Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: дыктафон супраць міліцэйскай хлусьні


Сёньня ў судзе Берасьцейскага раёну адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкага актывіста Дзяніса Турчанюка. Судзьдзя Тацяна Ісаева вярнула міліцэйскае абвінавачваньне да дапрацоўку з прычыны “грубых памылак і несапраўдных зьвестак”.


На паседжаньні суду прысутнічаў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін. Ён даводзіць, што Турчанюка затрымалі 25 красавіка, каб не дапусьціць да ўдзелу ў “Чарнобыльскім шляху” ў Менску:

“Паводле рапарту старшага лейтэнанта міліцыі Базылюка, нібыта “Дзяніс Турчанюк пры праверцы дакумэнтаў паводзіў сябе з выклікам і брыдкасловіў з хуліганскіх памкненьняў”. Да гэтага рапарту далучаныя яшчэ тлумачэньні напарніка міліцыянта. Але Дзяніс усю гэтую гутарку запісваў на свой дыктафон. Ну, і на дадатак усе гэтыя паперы — пратакол, тлумачэньні і рапарт — аформленыя без Дзяніса Турчанюка, няма ягонага подпісу. Калі судзьдзя пабачыла іх, то адправіла на дапрацоўку”.

Паведаміў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін. Суразмоўца таксама ўдакладніў, што Дзянісу Турчанюку 30 гадоў, ён прадпрымальнік, мае вышэйшую адукацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG