Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымыя зьмены ў сацыяльнай палітыцы?


Выступаючы перад Нацыянальным сходам, Аляксандар Лукашэнка шмат казаў пра сацыяльную сфэру. Чым гэта можна патлумачыць? Чаму Лукашэнка значнае месца свайго пасланьня прысьвяціў тлумачэньню адмены льгот?


Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў і эканаміст Міхась Залескі.


Чаму пасланьне пачынаецца з сацыяльнай сфэры?

Валер Карбалевіч: “Свае традыцыйныя пасланьні Лукашэнка ня часта пачынае з сацыяльнай палітыкі. У мінулыя гады гэтыя выступы пачыналіся з эканомікі, міжнароднай палітыкі, дзяржаўнага будаўніцтва. Цяпер Лукашэнка пачаў з сацыяльнай сфэры, з праблем здароў’я. Чаму так?”

Аляксандр Сасноў: “Лукашэнка найперш зьвяртае ўвагу на тое, ад чаго залежыць ягоная ўлада. Хоць няшмат людзей публічна выступаюць супраць адмены льготаў, але незадаволенасьць у грамадзтве існуе. Таму і такая ўвага да іх у пасланьні”.

Міхась Залескі: “Што каму рупіць, той пра тое жупіць. Недэмакратычныя лідэры адчуваюць скураю настрой масаў. Лукашэнка адчуў незадаволенасьць людзей папярэднімі рашэньнямі ўладаў у сацыяльнай сфэры. Таму і пачаў прамову з тэмы, якая скіраваная да асноўнай масы электарату, да людзей небагатых, малаадукаваных. Моцна залежных ад дзяржавы”.


Сацыяльныя льготы


Карбалевіч: “Вось сп. Сасноў ужо пачаў гаворку пра сацыяльныя льготы. Сапраўды, шмат увагі ў сваім выступе Лукашэнка аддаў праблеме сацыяльных ільготаў. Здавалася б, праблема адышла ў мінулае, прайшло чатыры месяцы з моманту адмены льготаў — як той казаў, тэму “праехалі”. Сакавіцкае сацыялягічнае апытаньне Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў паказала, што на даверы да кіраўніка дзяржавы гэтая падзея не адбілася, апазыцыі пакуль не ўдалося эфэктыўна скарыстаць гэтую праблему.

І тым ня менш Лукашэнка чамусьці вяртаецца да гэтай тэмы. Нядаўна сваім указам ён часткова вярнуў пэнсіянэрам ільготы на праезд. Падчас паездкі па чарнобыльскіх раёнах кіраўнік дзяржавы апраўдваўся перад людзьмі. І вось у выступе перад Нацыянальным сходам Лукашэнка зноў тлумачыў гэтае свае рашэньне. Чаму так шмат увагі гэтай праблеме?”

Сасноў: “Хоць адмена льготаў не адбілася на рэйтынгу, гэта ня значыць, што людзі засталіся задаволеныя гэтым рашэньнем. Паводле згаданага вамі апытаньня, 75% грамадзян не падтрымліваюць гэтае рашэньне.


Лукашэнка таму гаварыў на гэтую тэму падчас паездкі ў чарнобыльскі рэгіён, што адмена льготаў тычыцца шматлікіх “ліквідатараў”, якія страцілі здароўе, ліквідуючы наступствы аварыі на АЭС. Таму ён імкнецца давесьці, што гэтае рашэньне было правільным.

Хачу нагадаць, што 13 гадоў таму Лукашэнка спрабаваў скасаваць ільготы. Гэта было ў 1995 годзе. Тады ён абвінаваціў Вярхоўны Савет, які ўвёў шмат ільготаў, у тым ліку і для дэпутатаў, і для прэзыдэнта. Але потым ён іх амаль усе вярнуў і нават павялічыў, увёў ільготы для вышэйшых чыноўнікаў. Прычым апошнія ўжо не касаваліся.



Залескі
: “Возьмем толькі адзін аспэкт: ільготы на праезд для пэнсіянэраў. Зь лецішчаў у гарадзкія кватэры гараджане, найперш — пэнсіянэры, перавозяць каля 400 тыс. т прадуктаў у год. Калі льготы ліквідавалі, гэтыя прадукты трэба нечым кампэнсаваць. Аднак большасьць той прадукцыі, якую гадуюць на лецішчах, не выпрацоўваецца ў калгасах і не імпартуецца. Гэта бабы, гарох, вішня, парэчкі і інш. Таму льготы былі часткова адноўленыя”.



Як тлумачыцца адмена льготаў?


Карбалевіч: “Сапраўды, сацыяльная дзяржава ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў Беларусі — гэта перажытак савецкага часу. І пад ціскам эканамічных цяжкасьцяў, росту цэнаў на газ ад яе давядзецца адмаўляцца. Гэты працэс ужо адбываецца. Скасавана большасьць сацыяльных ільготаў. 60% студэнтаў ВНУ вучацца на платнай аснове. Адной з прычынаў адмоўнага стаўленьня ўладаў да пераходу на 12-гадовае навучаньне ў школе дзяржаўныя мэдыі называюць эканомію бюджэтных грошай. Калі сапраўды ўлады плянуюць сур’ёзныя рынкавыя рэформы, то давядзецца дэмантаваць сацыяльную сфэру. У такім разе чаму не растлумачыць насельніцтву неабходнасьць новай палітыкі?

Лукашэнка ж кажа нешта зусім процілеглае. То ён кажа, нібыта скасаваньне сацыяльных ільготаў адбылася па просьбе саміх грамадзян. То ў пасланьні сьцьвярджае, што большасьць выйграла ад упарадкаваньня льготаў. Чым вы патлумачыце такі спэцыфічны піяр гэтай рэформы?”

Сасноў: “Лукашэнка рэагуе на сытуацыю і шукае выйсьця. Пасьля павышэньня Расеяй цэнаў на энэргарэсурсы перад ім узьнікла праблема: як скараціць выдаткі і пры гэтым застацца добрым для насельніцтва? Тым больш напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Сваімі тлумачэньнямі Лукашэнка нацкоўвае адных людзей на другіх. Напярэдадні адмены льготаў не было ніякіх дасьледаваньняў на гэтую тэму”.

Залескі: “Лукашэнку не хапае палітычнай волі, каб ісьці за Эўропай, каб прызнаць беднасьць. Дапамагаць трэба не сацыяльным катэгорыям (калгасьнікам, студэнтам і інш.), а бедным”.

Карбалевіч: “Дык вось якраз цяпер такая палітыка і пачынаецца, яна называецца — адрасная сацыяльная дапамога”.

Залескі: “Трэба замяніць адно слова: замест тэрміна “малазабясьпечаныя” ўжываць слова “бедныя”. У нас пэнсіянэры, калгасьнікі, бібліятэкары і іншыя катэгорыі атрымліваюць менш даходаў, чым патрабуецца чалавеку для жыцьця”.

Сасноў: “Дарэчы, пра ўзровень падтрымкі Лукашэнкі. Калі прасачыць сацыялягічныя апытаньні з пачатку мінулага году, то ягоны рэйтынг зьнізіўся амаль на 10%. Цяпер яго падтрымлівае менш за палову насельніцтва. Вось Лукашэнка і імкнецца зьмяніць гэтую тэндэнцыю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG