Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Мур: “Пакуль у Беларусі будуць палітвязьні, будуць і эканамічныя санкцыі”


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі назваў рашэньне МЗС Беларусі "беспрэцэдэнтным выпадкам у гісторыі дыпляматычных дачыненьняў".


10 амэрыканскіх дыпляматаў маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 72 гадзін. Такім чынам колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску будзе скарочаная да 5 чалавек. Адзін зь іх -- часова павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур.
Будуць сур’ёзныя наступствы, калі ўсе палітвязьні ня будуць вызваленыя неадкладна

Джонатан Мур заявіў, што амэрыканскі бок выканае Венскую канвэнцыю аб дыпляматычных адносінах і ў тэрмін адкліча 10 сваіх дыпляматаў. Застануцца ў Менску сам спадар Мур і яшчэ 4 дыпляматы,-- верагодна, што гэта будуць консул і тыя дыпляматы, якія адказваюць за бясьпеку і матэрыяльнае забесьпячэньне амбасады.

Фармальна у сьпіс дыпляматаў, якія не абвешчаныя пэрсонамі нон-грата, ўваходзіць і амбасадарка Карэн Ст’юарт, якая больш за месяц застаецца на кансультацыях ў Вашынгтоне на патрабаваньне беларускага ўраду. Спадар Мур прызнаў, што амэрыканскі бок зьвяртаўся да беларускага з прапановай, каб і Ст’юарт, і беларускі амбасадар у Вашынгтоне Міхаіл Хвастоў вярнуліся да працы, але ў Менску адмовіліся.

Паводле Джонатана Мура, Злучаныя Штаты Амэрыкі нашмат больш занепакоеныя колькасьцю палітычных вязьняў у Беларусі, чым колькасьцю амэрыканскіх дыпляматаў.

Пасьля палітычна матываваных судоў і прыгавораў Андрэю Кіму і Сяргею Парсюкевічу колькасьць палітычных вязьняў у Беларусі вырасла да трох, уключна з Аляксандрам Казуліным. Менавіта пра гэта спадар Мур нагадаў чыноўнікам з МЗС
Эканамічныя санкцыі не залежаць ад сытуацыі ў амбасадзе
:

“Маёй першай заўвагай у часе сустрэчы ў МЗС у сераду была перасьцярога, што будуць сур’ёзныя наступствы, калі ўсе гэтыя тры палітвязьні ня будуць вызваленыя неадкладна”.

Спадар Мур прызнаў, што беларускія ўлады выдвараюць 10 амэрыканскіх дыпляматаў толькі за тое, што яны выконвалі сваю працу. Але гэтым ціскам афіцыйны Менск ня зможа дамагчыся скасаваньня эканамічных санкцыяў супраць “Белнафтахіму”, кампаніі блізкай да адміністрацыі А. Лукашэнкі.

“Эканамічныя санкцыі не залежаць ад сытуацыі ў амбасадзе. Калі ў студзені пачаўся працэс вызваленьня палітвязьняў, мы далі ясна зразумець, што чакаем вызваленьня вязьняў да канца, і што ўсе маюць быць вызваленымі, уключна з Аляксандрам Казуліным. Але гэты працэс ня быў завершаны і нават павярнуў назад. Пакуль у Беларусі будуць палітзьняволеныя, будуць захоўвацца і эканамічныя санкцыі”.

Пры гэтым спадар Мур прызнаў, што ёсьць і амэрыканскі бізнэс, які пацярпеў ад санкцыяў у адносінах да Беларусі:

“Калі санкцыі будуць пашыраныя, то шмат іншага амэрыканскага і беларускага бізнэсу пацерпіць ад такіх санкцый”.

Рашэньне аб пашырэньні санкцыяў у адносінах да Беларусі адносіцца да кампэтэнцыі Вашынгтона, зазначыў спадар Мур, і дадаў, што ён мяркуе, што гэтае рашэньне зьявіцца хутка. Пры гэтым спадар Мур заявіў, што ЗША зусім не імкнуцца нэгатыўна паўплываць на эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Ён сказаў, што не ведае, ці былі замарожаныя ў выніку амэрыканскіх санкцыяў асабістыя рахункі А. Лукашэнкі.

Спадар Мур паведаміў, што цяпер рыхтуецца новая рэдакцыя Акту аб дэмакратыі ў Беларусі:

“Вельмі важна адзначыць, што нягледзячы на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, многія людзі ў Вашынгтоне надаюць вялікую ўвагу падзеям у Беларусі. І прынамсі адзін, калі не тры кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах вельмі добра інфармаваныя аб сытуацыі ў Беларусі”.

На гэты момант амбасада ЗША выдае візы і аказвае консульскія паслугі грамадзянам Беларусі толькі ў экстраных выпадках і рэкамэндуе беларусам зьвяртацца па візы і амбасады ЗША ў суседнія краіны.

Асобная праблема, якая турбуе амбасаду ЗША, — здароўе грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Амбасада зноў зьвярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваньнем, каб яго неадкладна вызвалілі.

«Мы заклікаем удажды выканаць гэтае патрабаваньне, каб захаваць жыцьцё амэрыканскага грамадязніна, які знаходзіцца ў зьняволеньні»,— заявіў Джонатан Мур.
Амэрыканскія куткі былі закрытыя паводле рашэньняў мясцовых уладаў

Дыплямат нагадаў, што за 17 гадоў сваёй дзейнасьці амбасада ЗША паспрыяла, каб у Беларусь была накіравана дабрачынная дапамога на 270 мільёнаў даляраў. Выдадзена болей за 90 тысяч візаў, аказана фінансавая падтрымка 1000 праграмам культурных абменаў, каля 300 беларускіх студэнтаў з дапамогай амбсады вучыліся ў ЗША, 600 школьнікаў удзельнічалі ў праграмах абмену.

Амбасада таксама прадставіла на паўмільёна даляраў кніг і абсталяваньня для 12 амэрыканскіх куткоў у бібліятэках па ўсёй Беларусі.

«Як вы ведаеце, амэрыканскія куткі былі закрытыя не паводле нашай ініцыятывы, а паводле рашэньняў мясцовых уладаў».

Спадар Мур адмовіўся ад выказваньня нейкіх прагнозаў, якім чынам вырашыцца гэтая сытуацыя. Ён кажа, што ўвесь час застаецца ў кантакце з эўрапейскімі калегамі, якія таксама прызнаюць гэты ціск МЗС Беларусі на амбасаду беспрэцэдэнтным.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG