Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз выказаў салідарнасьць з дыпляматамі ЗША


Эўразьвяз заклікаў Беларусь перагледзець рашэньне аб высылцы амэрыканскіх дыпляматаў. Эўрапейскія палітыкі лічаць, што дэмакратычны сьвет мусіць мець адзіную пазыцыю.


Славенія, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, назвала абвяшчэньне Беларусьсю пэрсонамі нон-грата і высылку 10 амэрыканскіх дыпляматаў “неправамернай і шкоднай для інтарэсаў народу Беларусі”.

Старшынства Эўразьвязу выказала салідарнасьць са Злучанымі Штатамі і іх дыпляматычнай службай.

Ад імя Эўразьвязу Славенія заклікала ўлады Беларусі перагледзець гэтае рашэньне і зрабіць тэрміновыя крокі, якія дазволілі б нармалізаваць адносіны паміж Беларусьсю і ЗША на базе узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

В. Ландсбергіс: Беларусь правакуе Злучаныя Штаты

Былы кіраўнік Літоўскай дзяржавы Вітаўтас Ландсбергіс мяркуе, што ў выпадку разрыву дыпляматычных адносін Беларусі і ЗША апошнія могуць разьлічваць на дыпляматаў краін Эўразьвязу як на прадстаўнікоў іх інтарэсаў у Менску:

“Гэта магчыма, гэта быў бы нармальны адказ. Калі Беларусь ня хоча нармальных адносін, тады іх можа й ня быць. Пакуль не адумаюцца”.

Вітаўтас Ландсбергіс выказаў сумнеў наконт неабходнасьці далучэньня Эўразьвязу да санкцыяў ЗША адносна Беларусі:

“Дзеяньні беларускіх уладаў накіраваныя на тое, каб выклікаць адказ Захаду і праводзіць прапагандысцкую вайну на тэму: вось які захад кепскі. З гэтым неяк іначай трэба было б спраўляцца”.

На думку Вітаўтаса Ландсбергіса, у сваіх дзеяньнях супраць дыпляматаў ЗША Беларусь ідзе ў фарватэры Масквы, якая нядаўна зрабіла недружалюбныя крокі на адрас Вялікабрытаніі, закрыўшы яе культурныя прадстаўніцтвы ў Расеі. А цяпер Беларусь правакуе Злучаныя Штаты.

“Думаю, што адказнасьць ляжыць і ў Маскве, і за дзеяньні Беларусі, яна несамастойная краіна. Калі б Крэмль загадаў не рабіць гэтага, яны б не рабілі. А Крамлю зручна ўдарыць па ЗША яшчэ рукамі Лукашэнкі”.

А. Хэркель: “Такімі высылкамі абвяшчаюць дыпляматычную вайну”

Эстонскі парлямэнтарый, былы старшыня падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэас Хэркель перакананы, што ў такіх выпадках дэмакратычны сьвет абавязаны мець адзіную пазыцыю, і добра, што цяпер Эўразьвяз выказвае сваю салідарнасьць з амэрыканскімі дыпляматамі:

“Такімі высылкамі звычайна абвяшчаюць дыпляматычную вайну. І тут Захад павінен быць адзіным”.

Андрэас Хэркель мяркуе, што з дадатковымі санкцыямі супраць Беларусі ЗША і Эўразьвязу трэба быць асьцярожнымі:

“Санкцыі заўсёды павінны быць скіраваныя супраць рэжыму і тых людзей, якія зьяўляюцца актыўнымі дзеячамі гэтага рэжыму. Але яны ня могуць пагаршаць становішча простых людзей у Беларусі”.

Тым не меней спадар Хэркель лічыць, што перамовы ЗША і Эўразьвязу наконт пашырэньня санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва магчымыя.

Г. Грабоўска: “Аднавіць нармальныя дачыненьні будзе нашмат цяжэй”

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Гэнавэфа Грабоўска зазначае, што Славенія, выказаўшы салідарнасьць з амэрыканскімі дыпляматамі выказала пазыцыю ўсіх дзяржаваў Эўразьвязу, якія не зьяўляюцца нэўтральнымі назіральнікамі ў гэтым канфлікце паміж ЗША і Беларусьсю. У Эўразьвязе перакананыя, што такая практыка ня служыць наладжваньню нармальных адносін. У дыпляматычнай практыцы здараюцца высылкі супрацоўнікаў амбасадаў, але ніколі гэта ня робіцца ў масавым парадку, каб дэзарганізаваць працу дыпмісіі:

“І гэта таксама будзе скіравана перш за ўсё супраць грамадзянаў Беларусі, бо дыпляматычная місія наладжвае кантакты не толькі з урадам, але і грамадзянамі краіны. Таму вельмі кепска, што гэтае выдаленьне дыпляматаў прыняло такі вялікі памер”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Гэнавэфа Грабоўска мяркуе, што праз нейкі час Беларусь будзе вымушаная вярнуцца да нармальных адносін са Злучанымі Штатамі.

“Але тады гэта будзе нашмат цяжэй усё гэта аднавіць. І ад гэтага нікуды не падзецца, бо ў цяперашнім сьвеце розным краінам трэба супрацоўнічаць. Ня можа быць, каб блякада і ізаляцыя Беларусі працягвалася безупынна. Улады Беларусі павінны зразумець, што ня той дарогай ідуць”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG