паўтара месяца ня ведалі, што рабіць. Войскамі рэзалі-дзялілі, вывозілі ў тундру. Мы выклікалі на перамовы маскоўскі ЦК. Прыяжджалі, тады самі іх зрывалі. А ў нас трымаліся да канца. Заразіліся па Саюзе ў іншых лягерах...”

Напярэдадні тэлефаную дзядзьку Кастусю, каб даведацца, як маецца ён. Кажа, здароўе ў лепшы бок ня йдзе. А вось што пра стаўленьне да Перамогі:

Козак: “Дзіцячае пытаньне! З Усходу і Захаду нас прыгняталі — якая ж перамога?! Не было ў нашага народа пра вайну штосьці душэўнага. Гутаркі, застольлі з салам былі. А да вайны ставіліся як да палітычнага пытаньня...”

Узгадваю Рэмарка: “на вайне столькі праўды, колькі людзей у ёй брала ўдзел”. Пры канцы я запытаў сваіх герояў, што асабіста для кожнага значыць дзень 9 траўня.

Козак: “Абсалютна нішто!”

Карніенка: “9 траўня — гэта шчасьце, вызваленьне, Перамога, зварот да мірнага, хоць і цяжкага, жыцьця...”

Шкірманкоў: “З болем гляджу, як кіраўніцтва ставіцца да вэтэранаў — гэта ж дадумацца паменшыць тыя мізэрныя льготы для іх, а яны зрабілі. Для мяне сьвятое, што я, як грамадзянін, выканаў доўг перад Радзімай. Памяць сьвятая, бо загінула шмат людзей...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG