Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: я даведаўся пра Чарнобыль дзякуючы “Свабодзе”


Аляксандар Мілінкевіч – пра мэты і вынікі “Чарнобыльскага шляху”


Караткевіч: Актывісты стваранага Вамі руху "За свабоду" пачынаюць збор подпісаў супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. Чаму Вы і Ваш рух выступаеце супраць пабудовы атамнай станцыі?

Мілінкевіч: Таму што ўсё гэта робіцца закрыта, няма публічнай дыскусіі. Невядома, чаму эканамічна гэта патрэбна. Я ведаю, што сёньняшнія станцыі не на поўную магутнасьць загружаныя, і няма куды дзяваць выкіды. Невядома, хто будзе будаваць, якая тэхналёгія. І таму ў закрытым грамадзтве, дыктатарскім грамадзтве, я лічу, мы павінны супрацьстаяць рашэньню, якое не адпавядае нашым інтарэсам і невядомае для нас.

Караткевіч: На сайце "Нашай Нівы" Зьміцер Дашкевіч заявіў, што Беларусі патрэбная атамная станцыя дзеля энэргетычнай бясьпекі. А ці ёсьць у Вас канцэпцыя, як вырашаць пытаньне энэргетычнай бясьпекі?

Мілінкевіч: Прыйдзе час, і можа, мы пачнем рамаўляць пра атамную станцыю. Але мы будзем пераконваць лдзей, што гэта патрэбна для таго, каб мець бясьпеку. А сёньня хутчэй за ўсё станцыя будзе пабудаваная расейцамі. Я ня супраць расейцаў, але тэхналёгіі ў іх не такія, як у японцаў, французаў ці амэрыканцаў. Гэта вельмі важна, па якіх тэхналёгіях будзе будавацца. І, з майго гледзішча, атамная станцыя можа існаваць, хаця ў сьвеце іх будуецца ўсё менш і менш, трэба таксама пра гэта гаварыць. І я думаю, што мы можам вырашыць праблему энэргазабесьпячэньня іншымі мэтадамі. Прынамсі, у грамадзтве павінна быць шырокая, дэмакратычная, адкрытая дыскусія.

Караткевіч: Якія канкрэтныя дакумэнты падрыхтаваныя Вашым рухам дзеля вырашэньня сытуацыі з эканамічнай бясьпекай?

Мілінкевіч: У эканоміцы вялікія праблемы, таму што эканоміка не рэфармаваная, не адбылося неабходнай прыватызацыі, няма свабоды для бізнэсу, зьнішчаецца малы бізнэс. Сытуацыя ўсё больш трывожная, і мы можам трапіць у залежнасьць ад іншых краінаў.

Я лічу, што трэба пачынаць са зьменаў у заканадаўстве, якое тычыцца прадпрымальніцтва і дзяржаўных прадпрыемстваў. Многае можна зрабіць – мы транзытная краіна. Мы маем працавітых адукаваных людзей, многае можам зрабіць. Але сёньня бізнэс вывозіць свае капіталы ў іншыя краіны – гэта вельмі небясьпечна. І тут ня толькі энэргазалежнасьць, тут увогуле эканамічная залежнасьць ад пэўных дзяржаў.

Караткевіч: Вы былі адным з арганізатараў і заяўнікаў сёньняшняй акцыі. Як правіла, гэтая акцыя была адной з самых масавых дэманстрацый пратэсту, нязгоды з палітыкай цяперашніх уладаў. Як Вы ацэньваеце сёньняшнюю акцыю?

Мілінкевіч: Фармальна, калі падысьці, 2-3-4 тысячы, якія прыйшлі – гэта няшмат. Але таксама трэба разумець, што людзі стомленыя вулічнымі акцыямі, ня так многа людзей гатова выйсьці і прадэманстраваць сваю грамадзкую пазыцыю. Па-другое, заўтра Вялікдзень. Мы ехалі па Менску – пусты горад. І сярэдняе, і старэйшае пакаленьне зьехала, была ў асноўным моладзь. Таму я не лічу, што акцыя непасьпяховая, хаця канечне хочацца, каб кожны раз людзей было больш.

Караткевіч: Дзе Вы былі 26 красавіка 1986 году, калі памятаеце?

Мілінкевіч: Памятаю – я быў у Гародні і нічога ня ведаў, як іншыя, але дзякуючы таму, што слухаў радыё ня толькі беларускае, а ў тым ліку і "Свабоду", і польскія станцыі, я даведаўся пра аварыю адным зь першых.
XS
SM
MD
LG