Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў сталіцы помнік Глебу Менскаму?


“Каму зь вялікіх беларусаў варта паставіць помнікі на плошчах і вуліцах краіны?” З гэтым пытаньнем напярэдадні Радуніцы наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да некаторых вядомых у Беларусі асобаў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа, што найперш трэба адзначыць дзеячаў сярэднявечча:

“Напрыклад, у Менску — абавязкова Глеба Менскага. Гэты помнік патрэбны без пытаньняў. Гэта князь, які заснаваў уласную дынастыю, які пачаў будаваць першы каменны храм. Тым больш, што яго продку Ўсяславу Чарадзею ўжо ў Полацку помнік стаіць. Вядома, трэба мець помнік Льву Сапегу. Улады Слоніма паабяцалі сёлета паставіць такі помнік. Вось і праверым іхныя абяцаньні. І будзем спадзявацца, што помнік будзе.

Ну, а зь дзеячаў XX стагодзьдзя таксама ёсьць шмат выбітных людзей. Я б паставіў помнік Францішку Багушэвічу абавязкова ў Менску. Тым больш, што плошча ў яго гонар ужо ёсьць. Там і помнік можна паставіць. Абавязкова патрэбны помнік і братам Луцкевічам. Тым больш, што мы дамагліся, што такая вуліца будзе ў Менску”.

Галоўны рэжысэр Купалаўскага тэатру Валер Раеўскі вылучае драматурга Андрэя Макаёнка і актрысу Стэфанію Станюту:

“Тое, што я адчуваў, з кім сябраваў. Ёсьць такі чалавек. Праўда, ён такі, так бы мовіць, ня помнікавы. Гэта — Андрэй Макаёнак. І Стэфаніі Станюце можна помнік ставіць. Яна як сьвятая стала напрыканцы гадоў сваіх. Ад імя грамадзтва, ад імя гледачоў, ад імя ўсіх-усіх, з кім яна сустракалася.

Макаёнак і Станюта. Гэта людзі, якія перайшлі Рубікон. І яны ўжо не залежаць ні ад кога, ад меркаваньня ніякага чалавека”.

Пісьменьнік Сяргей Законьнікаў лічыць: помнікаў у краіне павінна быць шмат:

“Я, канечне, паставіў бы помнікі ўсім знакавым асобам, якія паўплывалі на разьвіцьцё нашай нацыянальнай сьвядомасьці, нашай дзяржаўнасьці. Плюс трэба аддаць належнае нашым пісьменьнікам. Я маю на ўвазе тых, якія працавалі падчас беларускага Рэнэсансу: і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, і Францішка Багушэвіча.

Ну і потым, акрамя таго, што пастаўлены помнікі Купалу, Коласу, Максіму Багдановічу (які зараз цягаюць і невядома, дзе ён будзе дакладна стаяць), але ж пара прысьпела паставіць помнікі Васілю Быкаву, Уладзімеру Караткевічу. І не дзе-небудзь, а ў цэнтры сталіцы. Яны гэтага заслугоўваюць”.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч лічыць: варта найперш ушанаваць дзеячаў беларускага сярэднявечча. А сярод беларускіх навукоўцаў ён вызначае былога прэзыдэнта беларускай Акадэміі навук Васіля Купрэвіча:

“Ён вельмі шмат зрабіў. І заслугоўвае помніка. Гэта пры ім Акадэмія навук набыла сучасны выгляд. І пачалося разьвіцьцё навукі. Гэта ён паклаў пачатак.

І, я думаю, яшчэ і іншых навукоўцаў можна знайсьці”.

XS
SM
MD
LG