Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ад 1 траўня адмянілі мараторый на падвышэньне цэнаў асноўных прадуктаў харчаваньня. Экспэрты лічаць, што цэны падскочаць угору і актывізуецца памежны гандаль.


Навуковец Кірыла Коктыш ужо больш за пяць гадоў працуе і стала жыве ў Маскве. Якія тут цэны сёньня?
“Масква – гэта не Расея, як і Менск – гэта не зусім Беларусь. У Маскве можна адшукаць і нешта вельмі таннае, і вельмі дарагое. Тут вельмі многа розных опцыяў. Прыкладам, рынкавыя кошты могуць адрозьнівацца ад таго, што на паліцах, нават у тры-чатыры разы”.
Кірыла Коктыш гаворыць, што ў маскоўскіх крамах беларускіх прадуктаў небагата:
“Зьявіліся апошнім часам беларускія малако, кефір, сьмятана. Але тая ж сьмятана прадаецца ў чатыры разы даражэй, чым у Менску”.
(Карэспандэнт) “І людзі купляюць?”
“Ну, не тое, што купляюць. Ляжыць”.
Эканаміст Кастусь Скуратовіч лічыць: на падвышэньне цэнаў на прадукты ў Расеі адразу ж адгукнуцца жыхары Беларусі:
“Найперш уздымецца памежны гандаль. Электрычкамі, аўтобусамі будуць вазіць з Віцебску, Гомеля, Рэчыцы, Воршы... Аж да Барысава. Калі там кошты будуць расьці, адсюль будуць вывозіць”.
Жыхар Воршы Васіль Леўчанка перакананы: ягоныя землякі будуць гандляваць прадуктамі ў Смаленску, каб зарабіць капейчыну:
“Няма праблемаў. Тут жа да Смаленска няма і 100 кілямэтраў. Гэта бліжэй чым да Менску. Калі было у нас многа таньней, дык езьдзілі ў Расею многія. І бізнэс рабілі. Калі будзе многа дзешавей, зноў будуць езьдзіць”.
Кастусь Скуратовіч лічыць, прадуктовыя электрычкі з Беларусі зноў пойдуць на Расею:
“Я памятаю некалі лятучыя атрады рабілі, каб перахопліваць перавозчыкаў. У Расеі рынак больш дзейнічае. Там дзяржава памкнулася трошкі кіраваць, але з гэтага нічога не атрымалася.
А калі ў нас падвышаць цэны да расейскага ўзроўню? У нас жа заробкі не такія.
Сытуацыя выглядае насамрэч вельмі складанай. І яна будзе, мусіць, запатрабаваць нейкіх драконаўскіх захадаў ад дзяржавы. Тут будзе прапаганда працаваць. І патрыятызм будзе задзейнічаны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG