Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць “Начной Свабоды” – былы супрацоўнік МЗС Беларусі Міхаіл Бацян.


Знаткевіч: Ці сапраўды, як сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Дж.Мур, высланьне амэрыканскіх дыпляматаў – "беспрэцэдэнтны выпадак у ўсясьветнай гісторыі дыпляматычных дачыненьняў"?

Бацян: Я працаваў некалькі год у дыпляматыі, цікаўлюся гісторыяй дыпляматыі – сапраўды, я такога ня чуў і не чытаў, каб такое адбылося. Перада мной артыкул 11 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях 1961 году. Там напісана : "1. Пры адсутнасьці канкрэтнага паразуменьня аб колькасьці пэрсаналу прадстаўніцтва дзяржава знаходжаньня можа прапанаваць, каб колькасьць пэрсаналу прадстаўніцтва захоўвалася ў межах, якія яно лічыць разумнымі і нармальнымі, улічваючы абставіны і варункі, якія існуюць у дзяржаве знаходжаньня і патрэбы дадзенага прадстаўніцтва". Бачыце – “можа прапанаваць, улічваючы варункі” – але каб так востра аб'явіць пэрсонамі нон грата… Сапраўды, ёсьць такое польскае слова "амок" – гэта нейкае ачмурэньне, апантанасьць...

Знаткевіч: Але ж беларускае МЗС тлумачыла, што гэта дзеяньні ў адказ на тое, што амэрыканскі бок добраахвотна не прыняў рэкамэндацыі, якія ўжо былі раней. Быў выстаўлены фактычна ультыматум да сёньняшняга дня, і добраахвотна амэрыканская амбасада не скараціла колькасьць супрацоўнікаў.

Бацян: Але пра ультыматумы ў Венскай канвэнцыі ані слова не гаворыцца.

Знаткевіч: Гэта я назваў гэта ультыматумам – яны прапанавалі амэрыканскаму боку добраахвотна скараціць колькасьць дыпляматаў да 5-ці...

Бацян: Амэрыканскі бок лічыць, што яго патрэбы ўсё такі большыя. А чаму не? Напрыклад, калі нават браць консульскі аддзел амбасады, то я абсалютна перакананы ў тым, што колькасьць беларусаў, якія хочуць паехаць у Амэрыку, шматразова большая, чым колькасьць амэрыканцаў, якія хочуць паехаць у Беларусь. Значыць, колькасьць супрацоўнікаў консульскага аддзелу амэрыканскага пасольства ў Менску сапраўды павінна быць большай, чым колькасьць супрацоўнікаў консульскага аддзелу беларускай амбасады ў Вашынгтоне.

Знаткевіч: З Вашага досьведу працы ў амбасадзе – наколькі штатам у 5 чалавек можна адэкватна працаваць, выдаваць візы і выконваць дыпляматычныя абавязкі?

Бацян: Я думаю, што вельмі цяжка альбо нават немагчыма, прынамсі толькі консульскіх супрацоўнікаў можа быць 5, а амбасада павінна займацца ня толькі консульскімі справамі. У нас жа не разрываюцца дыпляматычныя зносіны. Бывалі выпадкі нават у савецкія часы, калі СССР разрываў зь нейкай краінай дыпляматычныя стасункі і пакідаў толькі консульскія стасункі, бо так можа быць, паводле існых канвэнцый. Але мне здаецца, 5 чалавек – гэта нейкі нонсэнс.

Знаткевіч: А на Вашу думку, ці можа дайсьці да разрыву дыпляматычных адносін?

Бацян: Не, я спадзяюся, што ня дойдзе, не хацелася б. Мяне ўвогуле троху дзівіць гэты антыамэрыканізм, які мы заўважаем ня першы год, – і з вуснаў кіраўніцтва дзяржавы, і ў СМІ. Я пачухаў патыліцу і падумаў: а што ўвогуле Амэрыка зрабіла дрэннага Беларусі за ўсю гісторыю? І ведаеце, доўга думаў і ня мог нічога такога знайсьці...

Знаткевіч: Але ж цяпер увялі санкцыі супраць канцэрну "Белнафтахім"...

Бацян: Я бяру гісторыю, але ж і да санкцыяў адносіны да Амэрыкі былі такімі. Усё роўна нешта антыамэрыканскае было. Да рэвалюцыі – колькі беларусаў знайшло працу, прытулак? Родная сястра маёй бабулі недзе ў Канэктыкуце жыла да 1956 году. Міжваенны пэрыяд – узгадайце кніжку А.Лукашука, калі дапамагалі з голаду не памерці ў 1920-я гг. Потым – калі Чырвоную армію кармілі амэрыканскай тушонкай.. Я не магу прыгадаць ніводнага гістарычнага факту, каб Амэрыка дрэнна ставілася да Беларусі.

Знаткевіч: Цяпер, калі ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіму", паводле сп. Мура, часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі, рашэньне Беларусі выслаць 10 дыпляматаў можа прывесьці да новых эканамічных санкцый. Як Вы лічыце, ці даб'ецца Беларусь з дапамогай ціску нейкіх саступак з боку ЗША, ці наадварот, гэта яшчэ больш ударыць па беларускіх інтарэсах?

Бацян: Мне здаецца, што справа пайшла востра... Мне здаецца, што будзе вельмі цяжка: я не перакананы, што Беларусь нечага даб’ецца. Ведаеце, надта розныя вагавыя катэгорыі дзьвюх дзяржаваў.

Знаткевіч: Як Вы лічыце, якія павінны быць крокі, каб палагодзіць гэты канфлікт і нармалізаваць дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю і ЗША?

Бацян: Самая першая справа – трэба выпусьціць з турмы Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Вось і ўсё. Але гэта не вырашала б МЗС. Я ўвогуле хачу сказаць, што мне папросту шкада глядзець на супрацоўнікаў міністэрства, я ні ў якім разе не зьбіраюся крытыкаваць міністэрства, гэта было б некарэктна, але ж яно зьяўляецца закладнікам той палітыкі, якая праводзіцца.

Знаткевіч: Вы лічыце, што ў межах цяперашняй афіцыйнай палітыкі Беларусі супрацоўнікі МЗС нічога ня могуць зрабіць, каб неяк палагодзіць канфлікт?

Бацян: Ну канечне, дыплямат можа шмат зрабіць, троху зьмякчыць сытуацыю – сваёй асобай, інтэлектам, веданьнем дзяржавы знаходжаньня. Дыплямат шмат можа зрабіць, але радыкальнага – абсалютна нічога.

Знаткевіч: Беларускія ўлады часам гавораць, што патрабаваньне ЗША вызваліць палітвязьняў – гэта ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі, маўляў, у Беларусі няма насамрэч ніякіх палітвязьняў, гэтыя людзі асуджаныя паводле крымінальных спраў. Наколькі, на Вашую думку як дыплямата, патрабаваньне вызваліць палітвязьняў адпавядае міжнародным дыпляматычным нормам?

Бацян: Беларусь падпісала Дэклярацыю аб правах чалавека, у якой дамовілася аб нейкіх нормах паводзін у сваёй краіне, і гэта хітрыкі, калі так кажуць, маўляў, мы самі што хочам, тое і творым. Не – калі мы абавязаліся выконваць нейкія нормы, мы павінны іх выконваць. Калі дамаўляецца група сяброў, як сябе паводзіць, то яны павінны гэта захоўваць. Так і тут – гэта абсалютна ніякае не ўмяшальніцтва, мы ж самі падпісаліся пад дэклярацыяй.

Знаткевіч: Акрамя вызваленьня палітвязьняў – якія яшчэ парады Вы далі б беларускім дыпляматам і беларускаму кіраўніцтву ў гэтым дыпляматычным канфлікце?

Бацян: Вельмі цяжка нешта раіць. Я жадаю, па-першае, цярплівасьці, вытрымкі, пабольш спатканьняў, пабольш сустрэч – дыплямат усё роўна можа давесьці нейкім чынам нармальную інфармацыю... Цяжка параіць, якія, але ёсьць нейкія моманты, якія дыплямат можа выкарыстаць. Ён сваёй асобай паказвае, што ён ня зь нейкага там засьценку, а што ён нармальны чалавек, нармальны прадстаўнік свайго народу – нават не дзяржавы...

Дыплямат усё адно павінен працаваць – сустракацца, тлумачыць, намёкамі, паўнамёкамі... Усё можна рабіць. Пераадолець немагчыма, але трэба рабіць. Я ведаю, як гэта было – я працаваў у Вене, калі пачыналіся цяжкасьці ў адносінах нашай дзяржавы з Эўропай і іншымі краінамі. І ўсё адно мы павінны былі ісьці, размаўляць, даказваць. Канечне, дыплямат прадстаўляе сваё кіраўніцтва, але таксама ён прадстаўляе яшчэ і народ, і сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG