Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пярэжары, Валожынскі раён


Вёска Пярэжары ляжыць у пойме Іслачы за мястэчкам Ракавам. Калі сканчаецца асфальт і пачынаецца лясная грунтоўка, увагу падарожніка ня можа не прыцягнуць дзіўны помнік, збудаваны, мяркуючы па архітэктуры, больш за сто гадоў таму.


Высокая мураваная каплічка з гонтавым дахам. Але ні шыльды, ні надпісу каля помніка няма. Ён усталяваны ў памяць аб бітве расейскага войска з часткамі напалеоўнаўскай арміі пры яе адступленьні. Хоць пафарбаваны помнік у чырвоны колер, у Пярэжарах яго здавён называюць Белым слупом. І ставяцца да яго вельмі пачціва. Але пра гэта крыху пазьней.






Я ўжо даўно не зьдзіўляюся амаль ідэальнай беларускай мове з вуснаў вясковых людзей беларускага Захаду. Але пачуць літаратурную мову з вуснаў чалавека нестарога, гараджаніна, прыемна заўжды. Міхал прыехаў зь Менску дапамагчы з гаспадаркаю сваякам.





Карэспандэнт: “Ці зьмянілася вёска з часоў вашага дзяцінства?”

Міхал: “Канечне. Іншая культура стала. Раней у нас кожную суботу кожны павінен быў падмесьці, навесьці парадак. Гэта было заведзена. Такога не было, каб на бацьку слова благое сказаць. Ці на старэйшага. Гэта цяпер ніхто не глядзіць. Мат-перамат. Вось у нас дзядок быў, у гэтай хаце жыў. Той, калі сядзіць на лаўцы, ідзе чалавек, дапусьцім дзіця ідзе. Ён павітаецца, здымае шапку. “Дзень добры!” І вось так вітаў”.

Карэспандэнт: “А што дзяды расказвалі пра жыцьцё за палякамі? Яны сумавалі па гэтым жыцьці?”

Міхал: “Канечне. Свая зямля была. Вось у майго дзеда была зямля. Лес свой. Каля Іслачы была зямля”.

Я заўсёды пытаюся ў нестарых людзей пра вяртаньне дзедаўскай спадчыны. І заўжды атрымліваю рэакцыю, як у Міхала. Ён махнуў рукою. Маўляў, якая спадчына, хто яе верне. Што ўдалося бальшавікам, дык гэта ня толькі пазбавіць людзей уласнасьці, але і жаданьня радавую ўласнасьць вярнуць.

Ганна Мазура, худзенькая старая, у твары якой захавалася шмат юначага, лічыць сябе чалавекам шчасьлівым. Бо яе сям’я ў часы “вызваленчага паходу Чырвонай Арміі”, хоць і пазбавілася зямлі і жывёлы, але не была высланая.






Карэспандэнт: “Вы памятаеце, як яны прыходзілі?”

Ганна: “Толькі памятаю, як хадзілі тут, стралялі, а мы каля Іслачы хаваліся ў густым лесе. Каровы былі пры нас, коні. А пасьля хтосьці нам гукнуў, што “аслабадзілі нас”, “рускія прышлі”. І мы ўжо з гэтымі каровамі, і яны ўжо нам рукой махаюць. Рускія. Ведаем, што ня немцы. Ня страшна ўжо ісьці. І ўсе ўжо лятуць. “Аслабадзілі, аслабадзілі!” Пасьля гэтага на высылкі забіралі многа. Раскулачвалі. Хто меў коні, каровы, вывозілі на Сыбір. Мала хто вярнуўся адтуль. Там і прапалі людзі”.

Карэспандэнт: “А хадзілі размовы пра гэта ў сем’ях?”

Ганна: “Не. Ноччу прыедуць, забяруць. Ніхто нічога і ня ведае. Куды паехалі і што. Ніхто не вярнуўся з нашай вёскі”.

Карэспандэнт: “А што расказвалі пра гэты “Белы слуп”?

Ганна: “Некалі мой татка казаў, што некалі вайна ішла. Генэрала нейкага пахавалі. Францускі генэрал. А пасьля, казалі, каля гэтага слупа закапаная баба зь дзіцем. Служанка была ў паноў ды прыспала дзіця. Казалі, што пахавалі жыўцом. Нянька не дагледзела”.

Калісьці ў Пярэжарах была свая царква на могілках. Яе зьнішчылі падчас другой хвалі барацьбы з рэлігіяй, у хрушчоўскія 60-я. Але і ў Пярэжарах барбарства не прайшло беспакарана. Як выглядала тая царква, памятаюць толькі старыя, але пра лёсы ваяўнічых бязбожнікаў ведаюць усе.

Ганна: “Там крыж стаяў. Але каторыя не прызнавалі Бога, сьцягнулі гэты крыж у лес, там пакурожылі. І гэтыя людзі прапалі. Хто хварэў, а хто сам павесіўся. Ніхто ня выжыў. Хто зьдзекаваўся над гэтай верай. Нашу царкву раскідалі. Бабы пайшлі, тамака гаварылі: “Нашто? Гэта ж наша паграбніца. Тут толькі нябожчыкаў ставяць на ноч. Я не пайшла, на працы была. А старыя бабы хадзілі, каб захаваць гэту царкву. Ну і што вы думаеце? Той, каторы прыйшоў раскідаць, настаўнік, сякеру ўзяўшы, з тэхнічкай. Дык тэхнічка шэсьць год хварэла, спаралізаваная была. А ён памёр”.

Якое задавальненьне назіраць за клясычнай працаю беларускага селяніна. Конь, плуг, ральля. Ад часоў Фэрдынанда Рушчыца гэты малюнак ня страціў сваёй глыбіннасьці. У Пярэжарах яшчэ нестары селянін, у бэйсболцы “Мальбара” араў зямлю. Разгаварыліся. Селянін аказаўся родным братам пісьменьніка Вячаслава Рагойшы, Міхалам. Робіць ён на мясцовай фэрме. Напэўна, не на аграгарадках і не на крэдытах трымаецца наша сельская гаспадарка. А на такіх вось мужыках-магіканах. Для якіх зямля — галоўны сэнс жыцьця.






Карэспандэнт: “А вы не шкадуеце, што ў маладосьці не пераехалі ў горад?”

Міхал: “Я быў у горадзе. Быў і вярнуўся назад, на бацькаўшчыну”.

Карэспандэнт: “А што пацягнула?”

Міхал: “Не люблю я горад. Я там не магу да абеда пабыць. Людзі туды-сюды. Трамваі, тралейбусы. Не ляжыць душа. Тут у мяне конік свой. Патрошку калупаюся”.

Карэспандэнт: “Вы робіце за плугам. Як сто гадоў таму, як дзьвесьце гадоў таму. Як прадзеды рабілі. Вам гэтая праца прыносіць задавальненьне?”

Міхал: “Так. Сёньня першы дзень. Там пабаранаваў, бачыце за плотам? Ужо весялей. Як узяўся за плуг, за барану, зусім нейкі іншы настрой. Хоць рукі, ногі пабольваюць, але ж трэба”.

Рагойша — не адзіны пісьменьнік, які нарадзіўся ў Пярэжарах. У міжваенным часе ў Вільні на слыху было імя пярэжарца Кастуся Стахоўскага, больш вядомага ў роднай вёсцы па мянушцы “амэрыканец”. Лёс гэтага незвычайнага чалавека сам просіцца на экран. Нарадзіўся ён у 1877 годзе, працаваў у Вільні на чыгунцы, падчас Першай расейскай рэвалюцыі ўдзельнічаў у эсэраўскіх дывэрсіях. Уцякаючы ад “ахранкі”, з фальшывым пашпартам эміграваў у ЗША, дзе прайшоў шлях ад чорнарабочага да багатыра. Напісаў дзьве кнігі пра свае блуканьні. Сябраваў з Максімам Танкам. Не аднойчы бываў у сталінскім СССР. Разам з Горкім езьдзіў у турнэ па ГУЛагу. І пры гэтым застаўся сацыялістам. У Пярэжарах да сёньня жыве ягоная сваячка — Галіна Стахоўская.






Галіна: “Гэта майго мужа дзеда родны брат”.

Карэспандэнт: “А вы чыталі кнігі ягоныя?”

Галіна: “Я чытала, але даўно забылася”.

Карэспандэнт: “А тады шмат людзей зьяжджала працаваць у Амэрыку?”

Галіна: “Зьяжджалі людзі”.

Карэспандэнт: “Калі прыйшлі першыя Саветы, іх сустракалі са страхам ці з радасьцю?”

Галіна: “Адразу сустрэлі з такой радасьцю. Цалаваліся. Харошыя байцы. Прыехалі на конях у вёску. Шапкі з пупамі. І тут цалаваліся. А тады, як прачулі, як граніца адкрылася, што там “чорны воран” вазіў людзей. Людзі ж мелі памногу зямлі, дык тыя сухары сушылі. Вось тады страху было. Сталі сваякі прыходзіць сюды і расказалі, як “чорны воран” ходзіць і людзей хапае”.

Карэспандэнт: “А да гэтага ня ведалі?”

Галіна: “Нічога ня ведалі. Нічога. Туды многа пайшло хлопцаў. Ішлі за мяжу. І хто пайшоў, не вярнуліся. Усіх іх там пакатавалі. Я вам пра гэтага амэрыканца раскажу. Ён прыяжджаў з Амэрыкі, а мая цётка, мамы сястра родная, пад Менскам жыла. А мы тут. І ён пры Польшчы, ён жа камуніст быў, свабодна езьдзіў у Расею. Яго там не чапалі. Толькі прыехаў ён туды, у цёткі маёй спыніўся. Начаваць. Дык тая цётка да дня, сон ня ўзяў цэлую ноч, паляцела даносіць. Заявіць, што прыехаў амэрыканец з Польшчы. Яна ж ведала, што ён у Амэрыцы. Прывітаньні прывёз ад мамы маёй”.

Карэспандэнт: “А ён на яе не крыўдаваў?”

Галіна: “Ён раніцай, як устаў, яе ж яшчэ не было. Як прыйшла, ён гаворыць: “Ну што? У НКВД ужо была?” Яна гаворыць: “Заявіла. А што ж ты думаў?” “Ня бойся, дарэмна я цябе не папярэдзіў. Але як схадзіла, добра”. Па ўсёй ён езьдзіў Расеі”.

Памёр Канстанцін Стахоўскі ў 1949 годзе. І, як кажа спадарыня Галіна, пакінуў пасьля сябе немалую спадчыну. Якую запісаў на сваю пярэжарскую каханку.

Галіна: “Тут з нашай вёскі была ў яго паненка. Ухажорка. Гэнага амэрыканца. Дык вось спадчына там ёсьць. У Амэрыцы. Гэта ўжо прачулі мы”.

Карэспандэнт: “А гэты Канстанцін зьехаў у Амэрыку?”

Галіна: “Там і памёр ён. Камуніст гэты наш”.

Карэспандэнт: “Сваю спадчыну запісаў на сваю каханку?”

Галіна: “На сваю каханку”.

Карэспандэнт: “А ў вас няма крыўды на яго, што запісаў спадчыну?”

Галіна: “Нават і ня думалі мы пра гэта”.

Які рамансавы сюжэт! Такому і Дзюма пазайздросьціў бы. Пакінуць увесь свой капітал пасьля сьмерці былой каханцы. І тым самым застацца ў памяці жывых. Бо хто прачытае тыя забытыя кнігі? А вось легенда пра пакінутае за акіянам золата будзе ў Пярэжарах жыць вечна.




XS
SM
MD
LG