Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Травень: новы погляд на траву


Назва месяца травень не выклікае спрэчак аб паходжаньні слова – як яшчэ назваць час, калі ўсё навакол пачынае зелянець і расьці? Але як беларусам называць месца, спэцыяльна засеянае травой? Мовазнаўцы, якіх мы апыталі, не маюць пэўнага адказу.


Тое, што нашчадкі некалі будуць спэцыяльна сеяць на сваіх дзялках, дачах, агародах проста “траву” дзядам і не сьнілася. Месца для травы, або газону ўзьнікае там і тады, калі чалавек ужо не думае, як выжыць і пракарміцца, але як жыць прыгожа.

Стагодзьдзямі славяцца англійскія травяныя дываны. Іх закладаньне і ўтрыманьне – цэлая навука. Трава як зялёны мацярык прысутнічала і ў культуры беларускіх палацава-паркавых комплексаў. Цяпер усё больш людзей , асабліва пабыўшы за мяжою, адракаюцца градак і ахвяруюць тэрыторыю вакол дома ці дачы траве. Як называць гэтую тэрыторыю? Газонам, лугам, траўнікам?
Згодна слоўніку замежных тэрмінаў, “газон” мае францускае паходжаньне. Азначае дзялку зямлі з адмыслова створаным травяным паростам, якую коратка і часта стрыгуць. У славянскіх мовах прыжыліся тэрміны, сугучныя са словам “трава” : travnik у чэскай , славацкай, сэрба-харвацкай, травняк – у баўгарскай.
У беларускай сучаснай мове больш ужыванае – газон. На думку беларускага мовазнаўцы і перакладчыка Зьміцера Саўкі, тэрмін прыйшоў да нас разам з савецкімі рэаліямі. А значна раней у нашых продкаў для азначэньня месца, дзе расьце толькі трава, было іншае слова:
“Месца, на якім расьце трава, няма пустазельля, – гэта мурог. Вось гэта – наша слова, спрадвечнае, ад дзядоў-прадзядоў атрыманае. Але ў слове “мурог” ёсьць момант натуральнага паходжаньня. У слове “газон” такога моманту няма. Бо ён мае на ўвазе адмыслова пасеяную на адмыслова падрыхтаванай глебе, параўнянай, траву...”
Але мы шукаем слова менавіта для такога паняцьця—трава, спэцыяльна закладзеная для эстэтычных мэтаў. На думку Пятра Садоўскага, які вырас пад Полацкам, слова мурог не адпявядае "газону" у нашым разуменьні. На сваёй дачы ў Крыжоўцы ён мае засеяную траву і называе яе "лужком". А што наконт прапановы пераняць пашыраны славянскі варыянт travnik - траўнік? Тут, як зьвяртае ўвагу Садоўскі, выйдзе накладка са словам "травник", запазычаным, відавочна, у расейцаў -- той, хто лечыць зёлкамі, травой. Хаця ўзьніклая сінаніміка і не такая вялікая перашкода.
У Аграрна-прамысловым доме мы пацікавіліся, ці вялікі цяпер попыт на травяное насеньне? Нам адказалі:
“Цяпер – сэзон... Бо час пасадкі газону – ці вясна, ці восень. Зараз шмат стала і арганізацый розных па добраўпарадкаваньні, якія закупляюць, і прыватных пакупнікоў шмат. Усё больш па газонах, чым па бульбе...”
Дарэчы, для месца, дзе расьце бульба, беларусы маюць слова бульбянішча. Раз ёсьць бульбянішча, можа тады зьявіцца і траўнішча?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG