Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “Што толку з таго, што Лукашэнка нешта скажа?”


“Ці слухалі вы штогадовае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі да парлямэнту й народу? Што найбольш зацікавіла вас у пасланьні?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадарыня: “Не было часу слухаць. Тут сваіх праблем хапае... А яшчэ палітыка?!.”

Спадар: “Ня слухаў. Спэцыяльна слухаць я не хачу. Ня так даўно я вычытаў у газэце “Комсомольская правда”, што эканамічна мы адсталі ад Расеі на 14—15 гадоў. Вось гэта мяне не задавальняе. А што толку ад таго, што Лукашэнка нешта скажа? Мы ўжо на пятнаццаць гадоў адсталі. Значыць, надалей мы будзем яшчэ болей адставаць”.

Спадар: “Нават ня ведаў пра выступленьне. Ня надта моцна мяне турбуе палітыка”.

Спадарыня: “Я ў Аляксандра Рыгоравіча хацеў бы спытаць, чаму цэны растуць, а заробкі стаяць на месцы? І ніхто гэта не кантралюе”.

Спадарыня: “Не дае Лукашэнка моладзі разьвівацца. Менавіта рэалізаваць сябе моладзі не дае”.

Спадар: “Пасланьне мяне асабіста не цікавіць. Я — пэнсіянэр , пэнсію атрымліваю”.

Спадарыня: “Я чула, што ён выступаў і казаў, што ў нас будзе ўсё добра. А што канкрэтна — ня ведаю. Я б хацела, каб асабіста ў мяне была праца, каб я мела працу й заробак і жыла як мае быць. Цяпер я ежджу ад біржы занятасьці ў калгас. Учора была ў эксбазе “Ўваравічы”. Мы там перабіралі бульбу і нам за працу далі па 10 кіляграмаў бульбы. А колькі каштуе дзесяць кіляграмаў бульбы?! Гэта жах!”

Спадарыня: “Я ўвечары паслухаю пасланьне. Хацелася б, каб навукоўцам, настаўнікам паднялі заробкі й пэнсіі, бо кепска так жыць”.

Спадарыня: “Лукашэнка толькі пачаў выступаць — я сышла з дому. Цяжкавата! Ня ўсе могуць добра зарабляць”.

Спадар: “У мяне проста радыё няма і тэлевізара таксама няма”.

Спадарыня: “Я слухала. Мяне цікавіла маё жыцьцё. А маё жыцьцё заціскаюць і заціскаюць, забіраюць і забіраюць. Раней за кватэру я плаціла меней, цяпер напоўніцу плачу. Усё стала даражэйшым. А пэнсію я толькі на дваццаць тысяч атрымала большую. А што гэтыя 20 тысяч — нават у краму ня сходзіш”.

Спадар: “Я ўдзячны Лукашэнку! Як інвалід вайны я атрымліваю добрую пэнсію, мне далі кватэру”.

Спадарыня: “Я пачала слухаць, а потым зьехала. Усё, што ён скажа, я зь ім салідарная”.

Спадарыня: “Ня слухала — я ж на працы. Тэлевізара ў нас няма, радыё няма. У нас вельмі маленькі заробак — мы працуем у службе быту. Вельмі малы заробак. Аднаму немагчыма жыць. Калі яшчэ муж ёсьць, то сяк-так”.

Спадар: “З раніцы мяне не было дома, не было крыніцы, зь якой можна было б паслухаць Аляксандра Лукашэнку. На жаль. Мяне цікавіць, чаму так мала жытла будуецца для людзей? І чаму будуецца так шмат лядовых палацаў і футбольных палёў? Гэта мяне больш за ўсё цікавіць”.

XS
SM
MD
LG