Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 3 траўня 2008 году.


Новыя антыамэрыканскія заявы беларускага кіраўніцтва і абвяшчэньне пэрсонамі нон-грата вялікай групы дыпляматаў, якія працавалі ў амбасадзе ЗША ў Менску — падзеі, на якія адгукнуліся ў сваіх лістах і тэлефанаваньнях многія слухачы “Свабоды”.

Пачну сёньняшнюю размову з электроннага допісу Валера Грыцука зь Менску, які напісаў нам пасьля таго, як пачуў штогадовае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі, агучанае 29 красавіка. Слухач піша:

“Мяне зацікавіла “сьмеласьць” кіраўніка дзяржавы перад Эўропай: не баіцца санкцый — падобных да тых, што ўвялі амэрыканцы. Чаму? Ня верыць, што такое магчыма? Або падрыхтаваў паралельную фінансавую сетку, якая заменіць “Белнафтахім”? Дарэчы, ён выглядаў вельмі стомленым і нібы губляўся ў сваіх паперах. Супярэчнасьцяў і асабістых выпадаў супраць палітычных супернікаў, як заўсёды, было многа.

Мне спадабаліся ягоныя словы пра сувэрэнітэт і цану на газ. Вельмі зьдзівіла слова “заслужылі”, калі ён казаў пра незалежнасьць. Хіба кожнаму народу не належыць права на сувэрэнітэт?

І зноў — пра дзіўны беларуска-расейскі “саюз”. Праўда, у 2006 годзе ён казаў пра гэта па-іншаму. Вось цытата з прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных мэдыяў ад 29 верасьня 2006 году: “Увеличение до таких размеров цены на газ — это однозначно разрыв всех отношений. В экономике — так это точно”, — так тады заявіў Лукашэнка. Які разрыў адбыўся — зараз мы ўсе ведаем”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Валеры Грыцук зь Менску.

Адносна вашага, спадар Грыцук, сьцьвярджэньня пра тое, што кожнаму народу належыць права на сувэрэнітэт. На Зямлі сёньня, паводле розных ацэнак, ад пяці да сямі тысяч нацыянальных моў. А дзяржаўную незалежнасьць маюць менш як дзьвесьце нацыяў — усяго некалькі працэнтаў ад агульнай колькасьці. І для большасьці магчымасьць дзяржаўнага самавызначэньня застаецца малаверагоднай. Хоць многія дамагаюцца сувэрэнітэту ўсімі магчымымі спосабамі празь дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі.

Наш слухач Мікалай Раманаў з бэльгійскага Антвэрпэна разважае пра ўрокі і наступствы веснавых акцыяў апазыцыі. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Увогуле, калі глядзеў сюжэты пра адзначэньне ў Беларусі 25 сакавіка па CNN і галяндзкім тэлеканале, то ўсё выглядала някепска. Але як там насамрэч усё было арганізавана? Мажліва, трэба мяняць тактыку такіх мерапрыемстваў. Можна не пагаджацца з думкай паважанага мной спадара Дубаўца, але ўсё ж варта прызнаць: штосьці атрымліваецца ня так. Нешта разладзілася ў змаганьні за новую Беларусь.

Захад ня можа зразумець: як гэта ў наш час у Эўропе адна асоба можа заставацца пры ўладзе 14 год? З прыкладамі Рузвэльта ці Тэтчэр параўнаньне тут, на маю думку, немагчымае.

А перанос помніка Максіму Багдановічу? Гэта ж руйнаваньне Беларушчыны. Куды валіцца краіна?”

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Раманаў з Антвэрпэна, з Бэльгіі.

Наконт пераносу помніка існуюць розныя погляды нават у асяродзьдзі нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, спадар Раманаў. Многія лічаць ранейшае месца ня самым удалым. У кожным разе тое, што помнік перамясьціўся ў межах аднаго і таго ж сквэра, наўрад ці варта лічыць прыкладам руйнаваньня Беларушчыны. Іншая рэч, што сапраўды красамоўных прыкладаў гэтай зьявы ў сёньняшняй Беларусі, відавочна, нямала.

Мікола Разьвінтовіч з Докшыцкага раёну разважае пра тое, якія зьмены варта было б унесьці ў беларускае выбарчае заканадаўства. Ён піша:

“Трэба зрабіць так, каб выбары не адбываліся на працягу цэлых тыдняў. Што там робіцца з выбарчымі скрынямі на працягу многіх дзён і начэй — хто ведае? Галасаваньне павінна адбывацца на працягу аднаго дня. Ну, можна яшчэ адзін дзень адвесьці на папярэдняе галасаваньне. Тады ня будзе патрэбы і ў шматлікіх замежных назіральніках. Сам прэзыдэнт Беларусі паказаў бы, што ён шчыры перад сваім народам. А дамарослыя дэмакраты перасталі б казаць пасьля выбараў, што прэзыдэнт разам зь Лідзіяй Ярмошынай нібыта сфальшавалі вынікі галасаваньня. І Эўразьвяз тады ўбачыць станоўчыя зрухі ў дзеяньнях беларускага кіраўніцтва. Як вынік — ажывіцца гандаль з эўрапейскімі дзяржавамі. Хто тады скажа, што Лукашэнка — дыктатар?”

— гэтак лічыць Мікола Разьвінтовіч з Докшыцкага раёну.

Калі памятаеце, спадар Разьвінтовіч, у Савецкім Саюзе не было доўгатэрміновага папярэдняга галасаваньня: выбары адбываліся пераважна за адзін дзень. Гэта не замінала ўладзе праводзіць іх безальтэрнатыўна і абвяшчаць ашаламляльныя вынікі — перамогу ўладнага кандыдата з 99 працэнтамі “за”. Зрэшты, сумневу ў сапраўднай вартасьці такіх “перамог” ні ў кога не было.

Істотна ня тое, колькі дзён адбываецца галасаваньне, а тое, хто і як лічыць галасы, ці дапушчаныя да гэтага працэсу прадстаўнікі апазыцыі, ці наладжана незалежнае назіраньне.

Пра некаторыя адметнасьці беларускай камунальнай гаспадаркі піша нам у сваім лісьце Людміла Краснасельская з Калінкавічаў:

“Ну вось і выканалі загад вярхоўнай улады: прымусілі людзей усталяваць лічыльнікі вады амаль у кожнай хаце. Жыхарам Калінкавічаў трэба б радавацца: гэта ж якая эканомія грошай зь сямейнай кішэні. Ды толькі радасьці чамусьці мала. Адкрыеш кран гарачай вады — а там вада ледзь цёплая. І колькі яе трэба зьліць, пакуль дачакаесься гарачай. А лічыльнік круціцца, налічвае сотні і тысячы рублёў.

Дураць нас, даражэнькія. Ацяпляльны сэзон яшчэ ня скончыўся, а батарэі ў кватэрах ужо халодныя. Прыгрэла сонейка — і хопіць вам цяпла. У катэджах “вэртыкальшчыкаў” — аўтаномныя кацельні і каміны, што ім да малых дзетак ды састарэлых хворых, якія церпяць ад холаду.

У суседняй Польшчы, калі надвор’е халоднае, дык і ў траўні ацяпляюць кватэры. А ў нас?

Усё гэта — неразумная эканомія, за якую мы плацім спаўна. Дураць нас і дурыць будуць, пакуль мы маўчым”, —

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Людміла Краснасельская з Калінкавічаў.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадарыня Краснасельская, высноў варта заўважыць, што ў большасьці ўсходнеэўрапейскіх краінаў ацяпленьне ў многіх, калі ня ў большасьці дамоў, аўтаномнае. У Беларусі ж ацяпляльныя сеткі і кацельні разьлічаныя на абслугоўваньне цэлых вялікіх раёнаў. Для іх запуску і спыненьня патрэбны немалы час. Такая сыстэма склалася ў Савецкім Саюзе, калі нафта і газ былі танныя і цяпло асабліва не ашчаджалі. Сёньня ад гэтай сыстэмы пакрысе адмаўляюцца. Прынамсі, гаспадары новабудоўляў усё часьцей аддаюць перавагу аўтаномным сыстэмам ацяпленьня.

На заканчэньне — ліст ад Аляксандра Каржа з Гомеля. Слухач распавядае пра тое, як у адным з райцэнтраў Гомельскай вобласьці звычайна адзначаюць так званыя “працоўныя перамогі” — падсумаваньне вытворчых вынікаў за год і ўганараваньне перадавікоў. Аляксандар Корж піша:

“Першая частка ўрачыстасьцяў адбываецца адкрыта: гучаць фанфары, калгасьнікам і рабочым за іхную стаханаўскую працу ўручаюць ганаровыя граматы і малакаштоўныя падарункі. Імпрэза заканчваецца сьвяточным канцэртам мясцовай мастацкай самадзейнасьці. Пасьля чаго простыя працаўнікі, натхнёныя наказам на зьдзяйсьненьне новых працоўных подзьвігаў, вяртаюцца ў свой звычайны шэры сьвет штодзённай рутыны.

А вось прэзыдыюм сходу і чыноўнікі райвыканкаму са сваімі набліжанымі поўным складам кіруюцца на шыкоўны банкет. Там няма ганаровых грамат, затое ёсьць значна больш рэальныя рэчы. Банкет адбываецца паводле прынцыпу “халява, сэр”, але з абавязковай умовай — конкурсам, хто лепш пахваліць кіраўніка мясцовай адміністрацыі. А самае цікавае пачынаецца пасьля банкету. Не пасьпявае ад’ехаць апошні з запрошаных, як пад’яжджае шыкоўная машына аднаго з кіраўнікоў “вэртыкалі” — і пачынаецца інтэнсіўная загрузка харчоў і пітва, якія засталіся ад банкету. А застаецца, як правіла, нямала. Ня ў крыўдзе і чэлядзь: ім таксама перападае з панскага стала.

Такая карціна — звычайная для правінцыйнага жыцьця мясцовай “багемы”. Тым больш што нагодаў для сьвяткаваньня хапае.

Ды вось бяда для намэнклятуры: людзі ўсё гэта бачаць, ім хустку на вочы не накінеш. Няўжо мясцовыя чыноўнікі так гаруюць, што ня могуць абысьціся бяз гэтага? А можа, для іх ужо надышла сьветлая будучыня ў так званай “сацыяльна арыентаванай” дзяржаве?”

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Гомеля.

Такая намэнклятурная традыцыя цягнецца яшчэ з савецкага часу. Падобнае ўласьціва, бадай, для любога беларускага рэгіёну. Праўда, ня думаю, што рэшткі са сьвяточнага стала прызначаюцца для кіраўніцтва “вэртыкалі”. Калісьці, у часы татальнага дэфіцыту харчаваньня і пітва, так, магчыма, і было. Але цяпер для высокага начальства — гэта надта дробязна. Калі злоўжываньні адбываюцца — дык у іншых месцах і пры іншых абставінах. І дзеляць там зусім ня пляшкі каньяку і не кавалкі вяндліны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG