Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Мінску ў той час налічвалася ўсяго 20 радыёпрыёмнікаў...”


Пра што пісалі беларускія газэты 6 траўня ў розныя гады мінулага.


“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе друкуе пастанову Менгарсавету “Аб вэлёсыпэдным руху”: “1. Дапусьціць да язды на вэлёсыпэдах па вуліцах і пляцох гораду Менску толькі асоб, якія ўмеюць езьдзіць. 2. Усім уласьнікам вэлёсыпэдаў, не пазьней 15 мая, набыць у Акрфінаддзеле нумарныя знакі (бляшкі), якія дазваляюць язду па гораду на вэлёсыпэдзе на тэрмін, адзначаны на іх... Абавязаць: д) мець зусім спраўны руль; е) мець ня менш аднаго спраўнага тормазу; ж) пры язьдзе ў начныя гадзіны запальваць ліхтар сілаю ня менш 10 сьвячэй”.

“Вячэрні Мінск” у 1968 годзе адзначае: “Той дзень, калі ўпершыню прагучала ў эфіры перадача на беларускай мове, і стаў днём нараджэння беларускага радыё. Праўда, у Мінску ў той час налічвалася ўсяго 20 радыёпрыёмнікаў і прыкладна 400 радыёкропак. Цяпер жа ў рэспубліцы больш як 1.600 тысяч радыёкропак, каля мільёна прыёмнікаў і амаль 600 тысяч тэлевізараў. Ужо шмат гадоў запар рабочы дзень рэспубліканскага радыё пачынаецца з Дзяржаўнага гімна БССР”.

* Са старонак таго ж “Вечернего Минска”, але ў 1988 годзе, кампазытар Пётар Альхімовіч заяўляе: “Хутка паўстагоддзя, як мы, беларускія кампазытары, амаль не даем прадукцыі, якая б зацікавіла ўсю краіну (ня лічачы песень І.Лучанка, Э.Ханка)... Нашу музыку ня йграюць, і справа ня столькі ў няўмелай прапагандзе, колькі ў яе адставаньні ад узроўню сусьветнага музычнага прагрэсу, у інтэлектуальным, творчым здранцьвеньні, закладзеным у сыстэме навучаньня кампазытара ў Беларусі, у ігнараваньні досьведу найбуйнейшых музычных цэнтраў краіны... Прычына і ў нашай ляноце, узаемнай пахвальбе”.
XS
SM
MD
LG