Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Амбасады зачыняюцца тады, калі зьбіраюцца весьці вайну”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 5 траўня, пятніцу.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Дыпляматычнае супрацьстаяньне паміж Беларусьсю і ЗША працягваецца. Яно ўзмацнілася пасьля таго, як афіцыйны Менск запатрабаваў значна скараціць колькасьць прадстаўнікоў амэрыканскай дыпляматычнай місіі. Слухачы “Свабоды” абмяркоўваюць гэтую тэму.

Спадар: “Я ўпэўнены, што Лукашэнка разьлічваў на спыненьне дыпляматычных дачыненьняў і наўмысна на гэта нарываўся. Навошта Саюзнай дзяржаве дзьве аднолькавыя амбасады, адна зь якіх, да таго ж, зьяўляецца гарантам незалежнасьці ад Расеі?”

Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: “Калі я пачуў, што зачыняюцца амбасады амэрыканская і наша ў Амэрыцы, неяк цяжка і не па сабе стала. Амбасады зачыняюцца тады, калі зьбіраюцца весьці вайну. Я лічу, гэта сорам і вялікі”.

Спадар Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу сказаць наконт дыпляматычных адносінаў з Амэрыкай. Амэрыка і Ангельшчына выратавалі Савецкі Саюз. Мы адчулі гэта тэхнікай, караблямі, самалётамі, танкамі, прадуктамі харчаваньня. Гэта злачынства з нашага боку. Лукашэнка ня ведае гісторыі”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Я праз Радыё Свабода зьвяртаюся да былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, генэрала, як да ваеннага чалавека, з наступным пытаньнем. Лукашэнка хваліцца, што калі празь Беларусь пойдуць танкі і захочуць нас акупаваць, мы іх разаб’ем ці нешта зробім. А калі ўся Эўропа і Амэрыка нападуць на Беларусь, за які час яны нас акупуюць? Я лічу, што за 24 гадзіны Беларусь акупуюць. Адкажыце, калі ласка”.

Адказвае Павал Казлоўскі:

“Змаганьне паміж узброенымі сіламі Беларусі і НАТО — гэта проста нерэальна. Дарэчы, сёньня ніхто не ідзе ў атаку. Гэта мінулае стагодзьдзе. Сёньня працуе высокадакладная зброя. Таму ваяваць супраць НАТО і казаць пра гэта — без камэнтароў!”

“Сьвята міру і працы, наладжанае ўладамі каля Нацыянальнай бібліятэкі, — галаўны боль для жыхароў. Адны словам — вакханалія, якую мы павінны трываць увесь дзень і абурацца гучнай музыцы, бо гэта “сьвята”. А паколькі для бальшыні гэтыя сьвяты азначаюць —паесьці і выпіць, то нашыя двары ператварыліся ў прыбіральні” — паведамленьне такога зьместу мы атрымалі праз СМС. У працяг тэмы — тэлефанаваньні слухачоў.

Спадарыня: “Праспэкт Незалежнасьці, 133. Нашыя вокны выходзяць на Нацыянальную бібліятэку. Сёньня ў нашых кватэрах, як гаворыцца, “проста гамон”. Так грыміць музыка, што ў нас нават шкло трасецца. Мы вымушаныя цэлы дзень слухаць рэпэртуар, які нам прапанавалі нашыя “незалежныя” прафсаюзы. А ў кватэры знаходзіцца невыносна. Дзяцей немагчыма пакласьці спаць, а тыя, хто працуе, ня могуць адпачыць. Вось такое ў нас сьвята працы”.

Спадарыня: “Я хачу сказаць, што на арганізаваны мітынг 1 траўня Козікаўскі прафсаюз прымусова зганяў людзей да бібліятэкі. Толькі ад нашай невялічкай арганізацыі вымусілі пайсьці трох чалавек, за дзень да гэтага выдаўшы ім сьцяжкі. Такія размовы гучалі і ў грамадзкім транспарце. Да чаго ж мы прыйшлі, людзі добрыя! Назад у СССР, ці што?”

Выказваньне камэнтуе адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў:

“У мяне таксама ёсьць інфармацыя, што нават давалі грошы для таго, каб людзі ішлі да бібліятэкі. На некаторых прадпрыемствах — па 25 тысяч. Але калі такіх вось людзей, як гэтая жанчына, становіцца больш, якія разумеюць, што зь імі адбываецца, то, магчыма, неўзабаве будуць і масавыя пратэсты”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Зараз мы прапаноўваем прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон у Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Праграму працягваюць выказваньні на розныя тэмы:

Уладзімер Пісарук: “Добры дзень, Радыё Свабода. У Курапатах зноў зьдзейсьнілі вандалізм. Парвалі ікону Божай Маці Курапацкай. Вандалы ўжо знахабіліся зусім. Іх трэба саджаць па турмах. Так нельга рабіць. Гэта наша сьвятое месца”.

Спадар: “Паспрабую даць прагноз на наступную зіму, хоць я і не мэтэароляг. Кошты на газ — мінімум 150 даляраў за 1000 кубоў без НДС. І наш Рыгоравіч даў ільготы пэнсіянэрам на 5 месяцаў — 50% на праезд. Чую, будзе халодная зіма і галодная”.
XS
SM
MD
LG