Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці выжывуць недзяржаўныя арганізацыі Беларусі пасьля падвышэньня арэнднай платы?”


24 красавіка ўвайшоў у моц указ № 533, паводле якога для большасьці недзяржаўных арганізацый арэндная плата павысіцца амаль у 10 разоў.



Гэтыя дзеяньні ўладаў маюць чыста эканамічныя мэты ці палітычныя? Ці павінна дзяржава падтрымліваць грамадзкія аб’яднаньні? Якія наступствы можа мець гэты ўказ для трэцяга сэктару Беларусі?

Удзельнікі: старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і палітоляг Юрый Чавусаў.


Якіх мэтаў дамагаюцца ўлады?

Bалер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Прэзыдэнцкі ўказ № 533 адмяніў паніжальны каэфіцыент для стаўкі арэнднай платы некамэрцыйных арганізацый. Здаецца, пытаньне эканамічнае, нават тэхнічнае. Вядома, што кошты растуць на ўсё, у тым ліку на камунальныя паслугі. Аднак у выніку гэтага тэхнічнага рашэньня для большасьці недзяржаўных арганізацый (НДА) плата за арэнду офісаў вырасьце ў 10 разоў. Шмат якія арганізацыі будуць вымушаныя адмовіцца ад арэнды. А калі няма офісу, то ўзьнікае пагроза існаваньню саміх НДА. Гэтыя дзеяньні ўладаў маюць чыста эканамічныя мэты (атрымаць прыбытак ад росту арэндных плацяжоў) ці палітычныя (зьнішчыць трэці сэктар Беларусі)?”


Алег Трусаў: “Тут, як цяпер модна казаць, два ў адным. На першае месца я б паставіў палітычны момант. Але і эканамічныя мэты таксама маюць месца. Частка арганізацый, асабліва тыя, якія маюць мясцовых спонсараў ці замежных, гэтыя грошы знойдуць. Таму ўлада хоча забіць двух зайцоў адным стрэлам”.

Юрый Чавусаў: “Па-першае, патрэбна ўдакладненьне. Больш карэктна трэба было б казаць не пра адмену гэтага паніжальнага каэфіцыента, а пра значнае памяншэньне прасторы ягонага выкарыстаньня. Паводле гэтага ўказу, для арганізацый, якія створаныя з мэтай ажыцьцяўленьня гуманітарнай дзейнасьці, ільготны каэфіцыент захоўваецца. Іншая справа, што няма мэханізму вызначэньня, якая арганізацыя займаецца гуманітарнай дзейнасьцю. Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці самаўхіліўся ад вызначэньня таго, якая арганізацыя гуманітарная, а якая не.

Што тычыцца прычынаў зьяўленьня гэтага ўказу. Мы назіраем працэс зацягваньня паясоў. Адмянілі льготы для звычайных грамадзянаў. Цяпер адмяняюць льготы для грамадзкіх арганізацый. Тут дамінуюць эканамічныя чыньнікі. Іншая справа, што эканамічныя праблемы вырашаюцца адміністрацыйнымі мэтадамі.

Ня думаю, што дзяржава атрымае значны прыбытак у бюджэт ад адмены гэтых льготаў. Бо грошай у грамадзкіх аб’яднаньняў няма. Але цяпер дзяржава стаіць перад палітычным рашэньнем: ці дазволіць захавацца ў Беларусі незалежнай грамадзянскай супольнасьці?”


Ці павінна дзяржава падтрымліваць грамадзкія аб’яднаньні?

Карбалевіч: “Значная частка НДА захавае льготную арэндную плату. Гэта арганізацыі, якія займаюцца дабрачыннасьцю, дзецьмі, аб’яднаньні інвалідаў, творчыя саюзы і інш. Але і на Захадзе ня ўсе НДА маюць ільготы, а толькі тыя, якія маюць прыкладна такую ж скіраванасьць, пра якую мы гаворым. Дык, можа, пэўная рацыя ў такіх захадах улады і ёсьць? Чаму дзяржава павінна падтрымліваць, напрыклад, арганізацыю аматараў кветак ці паштовак? Любыя хобі грамадзянін павінен рэалізоўваць за ўласны кошт”.

Алег Трусаў
Трусаў: “Амаль ва ўсіх краінах Эўропы і ЗША грамадзянін, які падтрымлівае пэўныя грамадзкія аб’яднаньні, атрымоўвае падатковыя льготы. Ёсьць сьпіс такіх арганізацый. Больш за тое, некаторым арганізацыям дзяржава дапамагае сама.

І ў Беларусі да 1996 году дзяржава фінансава дапамагала нашаму Таварыству беларускай мовы (ТБМ). І тады нам не патрэбная была льготная арэнда.

Раскажу пра цікавы досьвед. Пасьля выхаду гэтага ўказу я дзеля цікавосткі разаслаў ва ўсе банкі, зарэгістраваныя ў Беларусі, просьбу аб фінансавай дапамозе. Прасіў ахвяраваць 3 мільёны рублёў. Гэта хопіць на месяц, каб утрымліваць сядзібу ТБМ. Пачалі прыходзіць вельмі цікавыя адказы. Аказваецца, улады ўжо вызначылі банкам, якім арганізацыям можна дапамагаць, а якім — не. ТБМ не ўваходзіць у гэтыя невядомыя грамадзтву сьпісы”.

Карбалевіч: “Сп. Трусаў, вы сказалі, што ў Эўропе і ЗША льготы маюць ня ўсе арганізацыі, а толькі тыя, якія трапілі ў адмыслова вызначаныя сьпісы. І ў Беларусі вось, па вашай інфармацыі, ёсьць такія сьпісы. У чым розьніца?”

Трусаў: “Справа ў тым, што на Захадзе ёсьць тры тыпы арганізацый. Па-першае, ёсьць арганізацыі, якія падтрымлівае сама дзяржава. Затым ёсьць арганізацыі, падтрымоўваючы якія, грамадзянін атрымоўвае падатковыя льготы. Нарэшце, ніхто не забараняе рабіць дабрачыннасьць, фінансава падтрымліваць усе астатнія арганізацыі. Напрыклад, тыя ж кветкаводы могуць зьвярнуцца да фірмы, якая гадуе кветкі, і атрымаць ад яе дапамогу. Гэта выгадна абодвум бакам”.

Чавусаў: “Па-першае, не існуе адзінай мадэлі фінансаваньня няўрадавых арганізацый. Але сытуацыя, падобная да беларускай, ня можа паўстаць нідзе ў Эўропе.

Найперш, у Беларусі існуе фактычная манаполія дзяржавы на валоданьне нежылымі памяшканьнямі. З 90-х гадоў дзяржава занялася прадпрымальніцкай дзейнасьцю, стала здаваць памяшканьні ў арэнду. Дзяржава кантралюе ня толькі тыя памяшканьні, якія кантралюе Упраўленьне справамі прэзыдэнта (гэта самыя ласыя маёмасныя кавалкі ў Менску), але і памяшканьні, якія належаць дзяржаўным прадпрыемствам. Таму недзяржаўныя памяшканьні знайсьці вельмі складана.

Другі аспэкт. У іншых краінах няма такой праблемы для НДА, як юрыдычны адрас. Там няма абмежаваньняў для іх рэгістрацыі на прыватнай кватэры. Больш таго, за мяжой ніхто не забараняе дзейнасьць незарэгістраваных НДА. Існуе шмат арганізацый, якім памяшканьне для офісу непатрэбнае. Але яны вымушаныя гэта рабіць, каб мець юрыдычны адрас.

Беларусь паводле памераў абмежаваньня спонсарскай падтрымкі ці атрыманьня грантаў знаходзіцца на адным узроўні з Туркмэністанам, калі браць СНД. Горшай сытуацыі больш няма нідзе. Дэкрэты № 8, № 24 абмяжоўваюць для НДА магчымасьць атрымоўваць замежную дапамогу. Ёсьць указ, які пералічвае мэты, на якія могуць ахвяраваць беларускія юрыдычныя асобы. Сьпіс гэтых мэтаў абмежаваны. Напрыклад, мэты падтрымкі праваабарончай дзейнасьці там няма. Фактычна адзіная крыніца свабоднага атрыманьня грошай для НДА — гэта ахвяраваньні прыватных асобаў. Таксама ёсьць забарона на прадпрымальніцкую дзейнасьць НДА з 2005 году.

Атрымоўваецца, што беларускія НДА і грошай ня могуць атрымаць, і дзяржава патрабуе ад іх высокай арэнднай платы, якую яны абавязаны плаціць, каб мець юрыдычны адрас. Таму беларуская сытуацыя выключная і трохі кафкіанская”.

Якія наступствы можа мець гэты ўказ?

Карбалевіч: “У Беларусі зарэгістравана 2255 НДА. Колькі іх вымушаныя будуць ліквідавацца, колькі захаваецца пасьля гэтага ўказу? Ці варта казаць пра пагрозу ўсяму трэцяму сэктару Беларусі?”

Трусаў: “Гэта пагроза для ўсіх. Але наша дзяржава вельмі выбарачна ставіцца да розных НДА. Напрыклад, калі арганізацыя нічога ня робіць ці робіць тое, што выгадна ўладам, то яе могуць і не спытаць пра юрыдычны адрас, яна можа не плаціць за арэнду.

А вот такой арганізацыі, як наша, ужо прыслалі за тры месяцы з гарвыканкама паперу, што з 24 красавіка мы павінны плаціць 10 эўра за 1 квадратны мэтар. Мы вымушаныя закрыць свой офіс у Салігорску, бо найбагацейшая ў Беларусі кампанія “Беларуськалій” таксама выставіла нам рахунак за офіс 10 эўра”.

Юры Чавусаў
Чавусаў: “Указ зьявіўся паўгода таму. Шмат арганізацыяў выказалі пратэст. І ўлады вымушаныя былі прызнаць, што праблема ёсьць. Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ва Ўпраўленьне справамі прэзыдэнта з прапановай урэгуляваць магчымасьць наданьня льготных каэфіцыентаў па арэндзе. Бо сотні арганізацый пастаўленыя на мяжу існаваньня. Сярод іх шмат арганізацый непалітызаваных, якія выконваюць функцыі дзяржавы. І калі яны перастануць існаваць, дзяржаве давядзецца браць на сябе гэтую працу, выдаткоўваць грошы і інш.

Цяпер мала хто з НДА знайшоў таньнейшыя памяшканьні, напрыклад, у прыватных арэндадаўцаў. Сотні арганізацый апынуцца ў падвешаным стане. Ня думаю, што Міністэрства юстыцыі, абласныя ўпраўленьні юстыцыі пачнуць масавую ліквідацыю НДА, якія не заплацілі арэнду. Але ў такім падвешаным стане арганізацыі страцяць магчымасьць ажыцьцяўляць нейкую дзейнасьць”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG