Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дражна спалілі партызаны, а не паліцаі”


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 4 траўня.


Сёлета споўнілася 65 гадоў трагедыі ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну. Але да гэтай пары няма афіцыйнай высновы, хто ж забіваў мірных вяскоўцаў і паліў іхнія хаты.

30 красавіка ў газэце “Во славу Родины” (афіцыйны орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь) зьявіўся артыкул Уладзімера Кажэўнікава “Па сьлядах мутнай сэнсацыі”, дзе зьняважліва крытыкуецца кніга журналіста Віктара Хурсіка “Кроў і попел Дражна”, пра якую расказвалася ў адной з “Вольных студый”. Мы вымушаныя ізноў вярнуцца да гэтай тэмы.

“Газэта “Во славу Родины” называе дзяржаўны часопіс “Полымя” жоўтай прэсай”

Міхась Скобла
: “Віктар, мінула два гады ад часу выхаду ў эфір нашай перадачы пра трагедыю ў вёсцы Дражна. Тады ж прагучалі прозьвішчы забітых мірных жыхароў, выступілі сьведкі тых падзеяў, былі названыя прозьвішчы партызанскіх камандзіраў, якія кіравалі дражненскай апэрацыяй… Здавалася б, расстаўленыя ўсе кропкі над “і”, але вось у афіцыйнай газэце вашы аргумэнты, доказы й высновы названыя “мутнай сэнсацыяй”, прычым са спасылкай на тое ваша інтэрвію Радыё Свабода. Чаму ваш апанэнт гэтак доўга зьбіраўся з думкамі?”

Віктар Хурсік: “Мне здаецца, прычынай таму – зьмены ў кіраўніцтве ідэалягічным упраўленьнем Адміністрацыі прэзыдэнта. Папярэдні кіраўнік ведаў пра трагедыю ў Дражне й адносіўся да яе з належнай павагай. Прыйшлоў новы, малады кіраўнік, які хоча старымі мэтадамі працягваць дэзынфармаваць грамадзтва. Думаю, што газэце “Во славу Родины” было дадзенае адпаведнае даручэньне…

Я хацеў бы зьвярнуць увагу на пачатак артыкула ў газэце “Во славу Родины”. Ягоны аўтар гаворыць, што “мутная сэнсацыя прасачылася ў жоўтую прэсу”. Я яго не разумею. Няўжо ён лічыць дзяржаўны часопіс “Полымя” “жоўтай прэсай”? А якраз у “Полымі” (№ 8 за 2007 год) быў надрукаваны артыкул пісьменьніка Кастуся Цьвіркі пра падзеі ў Дражне падчас Другой усясьветнай вайны. Я тут проста разводжу рукамі: калі Кажэўнікаў называе дзяржаўнае выданьне “жоўтай прэсай”, то як можна верыць ягоным далейшым словам?”

“У выніку партызанскай “апэрацыі” ў Дражне былі забітыя 25 мірных жыхароў, спаленыя 37 хатаў і вясковая школа”

Скобла: “Віктар, мяркую, нялішне нагадаць, што ўсё ж адбылося ў вёсцы Дражна 14 красавіка 1943 году?”

Хурсік: “14 красавіка 1943 году частка вёскі Дражна была спаленая партызанамі з Другой Менскай партызанскай брыгады. У выніку гэтай “апэрацыі” былі забітыя 25 мірных жыхароў, спаленыя 37 хатаў і вясковая школа. Засталіся жывыя сьведкі той крывавай падзеі. Іх паказаньні мною задакумэнтаваныя. Значная частка дакумэнтаў, якія праліваюць сьвятло на падзеі ў Дражне, зьберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. І зьберагаецца, дарэчы, у адкрытым фондзе, даступным для ўсіх. Кожны, хто пажадае, можа зь імі азнаёміцца, не патрэбная й газэта “Во славу Родины”.

Скобла: “Уладзімер Кажэўнікаў спасылаецца на высновы вэтэранскай камісіі Старадароскага раёну, якая нібыта выяжджала ўДражна, апытвала відавочцаў і прыйшла да высновы, што Дражна спалілі й зьнішчылі мірных людзей паліцаі. Ці вядомае вам што-небудзь пра дзейнасьць гэтай камісіі?”

Хурсік: “Я ведаю, што камісія пабывала ў Дражне. Але ў яе склад не ўваходзілі ні вэтэраны-партызаны, ні вэтэраны-франтавікі. Чамусьці ў камісіі працавалі толькі былыя вайскоўцы, якія ня маюць дачыненьня да падзеяў Другой усясьветнай вайны. З кім чальцы камісіі сустракаліся ў Дражне, дзе знаходзяцца афіцыйныя высновы камісіі – невядома. Наўрад ці гэтыя высновы будуць апублікаваныя. Увогуле, я вельмі сумняваюся ў іх дакумэнтальным існаваньні”.

Партызанскі камбрыг Віктар Лівенцаў: “Тое, што здарылася ў Дражне, – загадзя сплянаванае й сьвядома ажыцьцёўленае злачынства”

Скобла: “Ваш апанэнт падмацоўвае свой артыкул словамі доктара гістарычных навук Эмануіла Іофэ: “У выніку жорсткай барацьбы партызанаў і паліцаяў часам гінула мірнае насельніцтва. Так адбылося і ў Дражне. Але ў дадзеным выпадку партызаны не вінаватыя”. І далей спадар Кажэўнікаў піша, што паліцаі выкарыстоўвалі вяскоўцаў у якасьці “жывога шчыта”. І што паліцэйскія дзоты былі збудаваныя проста на падворках. Што вы на гэта скажаце?”

Хурсік: “Чалавек, які напісаў пра дзоты на падворках Дражна, ня ведае ні ваеннай фартыфікацыі, ні геаграфіі вёскі, ні ўмоваў стварэньня ўмацаванага гарнізону. Дражна мае форму крыжа. І было б глупствам будаваць дзоты там, дзе стаялі хаты. Дзоты разьмяшчаліся за вёскай, на паноўнай вышыні, як і належыць. У іх павінна была быць як мага большая зона абстрэлу.

У свой час я сустракаўся з былым партызанскім камбрыгам Віктарам Лівенцавым і распытваў у яго пра партызанскія сутычкі з паліцаямі. І ён тлумачыў, што, сапраўды, часам здаралася рознае. І калі абстрэльвалі вёску, магла нейкая хата загарэцца. Але Лівенцаў падкрэсьліў: “Тое, што здарылася ў Дражне, – загадзя сплянаванае й сьвядома ажыцьцёўленае злачынства”. Я дакладна прыводжу яго словы ў сваёй кнізе “Кроў і попел Дражна”. І яшчэ Лівенцаў зазначыў, што адносіны партызанскіх камбрыгаў той зоны, дзе дзейнічала Другая Менская брыгада, да яе камбрыга Іванова, былі адмоўнымі. І яшчэ раз былы партызанскі камбрыг падкрэсьліў, што Дражна і некаторыя другія вёскі былі спаленыя камбрыгам Івановым”.

Сьведка трагедыі Віктар Колас: “У хату забег камісарчык у чорнай скуранцы й бацьку першага забіў. Я засланіў сабою старэйшага брата, але мяне Бог сьцярог”

Скобла: “А яшчэ вам закідаецца тое, што вы не сьпяшаліся публікаваць сваю праўду пра падзеі ў Дражне, дачакаліся, пакуль у жывых застанецца толькі адзін сьведка – Мікалай Пятроўскі (ён, дарэчы, браў удзел у нашай першай перадачы), падгаварылі яго і – толькі тады ўдарылі ў званы. Ці ёсьць яшчэ сьведкі, апрача Пятроўскага?”

Хурсік: “Сьведкі, дзякуй Богу, ёсьць. Напрыклад, браты Віктар і Ўладзімер Коласы. Першы зь іх жыве ў Горадні, другі ў Гомелі. Ёсьць жывыя сьведкі і ў самім Дражне. Нядаўна я атрымаў ліст ажно зь Пярмі – ад жанчыны, маці якой была відавочцай гэтай трагедыі. Кажэўнікаў спасылаецца на сына камандзіра Пятага партызанскага атраду імя Кутузава, які непасрэдна дзейнічаў у Дражне, Ізраэля Лапідуса. Наколькі мне вядома, Алік Лапідус жыве ў ЗША, і жыве няблага. У нашым друку сьведчаньні ягоныя нідзе не друкаваліся. Адкуль іх узяў аўтар артыкула – можна толькі здагадвацца”.

Скобла: “Мы зьвязаліся па тэлефоне з жыхаром Горадні, нараджэнцам Дражна, Віктарам Коласам, 1933 году нараджэньня, і папрасілі яго прыгадаць падзеі 1943 году”.

Віктар Колас: “Забівалі мірных людзей партызаны, гэта адназначна. На Дражна наступала Другая Менская партызанская брыгада. Мы ў хаце былі – бацька, мой старэйшы брат і я. У хату забег камісарчык у чорнай скуранцы й наставіў на нас сваю “дзесяцізарадку”. Бацька й кажа яму: “Што вы робіце? Мы ж мірныя людзі…” А той – бах-бах. Бацьку першага забіў. Я засланіў сабою старэйшага брата, але мяне Бог сьцярог. Потым ужо на сваім адзеньні я налічыў шэсьць дзірак”.

“Калі нехта з боку ўлады сумняваецца ў сабраных мною сьведчаньнях, можна паехаць і запісаць яшчэ раз, калі ласка”

Скобла: “І яшчэ адна, хіба апошняя, вытрымка з артыкулу Ўладзімера Кажэўнікава, надрукаванага, нагадаю, 30 красавіка гэтага году ў афіцыйным органе Міністэрства абароны – газэце “Во славу Родины”: “Нягледзячы на шматлікія просьбы абнародаваць дыктафонныя запісы сьведчаньняў падзеяў у Дражне, краязнаўца (Віктар Хурсік. – М.С.) катэгарычна адмовіўся.” Хто і калі зьвяртаўся да вас з гэтымі просьбамі?”

Хурсік: “Такіх просьбаў да мяне не паступала – ні вусна, ні пісьмова. Я лічу, што дастаткова тых сьведчаньняў, якія ёсьць у маёй кнізе. Да таго ж, ёсьць жывыя сьведкі. Навошта камусьці дыктафонныя запісы? Можна паехаць і запісаць яшчэ раз, калі нехта з улады гэтага жадае.

Я б хацеў яшчэ зьвярнуць увагу на лічбы забітых у Дражне, якія прыводзіць Кажэўнікаў. Ён падае, што загінула “117 паліцаяў” і “13 партызанаў”. І гэта пры тым, што “паліцаі” сядзелі ва ўмацаваных дзотах, а партызаны наступалі па голым полі. Як можна пры такім наступе пакласьці дзьве роты непрыяцеля, а самім панесьці страты, у дзесяць разоў меншыя? Любы вайсковец вам скажа, што гэта проста лухта несусьветная, разьлічаная на недасьведчаных людзей”.

Усталяваньне памятнага крыжа ў Дражне, 19 красавіка
“Гісторыя з крыжом выглядае вельмі непрыстойна. І таму я зьвяртаюся да ўладыкі Філарэта з просьбай вярнуць крыж туды, дзе ён быў усталяваны”

Скобла: “У памяць ахвяраў Дражненскай трагедыі зусім нядаўна, 19 красавіка, каля вёскі быў пастаўлены вялікі крыж. І ўжо праз чатыры дні ён быў выкапаны й вывезены ў невядомым кірунку. На вашу думку, ці маглі гэта зрабіць самі дражненцы?”

Хурсік: “Гэта выключана. Я ведаю пра адносіны дражненцаў да гэтай падзеі, не маглі яны зьняважыць памяць загінулых землякоў, я проста перакананы ў гэтым. Мы са сьведкам падзеяў Мікалаем Пятроўскім штогод у красавіку езьдзім у Дражна. Прыехалі й сёлета, 19 красавіка. Пабывалі на могілках, усклалі кветкі. Пабывалі ў тых хатах, дзе звычайна спыняемся. І там пачулі, што акурат сёньня будзе ўсталяваны памятны крыж. Мы зноў прыехалі да могілак. Там, дарэчы, былі прадстаўнікі мясцовай улады, ніхто гэтаму мерапрыемству не перашкаджаў. Ніякіх папярэджаньняў, што ўсталяваньне крыжа супярэчыць заканадаўству, не прагучала. У мяне маюцца фотаздымкі, на якіх раённае начальства назірае за ўсталяваньнем крыжа. Крыж, дарэчы, быў асьвечаны сьвятаром.

А потым пачаліся нейкія незразумелыя падзеі. І я днямі даведаўся, што крыж выкапаны й знаходзіцца ў вёсцы Залужжа Старадароскага раёну, у царкве. Мне гэта незразумела. Крыж – матэрыяльная каштоўнасьць, ён належыць мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў. Гісторыя з крыжом выглядае вельмі непрыстойна. І таму я хацеў бы зьвярнуцца да ўладыкі Філарэта з просьбай вырашыць гэтае пытаньне мірам і пакінуць крыж там, дзе ён быў усталяваны”.

Скобла: “Каб спраўдзіць месцазнаходжаньне Дражненскага крыжа, мы патэлефанавалі ў Залужжа настаяцелю мясцовай царквы айцу Аляксандру. І вось што пачулі ў адказ”.

Айцец Аляксандар: “Сапраўды, крыж знаходзіцца ў нас на царкоўным складзе. Зразумейце, крыж ня можа належаць таварыству, таму што ён – знак хрысьціянства. Крыж праваслаўны, а ў Беларусі ёсьць толькі адна праваслаўнай царква, прыналежная да Маскоўскай патрыярхіі. Усё, што там рабілася “ряженым” нібыта сьвятаром, усё гэта супрацьзаконна. Усё ж такі крыж – гэта наш сымбаль, і мы ня выкінем яго, не расьпілуем. Ён знаходзіцца ў нас на часовым захаваньні. Будзе прымацца нейкае рашэньне, думаю пытаньне бліжэйшым часам будзе разгледжанае ў Менскай епархіі”.

Скобла: “А хто ўсё ж выкапаў крыж, хто перанёс яго да вас у царкву?”

Айцец Аляксандар: “Да мяне зьвярнуліся людзі, наколькі я зразумеў, зь мясцовага сельсавету. Усё, здаецца, адбылося паводле закону, пратакол быў складзены”.

“Падзеі ў Дражне наўмысна замоўчваліся цягам дзесяцігодзьдзяў, іначай яны ўсплылі б на Нюрнбэргскім працэсе, як тое адбылося з Катыньню”

Скобла: “Віктар, я ведаю, што пасьля выхаду вашай кнігі “Кроў і попел Дражна”, пасьля вашага інтэрвію Радыё Свабода да вас пачала сьцякацца інфармацыя з усяе Беларусі пра вайну партызанаў зь мірным насельніцтвам. Дзе яшчэ адбываліся злачынствы, падобныя на трагедыю ў вёсцы Дражна на Старадарожчыне?”

Хурсік: “Усе гэтыя выпадкі наўмысна замоўчваліся цягам дзесяцігодзьдзяў. Іначай яны ўсплылі б на Нюрнбэргскім працэсе, як тое адбылося з Катыньню. На сёньня я дакладна ведаю, што партызаны зьнішчылі вёску зь мірнымі жыхарамі ў Налібоках. Гэтакі ж лёс напаткаў вёску Старасельле Бялыніцкага раёну. Думаю, што сьпіс вёсак, зьнішчаных партызанамі, будзе павялічвацца. На заканчэньне я хачу падкрэсьліць: тое, што я заняўся гэтай тэмай, зусім не азначае, што я хачу ачарніць перамогу нашага народу над фашызмам. Проста праўда павінна быць аддзеленая ад хлусьні, а сапраўдныя героі – ад злачынцаў. Напярэдадні сьветлага Дня Перамогі я хацеў бы павіншаваць усіх тых, хто змагаўся з акупантамі на фронце ці ў партызанах. А бязьвінна загінулых у вёсцы Дражна мы ўсё ж павінны годна ўшанаваць. Гэта наш сьвяты абавязак”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG