Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне аб закрыцьці беларускай амбасады – ці гэта эмацыйны крок альбо лягічны вынік разьвіцьця дыпляматычнага канфлікту? Ці стануць працягам крызысу павялічэньнге эканамічных санкцыяў ЗША супраць Беларусі? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваюць публіцыст Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў. (Перадача была запісана адразу пасьля інфармацыі пра рашэньне ЗША зачыніць амбасады. Нагадаем, пазьней Вашынгтон вырашыў пакуль ня ўводзіць гэтае рашэньне).


Цыганкоў:
“Мы даўно ўжо абмяркоўваем беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт, і я злавіў сябе на думцы, што большасьць аналітыкаў ня верыла ў найгоршае разьвіцьцё падзеяў. Напрыклад, казалі “ня дойдзе да выгнаньня дыпляматаў”, “ня дойдзе да закрыцьця амбасадаў”. Чаму ўсё ж ЗША сёньня пайшлі на гэты крок? Ці гэта была непазьбежная, але эмацыйная рэакцыя на аб’яўленьне 10 амэрыканскіх дыпляматаў "пэрсонамі non grata" ці гэта ўсё ж быў нейкі лягічны вынік усяго беларуска-амэрыканскага дыпляматычнага канфлікту?

“Мяккія, лагодныя мэтады вычарпаныя, і такім чынам Вашынгтон разьвязвае сабе рукі”.

Класкоўскі: “Мяркую, што ў адрозьненьні ад беларускага кіраўніцтва Вашынгтон дзейнічае не эмацыйна, а рацыянальна. Таму, я думаю, там быў “Плян А” і “Плян Б” . Першы -- на выпадак, калі беларускае кіраўніцтва “адумаецца” і ня стане рэалізоўваць сваю пагрозу аб скарачэньне штату амбасады да мінімуму, і “Плян Б” на выпадак, калі Менск будзе даціскаць. Давялося дзейнічаць па другім варыянце – мяркую, гэта робіцца без асаблівага энтузіязму, без асаблівай ахвоты, бо любая эскаляцыя заўжды непрыемна і вымагае непапулярных мэтадаў.



Разам з тым для амэрыканскага кіраўніцтва было справай гонару паказаць, што яны ня згодныя гуляць паводле тых правілаў, якія спрабуе накінуць Менск. І такім рэзкім радыкальным рашэньнем ЗША паказвае, што больш мяккія лагодныя мэтады вычарпаныя, і такім чынам Вашынгтон разьвязвае сабе рукі.

Цыганкоў: “Часта кажуць, што афіцыйны Менск дзейнічае сытуацыйна, рэагуючы на нейкія зьявы. Ці чакала беларуская кіраўніцтва, што дойдзе да такіх крокаў?”

“ЗША паступілі, сыходзячы з шаблённай схемы рэакцыі на дзеяньні недружалюбнай асобы”

Чавусаў: “На мой погляд, мы назіраем толькі мінімальна патрэбны ўзровень рэагаваньня на абвяшчэньня амэрыканскіх дыпляматаў "пэрсонамі non grata". Бо ёсьць прынцыпы дыпляматычных стасункаў, і як слушна заўважыў спадар Класкоўскі, не рэагаваць на выгнаньне з краіны 10 дыпляматаў без аніякіх прычынаў – азначала страціць твар наймацнейшай дзяржавы сьвету. То бок яны зрабілі толькі тое, што вымушаныя былі зрабіць, сыходзячы з дыпляматычных традыцыяў”.

Цыганкоў: “Выходзіць, што ЗША ідуць “на паваду” ў беларускіх рашэньняў?”


Чавусаў:
“У дадзеным выпадку яны паступілі, сыходзячы з шаблённай схемы рэакцыі на дзеяньні недружалюбнай асобы. Давайце не забываць, што для Беларусі дыпляматычны крызыс ёсьць нечым новым у нашай гісторыі. А амэрыканцы такія крызысы маюць штогод з рознымі краінамі. І таму пакуль мы бачым мінімальна магчымы ўзровень рэакцыі на дыпляматычным вымярэньні. Але я не выключаю, што наступяць і іншыя рэакцыі, то бок магчымыя новыя санкцыі, якія закрануць кіроўны рэжым".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG