Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Руйнаваць крыж яны ня мелі права”


Сёньня ва ўрочышчы Курапаты адбудзецца ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.


Сёньня а 18-й гадзіне сябры мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры запрашаюць грамадзянаў у Курапацкі лес. Тут пройдзе ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Прысутныя ўскладуць кветкі да мэмарыяльных крыжоў і запаляць сьвечкі. Такія акцыі адбываюцца штомесяц 29 чысла.

Напярэдадні на паседжаньні мэмарыяльнай сэкцыі абмяркоўвалася сытуацыя вакол зносу крыжа ў вёсцы Дражна Старадароскага раёна. Ён быў усталяваны прадстаўнікамі грамадзкасьці ля могілак у памяць пра мірных жыхароў, расстраляных партызанамі ў Другую сусьветную вайну. Шасьціканцовы крыж быў асьвечаны праваслаўным сьвятаром.

Аднак мясцовыя ўлады палічылі, што крыж быў усталяваны незаконна. Таму, паводле намесьніка старшыні райвыканкаму спадара Давыдава, крыж падлягаў дэмантажу.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў:
“Мы прыйшлі да высновы, што з боку ўладаў былі незаконныя дзеяньні. Адпраўленьне хрысьціянскага культу ля могілак і на могілках дазволена законам. А гэта ўсё прыцягнулі да несанкцыянаванага мітынгу”.

Нагадаем, старшыня сэкцыі Вячаслаў Сіўчык адбывае 15 сутак арышту за ўсталяваньне гэтага крыжа. Таварыства аховы помнікаў накіравала ліст у Старадароскі райвыканкам з патрабаваньнем вярнуць крыж на месца.

“А цяпер мы будзем складаць тэкст звароту да прадстаўнікоў ўсіх хрысьціянскіх канфэсій, што выканаўчай уладай руйнуюцца асьвечаныя хрысьціянскія сымбалі. З боку ўлады былі і неправавыя дзеяньні, і амаральныя. Руйнаваць крыж яны ня мелі ні маральнага, ні юрыдычнага права. Крыж – гэта ўшанаваньне памяці ахвяраў. Ідзе сёмы дзесятак год пасьля сканчэньня другой сусьветнай вайны. І трэба ўсіх ахвяраў шанаваць. Гэта проста першы прыклад, калі ахвярам такіх гвалтоўных дзеяньняў менавіта савецкіх партызан быў усталяваны мэмарыяльны знак.Там жа былі зьнішчаны мірныя жыхары. І гэта беспрэцэдэнтны выпадак, каб руйнаваць крыж памяці”.

Паводле сябра мэмарыяльнай сэкцыі Ўладзімера Раманоўскага, рэакцыя ўладаў была занадта жорсткай:

“Яны разглядаюць гэту сытуацыю як палітычную пагрозу, бо асуджэньне Сіўчыка было па палітычным артыкуле”.

Мэмарыяльная сэкцыя працягне сёньня ўшанаваньне памяці ахвяраў таталітарызму ў Курапацкім лесе:

“Тое што нас штораз суправаджаюць спэцслужбы – гэта таксама самавольства адносна маралі людзей, якія ўшаноўваюць памяць і самавольства адносна ахвяраў, якія тады былі. Гэта дэманстрацыя падкантрольнасьці грамадзкасьці нават у такой сьвятой справе як памінаньне памяці ахвяраў рэпрэсій”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG