Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нябожчыкі не пакрыўдзяцца, калі іх памянуць бяз чаркі”


“Як вы ставіцеся да застольляў на могілках – звычайных на Радаўніцу?” На пытаньне адказвалі жыхары Магілёва.


Спадарыня: “Дужа адмоўна. Памяць пра нябожчыкаў трэба захоўваць ня тым, што трэба абавязкова выпіць ды закусіць, а ў душы. Шанаваць іх трэба кветкамі ды вянкамі. Дома трэба накрыць стол, за якім памянуць тых, каго не пасьпелі адведаць у гэты дзень”.

Спадар: “Адмоўна, не, ня можна. Аднак гэты звычай ня намі прыдуманы, таму гэта ўсё паўтараецца. Як заведзена, тры разы выпіў і пайшоў, і ўсё”.

Спадарыня: “Я асабіста не выпіваю на могілках і ня бачу ў гэтым ніякага сэнсу. Проста гэта дужа непрыгожа. Прыйшоўшы на могілкі да сваіх родных ды блізкіх, трэба аддаць даніну павагі, каб яны ў спакоі і міры... Каб усё было прыгожа. А гэта... нап’юцца людзі, потым такое сьвінства твораць, што нікуды ня варта”.

Спадар: “Я не вітаю гэтага. Традыцыя традыцыяй, аднак цьвярозасьці думкі гэта не надае. Памяць — яна й ёсьць памяць. Я думаю, што нябожчыкі не пакрыўдзяцца, калі іх памянуць бяз чаркі”.

Спадар: “Гэтага ў нашай сям’і не заведзена. Дамоў прыходзь і, калі ласка, рабі што хочаш. На могілках... у нас гэтага няма. Прыйшлі, пастаялі. Сьвечкі папалілі, кветкі паклалі й сышлі”.

Спадарыня: “Нельга напівацца. Гэта ідуць продкаў адведваць. Піць на могілках мы ня будзем. Адведаем, кветкі паставім, і ўсё”.

Спадар: “У нашага народа няма культуры піцьця сьпіртовых напояў, адпаведна й меры. Спачатку памінаюць, а потым увечары пачынаюць танцы на могілках. Таму я, канечне, стаўлюся да гэтага адмоўна”.

Спадарыня: “Я лічу, гэта непавага да памяці нашых продкаў. Трэба прыйсьці, пакласьці кветкі на магілку й ушанаваць у думках. Пабыць з імі хаця б некалькі хвілінаў”.

Спадар сталага веку: “Паводле старога звычаю, як кажуць, гэта было. Нібыта гэта й добра — згадаць сваіх продкаў. А з другога боку, тое, што пакідаюць там, ходзяць і зьбіраюць выпівохі, — дрэнна. Нельга піць на могілках”.

Спадар: “На могілках звычайна не выпіваюць. Можна выпіць дома за сталом і гэтак далей. Самае галоўнае — гэта наведваньне нябожчыка. Прыйсьці, пастаяць. Памянуць можна па-рознаму”.
XS
SM
MD
LG