Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі камэнтуюць беларуска- амэрыканскі дыпляматычны канфлікт


ЗША адмовіліся ад патрабаваньня зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку, а таксама ад намеру зачыніць сваю амбасаду ў Менску. Але пагроза такога разьвіцьця падзеяў застаецца.


Старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец спадзяецца, што ўзаемадачыненьні паміж ЗША і Беларусьсю ў хуткім часе нармалізуюцца:


“ЗША і Беларусь зьяўляюцца аднымі з заснавальнікаў ААН, разам стаялі па адзін бок фронту ў барацьбе з фашызмам. І ў іх ёсьць многа агульнага, што магло б паслужыць добрай базай для ўсталяваньня нармальных эканамічных і палітычных стасункаў. Думаю, пройдзе хваля нэгатыву і прыйдзе час, калі дзьве краіны ўсталююць нармальныя стасункі”.

Ці пойдзе беларускі бок на нейкія саступкі, найперш у пытаньні вызваленьня палітвязьняў? Паводле спадара Чаргінца, у Беларусі няма палітвязьняў. Ён выказаўся за правядзеньне “нармальнай дыскусіі з прадстаўнікамі ЗША на гэтую тэму, каб паказаць ім матэрыялы, дакумэнты, каб зьняць надуманае”.

Якія ж крокі зробіць цяпер беларускі бок? Спадар Чаргінец сказаў:

“Мы зрабілі прапановы вуснамі прэзыдэнта, што мы за паляпшэньне стасункаў па ўсіх напрамках. Цяпер мяч на іх баку. Няхай выбіраюць гэтыя напрамкі. Калі пажадаюць, мы гатовыя весьці кантакты. Я бачу першае — гэта ўсталяваньне нармальных кантактаў хоць бы ў рабочым парадку, каб потым выйсьці на канкрэтныя прапановы. Мы ж не ваюем з ЗША”.

Старшыня камітэту міжнародных спраў у Дзярждуме Расеі Канстанцін Касачоў (фракцыя “Адзіная Расея”) адносна дыпляматычнага канфлікту паміж ЗША і Беларусьсю сказаў, што Расея да гэтага ня мае ніякіх адносінаў.
Для нас няма ніякай выйгранкі ў тым, што ЗША і Беларусь пасварацца ўшчэнт

“Для нас няма ніякай выйгранкі ў тым, што ЗША і Беларусь пасварацца ўшчэнт. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь разьвівалася дынамічна, у кантактах з навакольным сьветам — з блізкімі і далёкімі суседзямі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб і ЗША прысутнічалі на неканфрантацыйнай аснове ў Эўропе, уключаючы такія краіны, як Беларусь. Таму для нас нармальныя беларуска-амэрыканскія стасункі — гэта, безумоўна, пажаданая мэта, і я ўпэўнены, што Расея гэтаму ўсяляк павінна спрыяць”.

Ці павінен афіцыйны Менск пайсьці на саступкі і вызваліць найперш палітзьняволеных?

Спадар Касачоў на гэтае пытаньне адказаў:

“У гэтай тэме вельмі шмат наноснага. Я вітаю тое, што апошнім часам улады Беларусі пайшлі на датэрміновае вызваленьне шэрагу асобаў, якія лічыліся палітвязьнямі. І я спадзяюся, што гэтая сытуацыя ў гэтым кірунку будзе разьвівацца. І з боку ЗША лічыў бы празьмерным гэту сытуацыю такім чынам драматызаваць”.


Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч сказаў:

“ЗША як найвялікшая дэмакратычная краіна сьвету найбольш пасьлядоўна абараняла правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. Лукашэнка вырашыў кінуць выклік ЗША і пачаў эскаляцыю пэўных патрабаваньняў, думаючы, што можна вось так за вусы тузаць моцную дзяржаву, тыгра. ЗША прыйшлі да таго, што зьбіраюцца спыніць дыпстасункі. Да такога не даходзіла нават у час халоднай вайны паміж СССР і ЗША. Лукашэнка ня можа адказваць за ўвесь беларускі народ, вырашаць за нас, даводзіць да такога стану адносіны з ЗША і краінамі дэмакратычнага сьвету”.

Спадар Рынкевіч заявіў, што асноўная саступка, якую павінен зрабіць афіцыйны Менск, — гэта вызваленьне палітвязьняў: Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча.

“Таму, калі й будзе кампраміс, то ён хутчэй за ўсё будзе зьвязаны з праблемай вызваленьня Аляксандра Казуліна і спыненьня крымінальнага перасьледу дэмакратычных актывістаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG