Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Неўзабаве ўсе перастануць баяцца” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


33-гадовы рабочы-будаўнік Сяргей Каваленка — адзін з тых, каго затрымалі ў Віцебску 26 красавіка, на апошнія ўгодкі чарнобыльскай катастрофы. Ён выйшаў на цэнтральную вуліцу Леніна з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам і праз колькі крокаў апынуўся ў атачэньні чатырох міліцыянтаў. Пакуль чакалі службовую машыну, Сяргей працягваў трымаць сьцяг, які высока лунаў над галовамі віцебскіх мінакоў.

Выходзіць са сьцягамі, выкарыстаньне якіх лічыцца несанкцыянаваным пікетаваньнем і караецца арыштамі, Сяргей Каваленка лічыць найбольш прыдатным для сябе сродкам змаганьня супраць таго, чым ён незадаволены ў сёньняшняй Беларусі.

Каваленка: “Калі забараняюць рабіць нешта, мне падабаецца рабіць насуперак — супраць прыгнечанасьці нашага народа, супраць забітасьці... Я нязгодны з тым, што ў краіне ўціск, што людзі бянтэжацца размаўляць на роднай мове. А я хачу, каб людзі былі больш адкрытыя, больш шчырыя і не баяліся нікога!”

У мінулым годзе Сяргей Каваленка стаў сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. А ў кола віцебскіх апазыцыянэраў ён трапіў праз знаёмства з Барысам Хамайдам — проста падышоў да “Сіняга дому”, дзе спадар Хамайда штодня распаўсюджвае незалежную прэсу. І яны пасябравалі — нягледзячы на 27 гадоў розьніцы ва ўзросьце і жыцьцёвым досьведзе.

Хамайда: “Яшчэ ў 2005 годзе ён пачаў падыходзіць да мяне, пра жыцьцё размаўляць. Я казаў: “Падыходзь, хлопец”. Я адчуваў, што ў яго ёсьць нейкі ўнутраны стрыжань. І вось у гэтыя апошнія некалькі месяцаў я зразумеў, наколькі гэта надзейны хлопец, які плячо падставіць, ня здрадзіць. Моцны хлопец — такі, якім і павінен быць сапраўдны беларус”.

За апошнія некалькі месяцаў, дакладней — з пачатку 2008 году Сяргея Каваленку тройчы затрымлівалі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. За гэта ў Дзень Волі 25-га сакавіка хлопцу прысудзілі 10 сутак арышту. Наступным разам у ізалятар часовага ўтрыманьня Каваленка трапіў роўна празь месяц — 26 красавіка. 28 красавіка яго прывезьлі ў суд Чыгуначнага раёну, туды ж прыйшлі ягоная маці Лідзія Ўладзіміраўна і малодшы брат Віталь.

Размаўляць пра сынавы палітычныя перакананьні Лідзія Каваленка катэгарычна адмовілася. Сказала, што ня верыць у тое, што праз выхады ў горад зь бел-чырвона-белымі сьцягамі можна дамагчыся нейкіх зьменаў у грамадзтве. Дадала, што зь ягонай адукацыяй тэхніка-электроншчыка ён мог бы жыць заможна і на зайздрасьць іншым, а не сядзець “суткі” пад арыштам, і што на суд яна прыйшла толькі таму, што яго шкадуе.

Распавесьці пра сямейныя непаразуменьні на палітычнай глебе пагадзіўся толькі 26-гадовы Віталь — брат Сяргея Каваленкі:

“У нашай сям’і Сяргею часта кажуць: “Навошта табе гэта ўсё?” Кажуць, што павінны быць іншыя ідэалы — сям’я, да прыкладу, — у яго ж ёсьць маленькі сын. Жонка не падзяляе ягоных поглядаў. Яна працуе ў школе настаўніцай. Да яе на працу прыходзілі міліцыянты, пыталіся пра Сяргея — чым ён займаецца, ці падзяляе яна ягоныя погляды. Для яе гэта быў шок, бо яна кажа, што хоча рабіць кар’еру, а цяпер баіцца, што ёй перашкодзяць. Але я, як брат, Сяргея падтрымліваю. Сам, можа, я да гэтага яшчэ “не дасьпеў”, а Сяргей змагаецца за незалежнасьць Беларусі, дабіваецца сваёй праўды”.

На суд да брата Віталь Каваленка ўпершыню ў жыцьці надзеў бел-чырвона-белы шалік, зь якімі тутэйшыя апазыцыянэры ходзяць на акцыі. Сяргей Каваленка, убачыўшы гэта, заўважыў: “Вось і ўсе неўзабаве перастануць баяцца, я ў гэта веру”.

Сяргей Каваленка


Старэйшы сябар Барыс Хамайда


Маці, Лідзія Каваленка


Брат, Віталь Каваленка


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG