Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня судзьдзя Пухавіцкага райсуду Святлана Акуліч адхіліла хадайніцтва Сяргея Абразоўскага перанесьці разгляд адміністрацыйнай справы на іншы дзень.


Заяўнік скардзіўся на дрэнны стан свайго здароўя, спасылаўся на пісьмовае мэдыцынскае накіраваньне ў Менскі абласны шпіталь у Бараўлянах. Аднак, як удакладнілі ў канцылярыі Пухавіцкага раённага суду, просьба Сяргея Абразоўскага адхіленая. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу жыхароў у пасёлку Сьвіслач Пухавіцкага раёна 29 сакавіка.


Ад 25 красавіка да сёньня Сяргей Абразоўскі знаходзіўся на стацыянарным лячэньні ў шпіталі ў пасёлку Сьвіслач зь дыягназам “перадынфарктны стан”. Хвароба выявілася пасьля гвалтоўнага затрыманьня спадара Абразоўскага міліцыянтамі Пухавіцкага РАУС перад яго паездкай у Менск на “Чарнобыльскі шлях – 2008”.

На 12 траўня спадар Абразоўскі мае накіраваньне на лячэньне ў Менскім абласным шпіталі ў Бараўлянах.

Сяргею Абразоўскаму — 49 гадоў. Ён скончыў Менскі палітэхнікум, а пасьля — Беларускі політэхнічны інстытут, атрымаў спэцыяльнасьць інжынэра. Працаваў на прадпрыемствах у Пухавіцкім раёне і ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў. Сябра Партыі камуністаў беларускай. Цяпер узначальвае ініцыятыўную групу, якая выступае супраць будаўніцтва ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну хімічнага заводу “Август-Бел”.

“Август” — прыватная расейская кампанія. Офіс знаходзіцца ў Маскве. Вытворчасьць — у пасёлку Вурнары, што ў Чувашыі. У 1960-я там выраблялі дуст (ДДТ) для ўсяго СССР. Цяпер расейскі бок заяўляе, што на заводзе ў Беларусі будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў — хімічных сродкаў для зьнішчэньня пустазельля і шкоднікаў на сельскагаспадарчых пасевах.

Паводле заявы арганізацыйнага камітэту грамадзкасьці ў пасёлку Дружны, пры рэалізацыі праекту ЗАТ “Август-Бел” парушаюцца асноўныя патрабаваньні міжнароднай Орхускай Канвэнцыі, далучэньне да якой Беларусь дэкляравала 14 сьнежня 1999 году. У прыватнасьці, Канвэнцыя патрабуе:

1. Доступу насельніцтва да экалягічнай інфармацыі;

2. Удзелу грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця экалягічна значных рашэньняў;

3. Доступу да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя.


Падрабязнасьці – пазьней у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG