Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба было 15 гадоў таму паляпшаць здароўе нацыі...”


Як вы лічыце, ці зьменіцца ў Беларусі палітыка ўладаў пасьля апошняга пасланьня прэзыдэнта да народу й парлямэнту? Ці насьпела патрэба ў зьменах? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Хлопец: “Думаю, што вонкавая палітыка застанецца такая, якая была. Магчыма, нешта зьменіцца ўнутры краіны, але, думаю, неістотна”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, ці насьпела патрэба ў зьменах?”

Хлопец: “Думаю, што так. Да прыкладу, узяць сфэру адукацыі: я плачу за здачу тэстаў, то я павінен іх і выкарыстоўваць некалькі разоў”.

Спадарыня: “Я й так думаю, што мы жывём лепш і лепш. Я, дарэчы, задаволеная тым, што менавіта ён у нас прэзыдэнт”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, ці насьпела патрэба ў зьменах?”

Спадарыня: “Толькі ў тых зьменах, якія прывядуць да лепшага жыцьця”.

Спадар: “Нейкае запозьненае рашэньне: праводзіць зьмены. Трэба было 15 гадоў таму пачынаць са зьменаў, з таго, каб палепшыць здароўе нацыі, падымаць сельскую гаспадарку. Цяпер ужо, на маю думку, у народу зьнікла ахвота, дый рукі ў людзей апускаюцца. А тым болей падымаць сельскую гаспадарку...”

Спадар: “Трэба абавязкова мяняць усё й карэнным чынам”.

Карэспандэнт: “Што вы канкрэтна маеце на ўвазе?”

Спадар: “Усё: эканоміку, вонкавую палітыку, усё, усё, усё... Вось што ў нас стабільна разьвіваецца? Карупцыя, а больш нічога. Жывуць толькі тыя, хто пры ўладзе, а астатнія...”

Спадарыня: “Зьмены, вядома патрэбныя. Вось, да прыкладу, адукацыя. Навошта нам 12-гадовая адукацыя? Дастаткова 10 клясаў, бо 12 — гэта ўжо занадта, яны ўжо ня вучацца, а проста гуляюць.

З ільготамі для пэнсіянераў таксама жорстка абышліся. У іх не такія ўжо вялікія пэнсіі, а купіць лекі — дорага. Яны ж у большасьці хворыя, ім патрэбна трохі таньней купіць лекі”.

Спадар: “У нас трэба падвысіць заробкі, бо яны не паўсюль аднолькавыя. Атрымліваюць у асноўным чыноўнікі, а рабочыя, як правіла, нічога”.

Хлопец: “Магчыма, нейкія зьмены на адміністратыўным узроўні адбудуцца, дадуць нейкія новыя ўказаньні, але ня больш”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, ці насьпела патрэба ў зьменах?”

Хлопец: “Хацелася б бачыць больш зьменаў у нацыянальнай культуры. Лічу, што адукацыя ў краіне павінна весьціся па-беларуску, і пачынаць трэба зь дзіцячага садка. Адукацыя павінна быць беларускамоўнай. Мая такая думка”.

Міхал Карневіч, Горадня
XS
SM
MD
LG