Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму б уладзе ня даць Казуліну магчымасьць адказаць Лукашэнку?”


Агляд Званокў на Свабоды за 30 красавіка


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



29 красавіка Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся са штогадовым пасланьнем да народу і парляманту. Кіраўнік дзяржавы казаў пра посьпехі свайго кіраваньня, крытыкаваў апазыцыю, а таксама заявіў, што пытаньне з палітвязьнямі закрытае. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць выказваньні Лукашэнкі:

Зіноўеў: “Калі б у Авальнай залі Парлямэнту нехта бачыў справаздачу Нацыянальнага банку, ня стаў бы ён эканоміць на льготах”.

Спадар: “Вось слухаю цяпер Рыгоравіча, пасланьне Нацыянальнаму сходу. Хлусіць Рыгоравіч, што ў Копысі няма беспрацоўных. Я зараз пайменна магу пералічыць чалавек дваццаць, а можа, і болей, ня ўлічваючы тых, хто ў Расеі”.

Спадар Віктар: “Наконт выступу прэзыдэнта на адрас Казуліна. Ён жа сам прызначаў Казуліна на пасаду. Пры гэтым ішла грунтоўная праверка КДБ і іншымі органамі да сёмага калена продкаў Казуліна, яго якасьцяў, здольнасьцяў. А чаму б ня даць выступіць Казуліну ці сесьці зь ім за “круглы стол”, правесьці дыскусію, паразважаць? А абгаворваць, ведаючы, што не дасі іншаму выказацца, нізка і подла”.

Спадар: “За выступ Лукашэнкі перад дэпутатамі я нават “двойку” не магу яму паставіць. Гэта наіўны нейкі пераказ гаспадарчай дзейнасьці, рутыннай дзейнасьці, але са смакам выхваленьня. Я зьвярнуў увагу на твары гэтых дэпутатаў. У іх вочы на лоб палезьлі ад таго, што ён нёс”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Я цяпер жыву ў маленькім гарадку. Тут толькі адна сям’я з усіх, каго я ведаю, размаўляе паміж сабой па-беларуску. І гэта адзіная краіна, дзе я сустракала людзей, якія казалі, як яны ненавідзяць беларускую мову. Гэта была і настаўніца расейскай мовы, этнічная беларуска; і людзі, якія адмаўляліся выпісваць газэту, бо яна была на беларускай... Я сама руская, але па-беларуску магу гаварыць. Зараз “Новую зямлю” Якуба Коласа асільваю… Гэта называецца “нацыя бяз мовы”. А нацыя бяз мовы ня можа быць нацыяй, на жаль. Але толькі ня трэба ківаць на русыфікацыю. Ужо як “прэсавалі” карэла-фінаў ды і іншыя народнасьці ў выдатным Савецкім Саюзе. А там маці зь дзецьмі буркуюць на сваёй мове. Я гэта на свае вушы чула. Прыбалтыка размаўляе на сваёй мове, кіргізы — усе размаўляюць на сваёй мове, хоць прэсінг быў ня меншы, чым у Беларусі. Відаць, гэта асаблівасьць этнасу. На жаль. Да пабачэньня”.

Слухачцы адказвае выкладчык філязофіі магілёўскага Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту Аляксей Бацюкоў:

“Цалкам згодны з гэтай жанчынай. На жаль, гэта наш боль, наш сум. Што тут можна зрабіць? Павялічыць самапавагу. Самапавага павялічваецца тады, калі нацыя атрымлівае агульнанацыянальныя здабыткі, перамогі, каштоўнасьці. Гэта адзіны шлях, які можа нам дапамагчы. Саманепавага, агіда да свайго роднага карэніцца ў нацыянальных комплексах. А яны вылечваюцца толькі адным чынам: празь перамогі, вытручваньне зь сябе комплексу непаўнавартаснасьці. Цяпер у нас ёсьць незалежнасьць — гэта асноўны шлях, па якім мы можам пайсьці, каб гэты комплекс задушыць. Саму нацыю можа зьяднаць дзяржаўнасьць. На жаль, пакуль яна атрымлівае форму дзяржаўнасьці бяз мовы”.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Добры дзень, Радыё Свабода. Я ў трэцім пакаленьні ахвяра сталінскага камуністычнага рэжыму. За тое, што дзядуля добраахвотна не ўступіў у калгас, яго забілі. Забілі і дзядзьку. Па віне камуністычнага рэжыму мая маці і я зь сястрой засталіся сіротамі з 13 гадоў. Крыж у Курапатах пастаўлены і маім родным таксама. Таму я зьвяртаюся да ўраду: спыніце вандалізм у Курапатах! Да таго часу, пакуль на афіцыйным узроўні мы памятаем пра ахвяраў фашызму і наўмысна забываемся пра ахвяраў камунізму, будзе працягвацца вандалізм і ў Курапатах, і на могілках краіны. З павагай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG