Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расейцаў у Ізраіль пускаюць бязь візаў, а беларусаў – не?


Пра неабходнасьць асуджэньня антысэмітызму з боку ўладаў і дэталёвага расьсьледаваньня такіх выпадкаў заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е. Канфэрэнцыя прысьвячалася 60-м угодкам незалежнасьці Дзяржавы Ізраіль.

Вельмі разьлічваем на тое, каб гэтыя факты асуджаліся публічна найвышэйшымі кіраўнікамі дзяржавы

Амбасадар Ізраілю заявіў, што больш, чым самі факты антысэмітызму, яго засмучае рэакцыя на іх:

“Бо ашалелыя хуліганы (арганізаваныя ці не) існуюць практычна ў любой краіне. І вельмі важная ў гэтай сувязі пазыцыя ўраду, ягонае жаданьне ды ўменьне знаходзіць вінаватых і караць іх. І мы вельмі разьлічваем на тое, што такія выпадкі, як нядаўняе зьяўленьне выяваў свастыкі на помніку ахвярам гета ў Слуцку альбо распаўсюд улётак ад імя РНЕ ў Віцебску, будуць расьсьледаваныя, а вінаватыя пакараныя. Бо толькі тады іншыя ня будуць важыцца рабіць падобныя рэчы”.

Спадар Бэн-Ар’е адзначае: у амбасаду час ад часу паступаюць паведамленьні пра факты антысэмітызму:

“Мы вельмі разьлічваем на тое, каб гэтыя факты асуджаліся публічна найвышэйшымі кіраўнікамі дзяржавы. Каб сьледчыя органы сапраўды займаліся сьледзтвам, а не адказвалі, што ня могуць знайсьці прадстаўнікоў незарэгістраванай РНЕ ў Віцебску. Таму што яна не зарэгістраваная і яе няма”.

Пісьменьнік Сямён Букчын лічыць: адносіны грамадзтва да габрэяў шмат у чым вызначаюцца стаўленьнем да іх кіраўніцтва краіны:

“Міліцыя — гэта ж толькі інструмэнт. Гэта значыць, што на самым версе ставяцца да гэтага і абыякава, і паблажліва. І гэтым тлумачыцца нежаданьне нізавых органаў, таго ж аддзяленьня міліцыі, куды можа прынесьці гэтую абразьлівую ўлётку любы грамадзянін Беларусі, неабавязкова габрэй, займацца гэтай справай. Можна зрабіць такую міну: ну, што там такога страшнага, гэта дробнае хуліганства, яны не зарэгістраваныя...
Міліцыя — гэта ж толькі інструмэнт. Гэта значыць, што на самым версе ставяцца да гэтага і абыякава

Як быццам хуліганства, у тым ліку і на глебе шавінізму, павінна быць зарэгістраваным, арганізацыйна аформленым. Гэта ня проста сьмешна, гэта — дзіка!”

Ізраіль і Расея нядаўна дасягнулі дамовы пра бязьвізавыя паездкі сваіх грамадзянаў. “А якія пэрспэктывы ў гэтым кірунку ў Беларусі?”— пацікавіўся я ў амбасадара.

Той адказаў, што Ізраіль і Беларусь пакуль не вядуць перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму:

“Каб у нейкага працэсу былі пэрспэктывы, яго трэба пачаць. Гэты працэс паміж Ізраілем і Беларусьсю не пачаўся. Я ня ведаю, наколькі ў гэтым зацікаўленая Беларусь. Былі беларускія прапановы пра бясплатныя візы дзецям. Ізраіль з гэтым не пагадзіўся і прапанаваў абмеркаваць пытаньне візаў глябальна, паколькі ў Ізраілю няма практыкі выключэньняў. На гэтым працэс спыніўся. І цяпер ніякіх перамоваў не вядзецца”.

XS
SM
MD
LG