Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатар Хартыі 97 Зьміцер Бандарэнка заклікаў дэмакратычныя сілы да спыненьня дыялёгу з уладамі і байкоту парлямэнцкіх выбараў. ТЭМА ДНЯ.



Паводле спадара Бандарэнкі, пераход да новай стратэгіі абумоўлены тым, што “ўлады паставілі на дыялёгу і дэмакратызацыі крыж і разьвязалі сапраўдны тэрор супраць палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці”.

Зьміцер Бандарэнка заклікаў “да цьвёрдага супрацьстаяньня дыктатуры ва ўсіх кірунках”. Ён заявіў, што апазыцыя будзе гатова да дыялёгу толькі ў выпадку рэальных крокаў улады па дэмакратызацыі краіны.

З. Дашкевіч: “Варта абмеркаваць формы байкоту”

Лідэр незарэгістраванага “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч заявіў, што перад парлямэнцкай кампаніяй вельмі важна патрабаваць ад улады празрыстага выбарчага працэсу:

“Калі ўлада не пажадае яго забясьпечыць, выбары трэба байкатаваць. Варта толькі абмяркоўваць тыя ці іншыя формы байкоту. Але ўдзельнічаць, канечне, у навязанай зьверху сцэнары выбараў вельмі небясьпечна. Тут трэба ўсім дэмакратычным сілам выпрацоўваць фармат байкоту. Ёсьць некалькі варыянтаў: альбо кандыдаты ад дэмсілаў балятуюцца, ідуць на выбары, праводзяць агітацыйную кампанію і за некалькі дзён, пры ўмове невыкананьня ўладай дэмакратызацыі выбарчага працэсу, гэтыя кандыдаты здымаюцца. Альбо варыянт поўнай адмовы ўдзелу ў кампаніі”.

А. Лябедзька: “Нашы людзі ўспрымаюць байкот як ляжаньне на канапе”

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначае, што адказ на пытаньне аб байкоце выбараў сфармуляваны ў выніку дыскусіі ў 2007 годзе.

“Высьветлілася, што ўсё ж такі больш аргумэнтаў на карысьць удзелу, а не байкоту выбарчай кампаніі. Я быў удзельнікам кампаніі байкоту 2000 года, але трэба прызнаць, што ад таго часу адбыліся пэўныя перамены. Тады галасы фальшаваліся, яны проста прыпісваліся. А зараз у 2008 годзе іх проста ніхто ня будзе лічыць. І незалежна ад таго, якая колькасьць будзе рэальна браць удзел, лічбы ўдзелу і вынікі галасаваньня будуць такія, якія будуць прапісаны ў “чырвоным доме”. Па-другое, у людзей цяпер значна менш магчымасьці, чым у 2000 годзе адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Па месцы працы, вучобы, шмат эканамічных і іншых рычагоў узьдзеяньня. І самае галоўнае, нашы людзі ў значнай ступені ўспрымаюць байкот як ня ўдзел, гэта значыць, ляжаць на канапе і нічога не рабіць”.


В.Оргіш: “Перш чым заяўляць пра ўдзел у выбарах, трэба дамагацца іх дэмакратызацыі”

Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш сумняецца ў мэтазгоднасьці байкоту.

“Байкот сам па сабе наўрад ці мае сэнс, паколькі палітычныя сілы, палітычныя партыі, палітычныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітычным працэсе. Нават калі ён не вызначаецца дэмакратычнасьцю і справядлівасьцю.

Але палітычныя сілы мусяць прад’явіць уладам умовы: выпраўленьне Выбарчага кодэксу і дэмакратызацыя ўмоваў выбараў наагул. І толькі ў выпадку невыкананьня ўладамі асноўных патрабаваньняў, можна ставіць пытаньне аб байкоце.

А што мы маем на сёньняшні дзень? Палітычныя партыі ўжо заявілі аб сваім удзеле ў парлямэнцкіх выбарах. І пачалі разважаць пра несправядлівасьць выбараў, якія праходзілі ў Беларусі і якія адбудуцца восеньню. А на мой погляд, перш чым заяўляць пра ўдзел у выбарах, трэба было дамагацца іх дэмакратызацыі. І пагаджацца на ўдзел у выбарах, толькі ў выпадку выкананьня іх умоваў”.

Палітоляг Вячаслаў Оргіш згадвае, што яшчэ 8 гадоў таму большая частка апазыцыі байкатавала парлямэнцкія выбары:

“У той час байкот меў бы сэнс толькі ў тым выпадку, калі б дэмакратычныя сілы жорстка паставілі пытаньне аб дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Але тады пытаньне стаяла рубам – байкот і ўсё. І наколькі я памятаю, тады толькі “Народная Грамада”, якую ачольваў Мікола Статкевіч, удзельнічала ў выбарчай кампаніі. За што з боку астатніх дэмакратычных партыяў, якія не ўдзельнічалі ў выбарах, атрымалі моцную абструкцыю. У той час трэба было больш гнутка падыходзіць да гэтага пытаньня”.

У.Нісьцюк: “Заклік да байкоту – гэта віртуальная палітыка

Палітоляг Уладзімер Нісьцюк згадвае, што палітычная апазыцыя спрабавала байкатаваць выбары двойчы: мясцовыя – у 1999 годзе і парлямэнцкія – у 2000-м:

“І тады ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у выбарах, ганьбілі як здраднікаў, казалі, што яны гулялі разам з уладай. Але потым тыя ж людзі, якія байкатавалі выбары, самі прызналі, што гэта быў не зусім эфэктыўны крок, вельмі некарысны для агульнай справы”.

Спадар Нісьцюк тлумачыць, чаму сёлета, на ягоную думку, нельга паўтараць тую ж самую памылку:

“Выбаршчыкі разумеюць: калі людзі ўдзельнічаюць у выбарах, нават у сумнеўных з пункту гледжаньня дэмакратыі, яны ідуць да іх, сустракаюцца зь імі, слухаюць. Трэба паслухаць выбаршчыкаў, каб праз іх хаця б ведаць пульс сучаснага жыцьця.

Па-другое, калі сёньня да Беларусі жорстка ставяцца Расея, ЗША, дастаткова жорстка – Эўропа, улада будзе рабіць захады, каб сёлетнія выбары праходзілі больш дэмакратычна за папярэднія. Людзі пазбаўленыя сацыяльных ільготаў, яны бачаць як растуць кошты прадуктаў... І яны чакаюць адказаў на свае пытаньні: чаму так адбываецца? І будзе вельмі дрэнна, калі адказы дасьць толькі адзін бок.

І навошта тады займацца палітыкай, калі не займацца легальнымі палітычнымі кампаніямі і не ўдзельнічаць у іх? Гэта ініцыятыва зь віртуальнай палітыкі. А трэба займацца рэальнай”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG