Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь міліцыі Першамайскага раёну Менску выпусьцілі каля 20 моладзевых актывістаў.


17.00 Зь міліцыі Першамайскага раёну выпусьцілі каля 20 чалавек. У пастарунку іх спачатку сфатаграфавалі на картатэку, а потым зьнялі адбыіткі пальцаў. У міліцыі засталіся некалькі чалавек -- Мікола Статкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель.

16.08
Спэцназаўцы пачалі выціскаць людзей ад будынку міліцыі Першамайскага раёну ў прылеглыя двары.

14.50
На Міколу Статкевіча складаюць пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Некалькіх моладзевых актывістаў разьвялі па розных пакоях, каб скласьці на іх пратаколы.

14.35 Міліцыя затрымала яшчэ 4 чалавек: Вольгу Жураўлёву, Паўла Кур’яновіча і двух маладых людзей, чые прозьвішчы невядомыя. Ля будынку міліцыі Першамайскага раёну моладзевыя актывісты скандавалі “Свабоду”, трымаючы ў руках партрэты Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча. Агулам у пастарунку знаходзіцца каля 30 чалавек.

14.30
Моладзевыя актывісты сабраліся ля будынку міліцыі Першамайскага раёну з патрабаваньнем вызваліць затрыманых. Міліцыянты выхапілі з натоўпу Насту Палажанку. Цяпер яна папоўніла сьпіс затрыманых.

13.35 Затрыманы Мікола Статкевіч паведаміў, што ў пастарунку міліцыі Першамайскага раёну знаходзяцца 24 чалавекі.

13.30 Нецьвярозых удзельнікаў афіцыйнага сьвята 1 траўня, якое праходзіць ля будынку нацыянальнай бібліятэкі, супрацоўнікі міліцыі адводзяць у выцьвярэзьнік.

13.20 Спэцназаўцы міліцыі затрымалі і адвезьлі ў Першамайскі РАУС прэсавую сакратарку “Маладога фронту” Тацяну Шапуцьку і яе сяброўку Юлію Міхайлаву.

13.00 У Менску ў парку Дружбы народаў праходзіць сьвяткаваньне Дня салідарнасьці працоўных. Акцыю арганізавала Партыя камуністаў беларуская, да якой далучыліся актывісты незалежных прафсаюзаў. Мерапрыемства праходзіць пад лёзунгамі “Працоўнаму – прыстойны заробак!”, “Так – працы, не – зьбядненьню народа!” У маёўцы бяруць ўдзел болей за 200 чалавек. Пасьля кароткіх прамоў лідэраў Кампартыі людзі слухаюць музыкаў, гуляюць ў шахматы на турніры, падымаюць гіры і перацягваюць канат. Прэзэнтацыю сваёй газэты праводзяць журналісты партыйнага выданьня “Товарищ”. Удзельнікаў маёўкі апякуе адзін аўтамабіль ДАІ.

12.40 Аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча, актывіста руху “Джынс за свабоду” Яўгена Афнагеля і М.Статкевіча затрымалі ў той момант, калі яны ўзьнялі сьцягі Эўразьвязу на афіцыйным мерапрыемстве, прысьвечаным сьвяткаваньню 1 траўня. Сьвяткаваньне праходзіць ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Пазьней спэцназ міліцыі таксама затрымаў актывістаў “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука, Артура Фінькевіча, Алену Макарэвіч, Паўла Юхневіча, Івана Шылу, Аляксея Янушэўскага, Максіма Сергійца, Максіма Дашука, Дзяніса Барадзіна.

М.Сергійцу разьбілі галаву. Ведучы ў аўтазак А.Фінькевіча, міліцыянты перадалі па рацыі, што затрымалі “каштоўнага элемэнта”.

Усіх адвезьлі ў Першамайскі РАУС Менску.


12.30 Наваполацак. Не дазволілі пікет на 1 траўня. Заяўку ў гарвыканкам падавалі прадстаўнікі БСДП (Грамада). У пісьмовай адмове за подпісам старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Натальлі Качанавай ім паведамілі, што для правядзеньня пікету 1 траўня ў горадзе няма месца, бо ва ўсіх парках і на ўсіх плошчах будуць праводзіцца масавыя сьвяткаваньні.

Лідэр наваполацкіх сацыял-дэмакратаў Антон Ясіновіч паведаміў Радыё Свабода, што ў гэты дзень яны меркавалі прыцягнуць увагу грамадзкасьці зусім не да сьвяточных тэмаў. Падаючы заяўку на пікеты каля гарадзкога Дома культуры і ў гарадзкім парку, актывісты плянавалі зьбіраць подпісы супраць адмены льготаў, супраць кантрактнай сыстэмы і за спрашчэньне прадпрымальніцкай дзейнасьці.


12.10 Віцебск. Каля 30 прадстаўнікоў абедзьвюх камуністычных партыяў сабраліся аб 11-й раніцы на плошчы Леніна.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ПКБ Мікалай Селівашка распавёў, што заяўку на акцыю ў гарвыканкам яны падавалі, але атрымалі адмову. Прычынай адмовы гарадзкія чыноўнікі назвалі тое, што плошча Леніна не ўваходзіць у пералік месцаў, вызначаных гарвыканкамам для правядзеньня масавых акцыяў. Тым ня менш ніхто не перашкодзіў сябрам ПКБ ускласьці кветкі да помніка Леніну пасьля кароткай прамовы Мікалая Селівашкі ў гонар сьвята сусьветнага пралетарыяту. Падчас акцыі партыйцы раздалі мінакам некалькі дзясяткаў паасобнікаў газэты “Товарищ”.


12.25 Гомель: Гарвыканкам ня даў дазволу гарадзкому камітэту Партыі камуністаў Беларускай на правядзеньне 1 траўня мітынгу з нагоды дзяржаўнага Сьвята працы. Сакратар гаркаму ПКБ Валер Клімаў паведаміў, што чальцы партыі мелі на мэце праявіць салідарнасьць з працоўнымі ўсяго сьвету ў змаганьні за свае правы. Мітынг замаўляўся на пляцоўцы ля палацу таварыства глухіх “Віпра”. Гэтае месца вызначана гарадзкімі ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гарвыканкам спаслаўся на тое, што ў замове на мітынг арганізатары “не ўказалі парадак яго правядзеньня”.

Не атрымаўшы дазволу ў сябе дома, каля дзясятка гомельскіх прадстаўнікоў ПКБ паехалі сёньня на мітынг у Менск.


12.10 Берасьце. Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты пагражаюць спыніць сьвяточнае мерапрыемства дэмакратаў.

“Сёньня наша калёна з больш як 50 удзельнікаў прайшла ад плошчы Свабоды да парку імя 1 Мая. У парку мы пачалі раздаваць людзям афіцыйна зарэгістраваныя бел-чырвона-белыя (з ружай) сьцяжкі БСДП (Грамада), а таксама віншавальныя паштоўкі, агіткі і надзьмутыя каляровыя балёнчыкі. Хто тут адпачывае - вітаюць і віншуюць нас. Тым часам міліцыянты ачапілі калёну і загадваюць спыніць “кампанію агітацыі”. Усіх міліцыянтаў больш як 20”, - паведаміў спадар Маслоўскі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG