Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась зарэгістравана 9649 выпадкаў жаночай бясплоднасьці і 1799 – мужчынскай. Паводле афіцыйнай статыстыкі, 15% сужэнскіх пар -- бясплодныя. Наколькі гэта сур’ёзная праблема, і як яе вырашаюць у Беларусі?



У Беларусі з агульнай колькасьці сем’яў 37% (то бок 1 мільён 377 тысяч сем’яў) -- наагул ня маюць дзяцей. Натуральна, некаторыя маладыя сем’і яшчэ не пасьпелі завесьці дзетак, некаторыя наагул не імкнуцца – занятыя кар’ерай альбо жывуць, так бы мовіць для сябе. Але ўдзельная вага менавіта бясплодных пар – 15%, і гэта лічба заніжаная, таму што многія пары лечацца ананімна. Дарэчы, бясплодным прызнаецца шлюб, дзе цяжарнасьць не наступае пасьля аднаго году рэгулярнага палавога жыцьця (калі сужэнцы не засьцерагаюцца).

Асноўнай прычынай мужчынскай бясплоднасьці зьяўляюцца хранічныя прастатыты, жаночай – перарываньне першай цяжарнасьці, а таксама інфэкцыі.


“ЭКА --- не панацэя, але дапамагае ў 30 – 40% выпадкаў”

Амаль дзесяць гадоў працуюць два камэрцыйныя цэнтры ў Менску – “ЭКО” і “Эмбрыё”, і адзін у Гомелі. Яны выкарыстоўваюць сучасныя мэтады экстракарпаральнага апладненьня (так званага мэтаду ЭКА).

Распавядае галоўны лекар Цэнтру дапаможнай рэпрадукцыі “Эмбрыё»
Алег Тышкевіч:

“ЭКА – не панацэя, гэта дапамагае ў 30 – 40% выпадкаў. Але гэта адзіны мэтад, які мае такую эфэктыўнасьць, іншыя менш эфэктыўныя. Што тычыцца нашага цэнтру, мы пачыналі разам з Чыкагскім інстытутам рэпрадуктыўнай генэтыкі, мы ўзялі тэхналёгіі адтуль, мы самі не вынаходзілі ровар, мы карыстаемся тымі напрацоўкамі, якія ёсьць у Эўропе і Амэрыцы”.

Летась на базе Навукова-практычнага цэнтру “Маці і дзіця” адкрывалася першае дзяржаўнае аддзяленьне рэпрадуктыўных тэхналёгіяў.

За 2007 год ў Цэнтры “Маці і дзіця” было праведзена 27 цыкляў ЭКА, 10 жанчын зацяжарала. У бліжэйшы час яны павінны нарадзіць. Гэта сярэдні паказчык, кажа лекар гэтага цэнтру Андрэй Вітушка:

“У самых наварочаных эўрапейскіх цэнтрах 50 – 60% лічыцца проста крута”.


У краінах Эўразьвязу 3 спробы ЭКА аплачвае дзяржава

Галоўны лекар цэнтру “Эмбрыё” Алег Тышкевіч тлумачыць:

“ЭКА – адзіны мэтад, які дазваляе дасягнуць посьпеху ў безнадзейных выпадках. І ён зьяўляецца звычайным у Эўропе і Амэрыцы. То бок там гадамі бясплоднасьць ня лечаць, калі за два гады звычайнымі мэтадамі, уключна з хірургічнымі, сытуацыя не мяняеццца, робяць ЭКА. Іншая справа, што ў Эўразьвязе тры спробы ЭКА аплачвае дзяржаўнае страхаваньне. У Беларусі такога няма. У нашых бліжэйшых суседзяў, у Літве і Польшчы таксама ёсьць істотныя скідкі для пацыентаў. Незалежна ад таго, у якую клініку яны зьвяртаюцца, дзяржаўную альбо прыватную, скідкі ідуць адрасна на пацыента”.

