Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты: “Ю.Захаранку нельга забываць”


Сёньня землякі Юр’я Захаранкі, актывісты грамадзкага руху выказваюць свае меркаваньні пра лёс гэтага вядомага палітыка, які зьнік дзевяць гадоў таму.


Гаворыць Уладзімер Кацора, кіраўнік рэгіянальнага аргкамітэту па стварэньні руху “За свабоду”:

“Ня толькі таму, што Юры Захаранка наш зямляк, я да яго фігуры стаўлюся станоўча. Некалькі разоў я быў у ягонай маці, ёй спачуваю. Абставіны зьнікненьня Захаранкі вядомыя — пра тое пісала незалежная прэса. У мяне няма падставаў гэтаму ня верыць. Хто вінаваты ў зьнікненьні, таксама вядома. І пакуль гэтыя людзі пры ўладзе, афіцыйна ня будзе раскрыта таямніца зьнікненьня Юр’я Захаранкі ды іншых палітыкаў. Калі ўлада зьменіцца, мы, падкрэсьліваю, афіцыйна даведаемся, як гэта ўсё было”.

Прадстаўніца стваранай Партыі працоўных Марына Сьмяглікава лічыць, што землякі павінны больш настойліва дамагацца дасьледаваньня спраў, зьвязаных зь лёсам Захаранкі:

“Захаранка быў вельмі прыкметнай фігурай, займаў пост міністра МУС. Ён шмат ведаў пра існуючую ўладу, таму так трагічна склаўся ягоны лёс. Гамельчукі, землякі Юр’я Захаранкі не павінны быць абыякавымі да ягонага лёсу, павінны турбаваць уладу. Мы хочам ведаць праўду!”

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка зьвяртае ўвагу на тое, што падазроныя ў справе зьнікненьня Захаранкі названыя ў друку:

“Усе падазроныя ў справе зьнікненьня Юр’я Захаранкі дэталёва апісаныя ў кнізе Алкаева. Улічваючы тое, што згаданыя асобы займаюць высокія дзяржаўныя пасады, дасьледаваць цяпер гэтую крымінальную справу немагчыма. Лічу, што да гэтай справы больш актыўна павінна падключыцца міжнародная супольнасьць. Беларуская грамадзкасьць ня ў поўнай меры ўяўляе, якую пагрозу нясе зьнікненьне людзей у Беларусі”.

Такіх палітыкаў, як Захаранка, забываць нельга, кажа актывістка АГП Зінаіда Шуміліна:

“Нельга забываць такіх людзей, як Захаранка ды іншыя зьніклыя палітыкі. Найвялікшымі каштоўнасьцямі яны лічылі свабоду чалавека, свабоду слова — усе тыя каштоўнасьці, якія гарантаваныя нам Канстытуцыяй”.

Некаторыя гамельчукі мяркуюць, што Юр’ю Захаранку трэба паставіць помнік у абласным цэнтры:

“Я лічу, што помнік у Гомелі трэба паставіць Юр’ю Захаранку, былому міністру ўнутраных спраў, дэмакрату, ураджэнцу Гомельскай вобласьці”.
XS
SM
MD
LG