Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жукі – “Галіяфы” выдалі 4 кнігі


У вялікай залі Дому літаратара адбылася прэзэнтацыя выдавецтва “Галіяфы”. У межах праекту прадстаўлены і першыя чатыры кнігі, якія ўжо выйшлі ў выдавецтве: новыя кнігі Юрыя Станкевіча, Вікі Трэнас, Веры Бурлак і Віктара Жыбуля, Уладзімера Несьцяровіча.


Вельмі заінтрыгаваў назоў новага выдавецтва – “Галіяфы”. Таму яшчэ да пачатку прэзэнтацыі палезла ў слоўнік. На ганку Дома літаратара сустрэла заснавальніка выдавецтва, вядомага літаратара і мастака Зьмітра Вішнёва.

Карэспандэнтка: “Я налічыла як мінімум чатыры значэньні слова “галіяф”: там і нямецкая самаходная міна, і чарапаха, і воін, і нават чалавекападобны робат. Вось у вашым выпадку, што гэта?”

Вішнёў: “Энцыкляпэдыя дае “галіяф” і “галіяфы”. Гэта ўжо розныя значэньні. Але мы акрэсьлілі, што гэта афрыканскія жукі, пяць буйных афрыканскіх жукоў. У нас ёсьць шмат “зялёных”, і мы – такая партыя выдавецкая ў галіне мастацтва. Мы ратуем, каб не выміралі творчыя людзі”.

На пасаду галоўнага рэдактара запрасілі сталага літаратуразнаўцу Ўладзімера Гніламёдава. А прэзэнтацыю зладзілі, калі было ўжо што паказаць: выдадзена ўжо чатыры кнігі.

“Гэтыя чатыры кнігі сьведчаць, што гэта чатыры такія трывалыя камяні ў куткі гэтага фундамэнту, на якім будзе грунтавацца дзейнасьць выдавецтва “Галіяфы”.

Пра бліжэйшыя пляны новага выдавецтва “Галіяфы” распавяла Віка Трэнас:

“Цягам двух гадоў, гэтага і наступнага, плянуецца выдаць больш за 40 кніг. Акрамя паэзіі і прозы, выйдуць таксама пераклады з польскай і ангельскай мовай, выйдуць зборнікі крытычных артыкулаў, аналітычных артыкулаў, эсэ. Выдавецтва мае іншыя кніжныя сэрыі: “Адсутнае беларускае мастацтва”, сэрыя беларускай фантастыкі, а таксама дзіцячая сэрыя з прыгожай назвай “Сланечнікі”.

Літаратару, крытыку, загадчыку катэдры беларускай літаратуры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Пётру Васючэнку назоў выдавецтва і асацыяцыі, зьвязаныя з жукамі, вельмі спадабаліся:

“Жук -- не такое ўжо нелітаратурнае найменьне, не такі ўжо нелітаратурны лягатып. У Беларускай літаратуры працуе як мінімум дзесятак Жукоў: гэта і Алесь Жук, Ігар Жук – прафэсар, доктар навук, Кастусь Жук. Нагадваю пра тое, што жук сакралізаваны ў Эгіпце. Мне таксама гэтая істота таксама вельмі грэе сэрца, я маю сантымэнт да братоў нашых меншых. Ёсьць яшчэ такая жаба, галіяф, таксама вельмі мілая істота. Апавяданьне Эдгара По “Залаты жук” таксама гаворыць пра хараство гэтай істоты. І я перакананы, што гэта ня значыць, што ў літаратуру палезуць жук і жаба. Ёсьць крытыкі, ёсьць каманда, якая адрозьніць істотнае ад неістотнага”.

На прэзэнтацыі выступілі і аўтары, чые кнігі ўжо выйшлі ў выдавецтве “Галіяфы”. У Веры Бурлак з Віктарам Жыбулем выйшаў зборнік вершаў “Забі ў сабе Сакрата”.

“Паводле канцэпцыі выдавецтва, “Галіяфы” – гэта жукі, жукі – гэта “Бітлз”. Я зычу, каб у кніжнага выдавецтва было столькі ж прыхільнікаў, як і ў “Бітлз”.

XS
SM
MD
LG