Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вольная прастора памяншаецца"


Сёньня – Усясьветны дзень свабоды прэсы, заснаваны Генэральнай Асамблеяй ААН ў 1993 годзе. Ён мае на мэце прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сытуацыі са свабодай прэсы ў розных краінах сьвету.


Беларусь займае 188-е месца са 195-ці ў індэксе Свабоды слова за 2007 год, складзеным амэрыканскім дасьледчым цэнтрам “Freedom House”. Ці свабодныя мэдыі ў Беларусі?

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне засталося каля 30 незалежных грамадзка-палітычных выданьняў. Палова зь іх выключаная зь дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду і падпіскі. Некаторыя вымушаныя друкавацца за межамі Беларусі. Па дарозе да чытача, наклады часта затрымліваюцца міліцыяй.

Наклад “Витебского курьера”, які везьлі ў Беларусь са Смаленскай друкарні, дагэтуль у міліцыі. Паводле прадстаўніцы рэдакцыі Вольгі Карач, улады ня хочуць, каб незалежная інфармацыя даходзіла да грамадзянаў:

“Яны проста панічна баяцца, што газэта зьявіцца ў Віцебску. Газэта не выходзіла амаль год. Яны вельмі спадзяваліся, што газэта так і ня будзе выходзіць. І праз год яны яе спакойна зачыняць. Яны спрабавалі такім чынам спыніць распаўсюд незалежнай прэсы на Віцебшчыне. Віцебская абласная друкарня адмовіла ў друку. І ўсе друкарні Віцебскай вобласьці таксама адмовілі ў друку. У нас амаль год ідуць суды з аблвыканкамам. Празь месяц, як мы прайшлі перарэгістрацыю, аблвыканкам без тлумачэньня сур’ёзных прычынаў скасаваў гэту перарэгістрацыю. Проста столькі перашкодаў было за гэты год...”

27 і 28 сакавіка ў шэрагу гарадоў Беларусі супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы ў незалежных журналістаў, якія працуюць на “Эўрапейскае радыё”, “Радыё Рацыя” і тэлеканал “БелСат”. Дагэтуль аргтэхніка і іншая канфіскаваная маёмасьць ня вернута.Улады патлумачылі, што ператрусы адбываліся ў зьвязку з крымінальнай справай адносна паклёпу на прэзыдэнта. Шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна:

“Я лічу, што гэта проста бессэнсоўныя дзеяньні ўладаў, накіраваныя на запужваньне журналістаў і, фактычна, увядзеньне забароны на прафэсію. Гэта проста недапушчальна ў 21 стагодзьдзі”.

Паводле юрыста БАЖ Міхаіла Пастухова, улады фактычна адмаўляюць незалежным мэдыям у праве на існаваньне:

“Ім не даюць ніякай інфармацыі, офісаў. Журналістаў хапаюць, калі яны выконваюць службовыя абавязкі, выклікаюць у органы пракуратуры. Фактычна, журналістам не даюць працаваць. Улады пад рознымі падставамі не даюць магчымасьці адкрываць новыя сродкі масавай інфармацыі. За апошнія дзесяць гадоў не зарэгістравана ніводнай незалежнай грамадзка-палітычнай газэты. Колькасьць незалежных мэдыяў год ад году скарачаецца”.

Затое ў бюджэце на гэты год дзяржаўная падтрымка афіцыйным мэдыям склала 74 мільёны даляраў.

Журналіст дзяржаўнага тэлеканалу БТ Дзьмітры Косьцін мяркуе:

«Мне падаецца, тое, што мы з вамі размаўляем – дастаткова, каб дэманстраваць, што ёсьць свабода. Вы працуеце ў Беларусі, мы працуем у любой краіне плянэты. Гэта і ёсьць свабода наша. Доступ да розных крыніцаў інфармацыі, мне падаецца, таксама магчымы».

Юрыст Міхаіл Пастухоў кажа, што свабода дзяржаўных мэдыяў умоўная:

«Яны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Можа, гэты кантроль меншы, чым за незалежнымі выданьнямі. Але ён усё ж дзейнічае. Асабліва гэта тычыцца электронных мэлыяў. Беларусь застаецца пакуль па-за эўрапейскімі стандартамі ў галіне свабоды слова. У нас, фактычна, няма гэтай свабоды».

Дагэтуль журналістаў караюць згодна з крымінальным кодэксам за паклёп, абразу прэзыдэнта ці прадстаўніка ўлады. Так незалежная газэта «Новы час» выплаціла сэнатару Мікалаю Чаргінцу ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды каля 23 тысячаў даляраў. А за перадрук дацкіх карыкатураў на прарока Мухамэда журналіст газэты «Згода» Аляксандар Зьдзьвіжкоў атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму – “за распальваньне рэілігійнай варожасьці”.

На пытаньне, ці ёсьць свабода мэдыяў у Беларусі, галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандр Старыкевіч сказаў:

«Я б не ставіў так пытаньне: ёсьць ці няма, бо мы ўсё ж размаўляем. І гэта патрапіць у эфір радыё Свабода. Пытаньне ў тым – колькі яе. Яе, безумоўна, вельмі мала. Больш за тое, гэтая вольная прастора памяншаецца «дзякуючы» захадам уладаў».

Сьвятлана Калінкіна:

«Я лічу, што ў Беларусі самая падкантрольная зона – гэта менавіта сфэра мэдыяў. Свабоды слова, на жаль, у нашай краіне няма. І пакуль я ня бачу прыкметаў таго, што ў бліжэйшыя часы сытуацыя можа памяняцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG