Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца на Ўсходніх могілках <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


На Ўсходніх могілках Менску сёньня было багата людзей. Яны прыбіралі магілы родных, наводзілі парадак. Асаблівая ўвага — да магілаў выбітных беларусаў, якія пакінулі адметны сьлед у гісторыі краіны. Сёньня на могілках пабываў наш карэспандэнт.

За паўтары гадзіны, якія я правёў тут, заўважыў — найчасьцей людзі спыняліся ля магілы народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Студэнт, які назваўся Дзімам, прыйшоў, каб схіліць галаву перад чалавекам, якога ён лічыць гонарам беларускай нацыі:

“Васіль Быкаў шмат значыць для нашай Радзімы, ён шмат чаго зрабіў для Рэспублікі Беларусь. Але ўлады не далі яму памерці на Радзіме. Не, я нічога ня блытаю, я ведаю, што ён памёр тут. Але наша ўлада не дала яму магчымасьці спакойна адысьці на той сьвет на Радзіме.

Вельмі крыўдна, што рэшту свайго жыцьця ён вымушаны быў правесьці за мяжой. Таму што ўлады зрабілі яго выгнаньнікам. А гэта ж быў велізарны пісьменьнік, творы якога перачытваюцца і перакладзеныя на самыя розныя мовы”.

Муж і жонка — Зьміцер і Ларыса падышлі да магілы Васіля Быкава зь белымі нарцысамі. Частку кветак яны ўскладаюць на магілу пісьменьніка. Зьміцер тлумачыць: найперш яны заўжды пакідаюць кветкі менавіта тут:

“Быкаў — гэта сумленьне Беларусі. І хоць улады яго прынізілі, але гэта нічога. Ён застанецца на вякі ў памяці, як чалавек, які перажываў за ўсіх беларусаў, за ўсю нацыю.

Мяне завуць Зьміцер, а жонка — Ларыса. Яна, дарэчы, казашка. Яна мову добра ведае, вучылася тут у інстытуце”.

Ларыса: “Усё сьвядомае жыцьцё пражыла тут. І мову ведаем, і любім яе. І Быкава памятаем. Штогод прыходзім да яго. І на пахаваньні былі”.

Сёньня людзі затрымліваліся ля магілаў многіх вядомых асобаў Беларусі, якія пахаваны тут: намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Генадзя Карпенкі, старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгія Таразевіча, палітыка, які пачаў адраджэньне беларускай сацыял-дэмакратыі Міхася Ткачова, пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, журналіста Ігара Герменчука ды многіх іншых.

Валер Костка, былы памочнік Генадзя Карпенкі, сёньня адзначае:

“Шкада, што зь цягам часу пакрысе забываюцца і некаторыя імёны, і тыя добрыя справы, якія гэтыя людзі рабілі. І трэба нешта зрабіць, каб памяталі выдатных сыноў Беларусі. Яны паклалі ў скарбонку будучыні Беларусі свае справы, свае думкі, свае надзеі”.

Магіла Васіля Быкава

Магіла Ігара Герменчука

Магіла Генадзя Карпенкі


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG