Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на “Свабоду”: “Ніякага кантролю за радыяцыйным станам дзяцей няма”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 красавіка, панядзелак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску прайшоў Чарнобыльскі шлях. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтую падзею:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Я ўрач-пэдыятар з 26-гадовым стажам. На Чарнобыльскі шлях хаджу з 1999 году. Лічу, каб распаўсюдзіць праўду пра наступствы “мірнага атаму”, аднаго дня на год мала. Ведайце і вы, што зараз два перапоўненыя анкагематалягічныя цэнтры, у шмат разоў вырасла колькасьць дзяцей з хваробамі сэрца. Ніякага кантролю за радыяцыйным станам дзяцей няма. Таму сёньня — я на Чарнобыльскім шляху, хоць і блякавалі мяне ў Асіповічах”.

Спадар: “Пабываў я на Чарнобыльскім шляху і скажу вам, што шкадоблівае было відовішча. 26 красавіка — гэта дзень памяці памерлых у выніку аварыі на ЧАЭС — самай страшнай катастрофы ў XX стагодзьдзі. Але апазыцыя ператварыла гэтае шэсьце, памяць пра загіблых, у баляган. Моладзь крычала, грукала ў барабаны. Хіба гэтак шануюць памяць пра загіблых? Сорам”.

Выказваньне камэнтуе адзін зь сяброў аргкамітэту дзеля правядзеньня Чарнобыльскага шляху Ўладзімер Лабковіч:

“Беручы ўдзел у такіх імпрэзах, трэба памятаць і паважаць памяць памерлых у выніку аварыі. Але ж мы павінны думаць і пра будучыню. І таму адзін з асноўных лёзунгаў быў — памяць дзеля будучыні. Таму і задавалася пытаньне: чаму ў Беларусі будуецца АЭС непразрыста ад беларускага грамадзтва? Як сябе паводзіла моладзь? Яны выказвалі свой пратэст супраць пабудовы атамнай электрастанцыі, і яны мелі на гэта права”.

Аляксандар Лукашэнка з чарговым візытам пабываў у рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Выказваньні слухачоў:

Сталы слухач: “З нагоды паездкі Аляксандра Рыгоравіча ў чарнобыльскія рэгіёны. Для мяне было адкрыцьцё, што там адраджаюцца аграгарадкі, людзі вяртаюцца да жыцьця, жыцьцё наладжваецца. Гэта вельмі хораша, малайцы”.

Спадар: “Паводле Лукашэнкі, у нас усё чыста, радыяцыі няма ўвогуле. Тады чаму ж у нас няма здаровых дзяцей?”

Спадар: “Коштам свайго жыцьця і здароўя ліквідатары-чарнобыльцы выратавалі мільёны чалавек. Народ гэтага ніколі не забудзе, але беларуская дзяржава ў іх усё забірае. Відавочна, што лукашэнкаўскі эканамічны цуд лопнуў, як пухір”.

Лідэр прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч, асуджаны на 2,5 года зьняволеньня за зьбіцьцё ахоўніка турмы, зараз абскарджвае гэтае рашэньне ў судзе горада Менску. Камэнтар слухача:

Віктар Буто, Менск: “Суды ўжо на 100% выкарыстоўваюцца для адбіраньня любых канстытуцыйных правоў і свабодаў у невінаватых грамадзян. Яны ўжо не адрозьніваюцца ад сталінскіх, дзе дзяржаўныя службоўцы займаліся шмат чым, але не выкананьнем сваіх абавязкаў перад незаконна пацярпелымі людзьмі. Дзякую”.

Працягваем праграму выказваньнямі пра ранейшыя праграмы Радыё Свабода:

“Наконт запрашэньня спадара Янчэўскага ў вячэрні эфір “Свабоды”. Мы такіх ідэолягаў штодня можам глядзець па БТ”.

Іосіф Клямята, Віцебск: “Пачуўшы прозьвішча Янчэўскі, падумаў, што адміністрацыя прэзыдэнта апынулася ў кадравым тупіку, калі даверыла ідэалягічную сфэру такому некампэтэнтнаму маладому чалавеку. І колькі яшчэ цяжкіх выпрабаваньняў давядзецца вытрываць нашым навукоўцам, літаратарам, каб ня страціць тое, што характарызуе духоўнасьць і маральнасьць беларускага народа!”

XS
SM
MD
LG