Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мае бацькі болей баяліся “лясных хлопцаў,” чым немцаў”


Агляд званкоў за 5 траўня.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

5 траўня Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур у інтэрвію “Свабодзе” заявіў: нават пасьля таго, як краіну пакінулі 11 амэрыканскіх дыпляматаў, амбасада зможа прадстаўляць інтарэсы і палітыку ЗША ў Беларусі. Спадар Мур нагадаў, што за гады незалежнасьці Беларусі ЗША паставілі дабрачыннай дапамогі на 270 мільёнаў даляраў. Беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі слухачоў “Свабоды”:

Спадар: “Гляджу я на дыпляматычны канфлікт і дзіву даюся. Нешта мне не па сабе ад усяго гэтага. Падобна да баданьня цяляці з дубам. Нібыта на дыпляматычны баксёрскі рынг супраць Майка Тайсана выпусьцілі Косьцю Цзю”.

Спадар Цярэшка: “Неаднаразова чуў, як расейскія палітыкі-ўладары плянуюць ці патрабуюць, каб уся нафта перапрацоўвалася на расейскай тэрыторыі. Гэта значыць, што Мазырскі і Наваполацкі НПЗ будуць атрымліваць нафту толькі тады, калі стануць уласнасьцю Расеі. Да таго ж трэба ўлічваць, што нафта ў Расеі можа скончыцца амаль раптам, так, як разваліўся Савецкі Саюз. Таму санкцыі супраць Белнафтахіму — гэта ня толькі дапамога беларусам у пляне дэмакратызацыі і правоў чалавека, але і рэальная ацэнка эканамічнага становішча без расейскай “цыцкі”.

4 траўня ў эфіры беларускай тэлевізіі начальнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў і інфармацыі КДБ Беларусі Валер Надтачаеў заявіў, што КДБ нібыта спыніў дзейнасьць шпіёнскай сеткі, якой кіраваў супрацоўнік амбасады ЗША ў Беларусі Курт Фінлі. Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў, што абвінавачаньні беларускім бокам амбасады ЗША ў шпіянажы зьяўляюцца "ілжывымі і беспадстаўнымі і ўяўляюць сабой слабое апраўданьне для скарачэньня нашага пэрсаналу". Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Зіноўеў: “Тое, што амэрыканскі аташэ завэрбаваў сваіх жа, думаю, КДБ узяло з жарту Жванецкага “Я здрадзіў каханцы з жонкай”.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар: “Чаму апазыцыі не арганізаваць страйкі працаўнікоў аховы здароўя і адукацыі з мэтай барацьбы за павышэньне заробкаў?”

Адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Апазыцыя ня можа арганізаваць страйкі за работнікаў сфэры аховы здароўя. Апазыцыя можа толькі падтрымаць дзеяньні гэтых работнікаў у абарону сваіх інтарэсаў. Таму спадзявацца, што апазыцыя вырашыць пытаньні за людзей, пакуль яны будуць сядзець у хатах і чакаць, — гэта ня спраўдзіцца”.

Сёлета споўнілася 65 гадоў трагедыі ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну. Там у Другую ўсясьветную вайну партызаны расстралялі мірных жыхароў. 19 красавіка ля вёскі ўсталявалі вялікі крыж. Праз чатыры дні яго выкапалі і зьвезьлі невядома куды. Слова — слухачам “Свабоды”.

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я хачу расказаць праўду пра партызанаў. Нябожчыца маці казала, што днём жыхары вёскі Залужжа немцаў баяліся, а ноччу баяліся партызанаў. А яшчэ яна казала нам, дзецям, што Дражна спалілі партызаны. Калі я пабывала на радзіме ў Дражна на Радаўніцу, мы даведаліся праўду пра крыж, які быў усталяваны ў Дражна. Ён быў з надпісам, што Дражна спалілі партызаны. За гэты надпіс зьнялі крыж і зьнялі старшыню сельсавета, які дапусьціў усталяваньне гэтага крыжа. Вось такая праўда і пра Дражна, і пра партызанаў, якую многія ня ведаюць”.

Спадар Курневіч, Барысаў: “Пра трагедыю ў вёсцы Дражна. Мае бацькі і радня па Барысаўшчыне болей баяліся “лясных хлопцаў,” чым немцаў. Хлопцы чысьцілі ўсё: і валёнкі, і кажухі, асабліва шукалі самагон. Калі не было чым пажывіцца, ад злосьці палілі хлеў. У дзядзькі ў вёсцы Хліцанава абклалі гальлём хату, каб спаліць. Пашанцавала — хлопцы пашкадавалі дэфіцытных запалак. Калі я працаваў у райвыканкаме, па заданьні разглядаў заяву. Заяўнікі хацелі быць сем'ямі бацькоў загінуўшых ад рук немцаў. Пры допыце сьведак высьветлілася, што жыхары вёскі Грымін самі прасілі нямецкую ўладу абараніць іх ад рабаўніцтва і разгулу лясных хлопцаў. Вось такое бывае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG