Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачынаецца ў Беларусі працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі”? Ці баіцца Аляксандар Лукашэнка Аляксандра Казуліна? На гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя з учорашнім штогадовым пасланьнем кіраўніка дзяржавы, адказвае палітоляг, рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль


Цыганкоў: “У сваім пасланьня Аляксандра Лукашэнка шмат казаў пра неабходнасьць інвэстыцыяў, інавацыяў, і менавіта эканамічнаму блёку было прысьвечана найбольш увагі. Некаторыя аналітыкі загаварылі ўжо пра тое, што ў Беларусі, магчыма, пачынаецца працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі”. Ці вы згодныя з гэтай вэрсіяй?”

Кароль: “Па сутнасьці, працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі” ці, як выказаўся адзін эканаміст-аналітык, “сынгапурызацыі” Беларусі ўжо пачаўся. І пачаўся пра відавочным супраціве кіраўніка Беларусі. Ягоная прамова пацьвярджае, што ён быў вымушаны прызнаць ціск абставінаў, якія прымушаюць яго ісьці на пэўнае рэфармаваньне эканомікі.

Але адначасова застаецца і палітычны аспэкт ягонай прамовы– з абразьлівымі выпадамі на адрас апазыцыі. І гэты складнік прамовы пярэчыць ўстаноўкам на эканамічныя перамены. Таму магчымы вынік такога рэфармаваньня эканомікі ня пойдзе нават у тых рамках, якія былі ў Сынгапуры. Бо гэта будзе пярэчыць лёгіцы палітычных паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі”

Цыганкоў: “Чаму пра некаторыя тэмы Лукашэнка па ранейшаму ня можа гаварыць спакойна, ураўнаважана? Гэта найперш апазыцыя і ў прыватнасьці Аляксандар Казулін...”

Кароль: “Бо Лукашэнка адчувае, што любое рэфармаваньне, нават толькі ў сфэры эканомікі, можа выйсьці з-пад кантролю і прывесьці да палітычных пераменаў, у выніку якіх ён можа страціць сваю ўладу. І гэта дыктуе “эмацыйныя”, узрушаныя выпады на апазыцыю наагул, і канкрэтна, на Аляксандра Казуліна, якога Лукашэнка відавочна лічыць сваім галоўным супернікам, і лічыць, што ён пагражае стабільнасьці ўлады”.

Цыганкоў: “Як бы вы ацанілі крытычныя выпады Лукашэнкі на адрас ствараемай арганізацыі “Белая Русь”? Наколькі яны былі шчырымі, ці адлюстроўвалі яны сапраўды скептычнае стаўленьне Лукашэнкі да гэтага праекту?”

Кароль: “Я думаю, якраз тут словы кіраўніка дзяржавы былі шчырымі і адлюстроўвалі ягоны рэальны скептыцызм да гэтага праекту. Палітычная партыя, нават “ручная”, ня ўпісваецца ў лёгіку той вэртыкалі ўлады, якую стварыў Аляксандар Лукашэнка”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG