Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыпаркавацца ў Менску няма дзе, а паркінгі пустуюць


Цягам трох гадоў аўтамабільная паркоўка ў межах першага транспартнага кальца ў Менску стане платнай.


Зараз у цэнтры Менску 14 аўтастаянак, якія могуць прыняць 1,5 тыс. аўтамабіляў. Галоўны інжынэр камунальнага прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі, паркоўкі” Пётар Пруднікаў заявіў, што бліжэйшым часам колькасьць месцаў для паркоўкі падвысіцца да 3 тысячаў, а празь некалькі гадоў іх будзе 10 тысячаў. Вырашаць праблему паркоўкі гарадзкія ўлады будуць пры дапамозе шматузроўневых паркінгаў, якія плянуюць пабудаваць.

Паводле прадстаўнікоў прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі”, забясьпечанасьць стаянкамі ў Менску складае траціну ад неабходнага. У Цэнтральным раёне Менску забясьпечанасьць стаянкамі складае 57%, у Партызанскім — каля 40%. У астатніх яна нашмат меншая за сярэднюю па горадзе.

У горадзе зарэгістравана амаль паўмільёна прыватных аўтамабіляў. Штодня на дарогах да іх дадаецца некалькі тысячаў іншагародніх на машынах. Аднак агульная колькасьць месцаў для паркоўкі ў гаражах, на аўтастаянках і паркінгах не дасягае 150 тысячаў.

Будаваць падземныя гаражы немэтазгодна?

Інспэктар аддзелу агітацыі і прапаганды Дзяржаўтаінспэкцыі ГУУС Менгарвыканкаму Юры Красноў кажа, што цяперашнім кіроўцам праблема перанасычанасьці аўтатранспартам засталася ў спадчыну ад мінулых гадоў:

“Праблема асноўная з-за таго, што жыльлё ў цэнтры старое, і калі яго будавалі, то месцаў для паркоўкі не прадугледжвалася ўвогуле. Чаму будаўнічыя фірмы цяпер не будуюць дамы з падземнымі гаражамі? Бо дорага і куча ўзгадненьняў патрэбная — з пажарнымі і ўсімі іншымі. Размаўляў зь людзьмі, якія ўзводзяць дамы, і яны кажуць: будаваць дом з падземным гаражом — вельмі дорага, маўляў, у мяне гэтыя кватэры потым ніхто купляць ня будзе. Па-другое, надзвычай стратна для будаўнічай фірмы прайсьці ўсе ўзгадненьні. У прынцыпе, можна было вырашыць праблемы іншым шляхам: будаваць у кожным спальным раёне нармальны паркінг, хоць бы чатырохузроўневы. Гэта ўжо нейкае вырашэньне праблемы. На той жа Камароўцы зручна на ноч машыну пакінуць у паркінгу, нядорага атрымліваецца, тысячы 3-4 заплаціш за ноч. Хтосьці ставіць, хтосьці — не”.

Як расказаў на прэс-канфэрэнцыі галоўны інжынэр прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Пётар Пруднікаў, будаваць паркінгі дорага. Паводле ўжо гатовых праектаў кошт аднаго месца ў паркінгу перавышае 15 тысяч даляраў. За тры апошнія гады больш чым на тысячу даляраў узрасла цана на адкрытых стаянках — да 3 тысяч даляраў за месца. Пруднікаў паабяцаў, што гарадзкія ўлады перагледзяць цэны на парковачныя месцы.

Былы кіраўнік зьліквідаванай Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч лічыць, што кіроўцы паркуюцца па дварах ды часткова на ходніках, бо на стаянцы задорага. Маўляў, пакінуць машыну на стаянцы, ня кожная зь якіх ахоўваецца, каштуе ўдвая даражэй, чым у ЗША:

“Увогуле гэта абдзіралаўка. У ніводнай краіне сьвету ў працэнтных адносінах да заробку такога няма. У Нью-Ёрку паркоўка 50 цэнтаў — 1 даляр. Але там, прабачце, меней за 7 даляраў на гадзіну ніхто не зарабляе, чалавек такія выдаткі можа сабе дазволіць. А калі ўзяць нашы суадносіны паміж заробкам і платай за стаянку, то гэта проста жах! Чаго чакаць? Проста ніхто плаціць ня будзе, будуць уцякаць.

Чуў, што намагаюцца ледзьве не крымінальную адказнасьць увесьці за неаплачаны выезд са стаянкі. Вы разумееце, чым гэта пагражае? Людзі пасылаюць іх куды далей. Чаму я павінен, пад'ехаўшы да крамы, плаціць за машыну? У кошт тавару ўжо ўсё ўключана — падатак на даданую вартасьць, іншыя зборы. Гэта ўжо нейкі звышпадатак”.

Элітныя паркоўкі: пабудавалі і забыліся?

Пра зручнасьць паркінгаў у Менску гаворыць і прадстаўнік Дзяржаўтаінспэкцыі Юры Красноў:
Узяць, дапусьцім, плошчу Незалежнасьці. Пабудавалі паркінг, а туды ніхто ня езьдзіць, бо гэта нязручна.


“Узяць тую ж Камароўку. Там тры сучасныя паркінгі, але ўсе шчэмяцца ў двары, каб не плаціць грошы за стаянку. Бо насамрэч зручных стаянак фактычна няма. На той жа Камароўцы паркінг зручны: выйшаў — і адразу трапіў на рынак. А ўзяць, дапусьцім, плошчу Незалежнасьці. Пабудавалі паркінг, а туды ніхто ня езьдзіць, бо гэта нязручна. Бо калі табе трэба на вуліцу Карла Маркса, а ты паставіў машыну на Незалежнасьці, то як на Маркса дабярэсься? Дый з таго паркінгу людзі скардзяцца, што туды заехаць — доўга, выехаць — доўга. І яшчэ колькі часу патраціш, каб дабрацца да патрэбнай вуліцы ў цэнтры гораду. А яшчэ і грошы за паркінг заплаці”.

Раней інваліды, вэтэраны вайны і працы карысталіся льготамі — плацілі палову ці ўвогуле вызваляліся ад платы за паркоўку. Але сёлета, кажа праваабаронца, удзельнік вайны ў Аўганістане Алег Воўчак, паводле рашэньня дэпутатаў Менгарсавету такая льгота скасаваная:

“Мы напісалі ў Менскі гарсавет, а таксама ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое ў тэорыі павінна абараняць нашы правы. Раней на паркоўках у аўганцаў праблемаў не было, было бясплатна. Але Менгарсавет вырашыў пайсьці наперад, напрыканцы году прыняў рашэньне пра тое, што аўганцы не падпадаюць пад бясплатную паркоўку. Я пытаюся: на якой падставе? Мне адказваюць: на падставе закону. Але ў законе ніяк не прапісана, што нас нібыта пазбаўляюць вось гэтай ільготы. То бок Менскі гарадзкі савет перавысіў свае паўнамоцтвы і абмежаваў нас у нашых правах. Таму будзем спадзявацца, што абаронім сябе па паркоўках. Бо ёсьць розныя аўганцы, з рознымі хваробамі. Нават калі немясцовыя прыедуць, па некалькі разоў прыпаркуюцца, то гэта выліваецца ў немалыя грошы”.

У некаторых эўрапейскіх краіна праблему паркоўкі вырашаюць будаўніцтвам вялікіх пляцовак на канцавых станцыях мэтро, дзе кіроўца пакідае машыну на стаянцы і далей едзе падземкай, каб не перагружаць дарогі гораду. На пад’ездах да канцавых станцыяў менскага мэтро парковак пакуль няма.
XS
SM
MD
LG