Доктар Алег Тышкевіч распавядае пра кошты ў цэнтры “Эмбрыё”:

“Кошт прадцэдуры ЭКА ў нас 2 мільёны 760 тысяч беларускіх рублёў, гэта бяз кошту лекаў. Лекі – гэта яшчэ ад 2 да 4 мільёнаў рублёў. Лекі імпартныя, мы працуем толькі з эўрапейскімі пастаўшчыкамі, сыстэмы імпартазамяшчальнасьці ў нашым цэнтры няма. Ня трэба эканоміць на здароўі, асабліва калі гэта тычыцца эмбрыёнаў”.

У дзяржаўным цэнтры “Маці і дзіця” гэтыя паслугі крыху таньней. Распавядае дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру “Маці і дзіця” прафэсар Канстанцін Вільчук:

“Усё залежыць ад тэхналёгіі і ад прэпаратаў. Колькі каму патрэбна і якіх. У нас сама праца, самая дарагая праца каштуе 1 мільён 300 тысяч. Астатнія лекі жанчыны, якія атрымліваюць рэпрадуктыўныя тэхналёгіі, па рэцэптах набываюць лекі ў аптэках. Лекар разьлічвае схему і прэпараты. А далей – сама тэхналёгія, 1 мільён 300 тысяч”.


Рызыка ёсьць заўсёды

Лекар-неанатоляг Андрэй Вітушка не раз назіраў за дзеткамі, якія нарадзіліся пры дапамозе мэтаду ЭКА, аказваў дапамогу і дзеткам, і іх мацяркам:

“Мала таго, каб пасьпяхова прайшла апэрацыя, трэба каб усё дасьпела, разьвівалася. Часта гэта перарываецца на раньнім тэрміне цяжарнасьці, і пасьля гэта таксама заканчваецца ня надта добра, калі нараджаюцца неданошаныя дзеці, у якіх шмат праблем са здароўем. Бываюць і такія трагічныя выпадкі, калі сям’я вельмі хацела, ня раз спрабавала, уклала шмат сродкаў і сіл, пасьля гэта скончылася заўчаснымі родамі, і дзіця пасьля разьвіваецца разумова непаўнавартасным”.

Галоўны лекар цэнтру “Эмбрыё” Алег Тышкевіч тлумачць:

“Канечне, гэта ж працэдура ня простая, гэта хірургічнае ўмяшальніцтва. Тут ёсьць рызыкі і гарманальнай стымуляцыі, і хірургічнага ўмяшальніцтва, і наркозу, пра гэтыя рызыкі пацыенты ведаюць”.


У Беларусі і рэпутацыя добрая, і кошты прыймальныя

І тым ня менш, у Цэнтры “Эмбрыё” зроблена ўжо больш за паўтары тысячы ЭКА. Больш за 700 дзетак нарадзілася. У Беларусь едуць адусюль, сьцьвярджае галоўны лекар Цэнтру Алег Тышкевіч:

“ЗША, Нямеччына, Польшча, Украіна, Літва, Гішпанія, Партугалія, Ізраіль, Расея, Швэцыя, Францыя, Лівія

Карэспандэнтка: “А гэта таму што таньней альбо рэпутацыя добрая?”

“І тое, і другое. Таму што ў Эўропе 3 спробы аплачваюцца, а потым – за свой кошт. Да таго ж, жанчын пасьля 40 не бяруць на ЭКА, толькі за свой кошт. А за свой кошт у Эўропе – гэта 10 – 15 тысяч эўра”.

Немагчымасьць мець дзяцей зьяўляецца ня толькі асабістай праблемай і нават трагедыяй для многіх сем’яў. Гэта ўплывае на дэмаграфічную сытуацыю ў краіне – толькі за мінулы год колькасьць насельніцтва ў Беларусі скарацілася амаль на 25 тысяч.

XS
SM
MD
LG