Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На чэмпіянаце сьвету ў хакеі сёньня зборная Беларусі праводзіць свой другі матч, гэтым разам супраць зборнай Швайцарыі, які шмат у чым стане вырашальным.


Два дні таму ў сваім першым матчы каманда Беларусі апошніх хвілінах прайграла швэдам зь лікам 5:6. Па ходу гульні беларусы двойчы выйгравалі. Ці ёсьць шанцы на пасьпяховы выступ выхаванцаў амэрыканскага трэнэра Курта Фрэйзэра? На гэтае пытаньне ў матэрыяле Ігара Карнея адказваюць спартовыя спэцыялісты.

А.Варывончык: “Няма ачкоў – няма пра што гаварыць”

Спартовыя аглядальнікі прагназуюць ня самы складаны шлях зборнай Беларусі ў групе, дзе, апроч беларусаў, гуляюць яшчэ каманды Швэцыі, Швайцарыі і Францыі. Аптымізм грунтуецца на першай сустрэчы са швэдамі, калі выхаванцы галоўнага трэнэра Курта Фрэйзэра толькі на заключных хвілінах сустрэчы ня здолелі ўтрымаць перамогу і прапусьцілі дзьве шайбы. У выніку ў матчы са швэдамі – параза зь лікам 5:6. Беларусам не ўдалося паўтарыць свой подзьвіг узору 2002 году, калі на Алімпіядзе ў Турыне яны перамаглі швэдзкую зборную зь лікам 4:3.

Былы галоўны трэнэр зборнай Беларусі Анатоль Варывончык, які зараз працуе з гарадзенскім “Нёманам”, крытычна ацэньвае вынік апошняга матчу нацыянальнай зборнай.

“Я быў у Турэччыне, езьдзілі з камандай на аднаўленчы збор і, шчыра кажучы, нават ня бачыў ніводнай гульні. А што да ліку, то каб тры ачкі пасьля той гульні стала, дык можа было б лічыць, што старт добры. А так які ён добры? Бо 5:6, 1:6, 0:6 – якая розьніца? У выніку ж усё роўна нуль ачкоў. Няхай сёньня накідаюць шайбаў і пасьлязаўтра, тады будзем рабіць высновы. А то пакуль размоваў больш, чым выніку”.

Гульня зборнай, паводле Анатоля Варывончыка, можа ўзмацніцца. Пасьля таго, як клюбы Нацыянальнай хакейнай лігі “Манрэаль” і “Каларада” завяршылі спаборніцтва за Кубкак Стэнлі, да беларусаў далучацца Руслан Салей, Міхаіл Грабоўскі, а таксама браты Касьціцыны.

Касьцяк цяперашняй беларускай каманды складаюць гульцы, большая частка якіх гуляе ў расейскіх клюбах. У амэрыканска-канадзкай Нацыянальнай хакейнай лізе – чатыры беларускія спартоўцы. У першынстве Беларусі гуляюць усяго 10 камандаў, а дзіцячыя хакейныя школы ёсьць нават не ўва ўсіх абласных цэнтрах.

Затое Наваполацкая школа хакею падрыхтавала для НХЛ братоў Касьціцыных – 23-гадовага Андрэя і 21-гадовага Сяргея. Літаральна днямі мясцовая каманда “Хімік-СКА” атрымала матэрыяльную падзяку ад канадзкага клюбу “Манрэаль”: 200 тысяч даляраў “Манрэаль” перавёў на рахунак наваполацкага клюбу ў якасьці падзякі за выхаваньне Касьціцыных. Андрэй і Сяргей лічацца аднымі зь лепшых бамбардыраў НХЛ.

К.Фрэйзэр: “Мая сям'я перажывае за Беларусь”

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі, амэрыканец Курт Фрэйзэр, летась зьмяніў на гэтай пасадзе канадца Глэна Хэнлана. Перад ад'ездам у Канаду ў часе сустрэчы з журналістамі Фрэйзэр сказаў, што нават ягоная сям'я будзе перажываць за беларускую зборную:

“Сям'я паставілася ня толькі з разуменьнем, а нават зь вялікай доляй захапленьня ў тым сэнсе, што выдалася магчымасьць папрацаваць у Беларусі. Я шмат разоў размаўляў з Гленам Хэнланам, і ён таксама зь вялікай прыязнасьцю ставіцца да вашай краіны. Ён шмат расказваў пра асобных хакеістаў і пра каманду, і гэтыя падказкі вельмі дапамагаюць у працы.

Дарэчы, усе мае тры сыны таксама займаюцца хакеем, наведваюць хакейную школу ў Сэнт-Луісе. Яны з энтузіязмам малююць нейкія малюнкі пра Беларусь і з захапленьнем расказваюць сябрам, дзе працуе іх бацька. Ёсьць спэцыяльныя відэагульні, гэткія прыстаўкі да кампутара, дык яны віртуальна гуляюць за зборную Беларусі”.

Старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею, міністар унутраных справаў Ўладзімер Навумаў лічыць, што беларускі хакей хоць і робіць адчувальныя посьпехі на ўсясьветнай арэне, але калі будзе варыцца ўва ўласным соку, то належнага ўзроўню дасягнуць наўрад ці рэальна. Таму, кажа Навумаў, ён выступае за тое, каб хоць адзін беларускі клюб ўвайшоў у расейскую супэрлігу, дзе маглі б рыхтавацца хакеісты міжнароднага ўзроўню:

“Плянуем, што будуць створаныя лепшыя ўмовы для разьвіцьця хакею з будаўніцтвам “Менск-Арэны”. Таксама мяркуем, што 1-2 беларускія клюбы аб'яднаюць свае намаганьні фінансавыя, людзкія і ўвойдуць у нейкую лігу больш высокага ўзроўню.

Пакуль не магу сказаць, будзе гэта расейская супэрліга, ці будзе да таго часу створаны нейкі чэмпіянат, але ў інтарэсах і зборнай каманды, і ўсяго беларускага хакею, каб якісьці клюб выходзіў на больш высокі ўзровень, каб у нашых гульцоў была магчымасьць гуляць на значна вышэйшым узроўні. Таму будзем абмяркоўваць з Фэдэрацыяй хакею Расеі наш удзел ня ў якасьці легіянэраў, а будзем намагацца атрымаць квоту, каб 15-20 беларускіх хакеістаў маглі гуляць у расейскай супэрлізе, ня лічачыся легіянэрамі. І плянуем, што беларускі клюб увойдзе ў супэрлігу.

Мы разумеем намаганьні асобных кіраўнікоў ствараць нейкія лігі. Але пры гэтым трэба ўлічваць інтарэсы клюбаў. Яны могуць не супадаць. Таму досыць складана камэнтаваць любыя прапановы, якія гучаць на працягу ўжо доўгага часу, але ніяк не рэалізуюцца”.

У.Беражкоў: “Пытаньне са спартовага перайшло ў палітычнае”

У гонар 100-гадовага юбілею Міжнароднай фэдэрацыі хакею ўдзельнікі сёлетняга хакейнага чэмпіянату сьвету адзін з матчаў згуляюць у “рэтра-форме”. Тым самым нацыянальныя фэдэрацыі адзначаць найбольш значную для разьвіцьця хакею старонку ў сваёй гісторыі.

Ад такой ідэі адмовілася толькі зборная Беларусі, якая на пачатку 1990-х на форме мела выяву гістарычнага сымбалю – “Пагоню”. У афіцыйным тлумачэньні Фэдэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь гаворыцца пра немагчымасьць такога кроку – маўляў, да атрыманьня незалежнасьці ў 1991 годзе Беларусь не выступала самастойнай камандай.

Першай у “рэтра” на лёд у Галіфаксе выйшла зборная Латвіі. Латышы абралі варыянт формы, у якой гулялі перад савецкай акупацыяй на Алімпіядзе 1936 году. 7 траўня ў матчы супраць беларусаў швэдры з выявай пеўня апрануць французы – гэта форма 1968 году, у якой яны стартавалі падчас хатняй Алімпіяды ў Грэноблі. Сярод 16 мацнейшых зборных плянэты толькі беларусы не знайшлі магчымасьці ўзгадаць, у якіх строях яны пачалі шлях да хакейнай эліты.

Днямі ў інтэрвію Радыё Свабода віцэ-прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі хакею ў 1993-2001 гадах Уладзімер Беражкоў згадваў, што пачынаўся той шлях у 1995 годзе ў форме з гербам «Пагоня». І хоць хакейная гісторыя Беларусі не такая працяглая, але ў “рэтра-форме” каманду пабачыць было б цікава:

“Зразумела, што гэтае пытаньне такое сьлізкае. Я нават сказаў бы, што яно больш палітычнае, чым спартовае. Бо тады гэта быў дзяржаўны герб краіны, які красаваўся на швэдрах гульцоў зборнай... У рэтра-форме СССР 1956 году гуляе зборная Расеі. Канадцы абралі форму, у якой яны ў 1972 годзе Кубак Канады выйгралі. Латышы 1936 году ўзялі форму.

У нас зборная маладая, пачынала ў 1993 годзе, можна было б і тую форму лічыць рэтра. Але я пачытаў камэнтар Фэдэрацыі хакею, яны аргумэнтуюць, што ў іх гэтая форма не захавалася. Можа і так, бо ў асноўным тады былі пераможныя турніры, а ўмовы былі такія, што калі каманда перамагае, то майкі раздаём хакеістам. То бок, яны ў прыватных калекцыях. Я дакладна ведаю, што камплекта формы няма. А каб вырабіць гэтую форму, дык гэта пытаньне да фэдэрацыі”.

Уладзімер Беражкоў дадае: пад “Пагоняй” зборная Беларусі перамагла на трох міжнародных турнірах, у тым ліку трапіла зь ніжэйшай групы “С” у больш моцны дывізіён “В”. У групе “В” у 1996 годзе зборную пераапранулі ў форму з надпісам на лацініцы “Belarus”. У новым тысячагодзьдзі беларусы пачалі гуляць у швэдрах зь цяперашнім афіцыйным дзяржаўным гербам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG