Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС падводзяць пад савецкае заканадаўства?


Колькасьць пляцовак пад будучую беларускую АЭС днямі скарацілася на адну.


Экспэртная камісія адкінула варыянт з будаўніцтвам станцыі на Верхнядзьвінскай пляцоўцы на мяжы з Латвіяй. Цяпер засталося тры варыянты: Краснапалянская і Кукшынаўская пляцоўкі – адпаведна ў Чавускім і Шклоўскім раёнах на Магілёўшчыне, а таксама Астравецкая блізу літоўскай мяжы. Канчатковае рашэньне, дзе будуць будаваць, абвесьцяць да канца 2008 году.

Некаторыя экспэрты яшчэ намагаюцца пераканаць улады, што будаваць атамную станцыю ў Беларусі немэтазгодна і рызыкоўна. Ці ёсьць верагоднасьць, што ўлады прыслухаюцца да меркаваньня апанэнтаў?

Напачатку года Аляксандар Лукашэнка падпісаў пастанову “Аб разьвіцьці атамнай энэргетыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. Паводле дакумэнту, першы энэргаблёк беларускай АЭС пабудуюць у 2016 годзе, другі – у 2018-м. Агульная магутнасьць складзе 2 тысячы мэгават. Уласная беларуская атамная энэргетыка, паводле разьлікаў, дазволіць зэканоміць 5 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу – гэта чацьвёртая частка ад патрэбаў Беларусі. Кошт будоўлі, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 5 да 10 мільярдаў даляраў.

Акадэмікі зацыкліліся на расейскім досьведзе

Прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў Міхаіл Бурш паведаміў, што экспэртыза працягваецца на трох пляцоўках у Шклоўскім, Чавускім і Ашмянскім раёнах. У першай дэкадзе траўня ў Адміністрацыю прэзыдэнта ляжа справаздача з навуковым абгрунтаваньнем усіх плюсоў і мінусаў розных пляцовак.

У інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч сказаў, якімі базавымі дакумэнтамі мяркуецца кіравацца падчас функцыянаваньня АЭС:

“Мы ў тым ліку раімся зь дзяржавамі, з замежнымі калегамі, якія маюць у гэтым дастатковы досьвед. Ня буду хаваць, што ў аснову нашага заканадаўства мы бярэм савецкае заканадаўства, зараз адаптаванае ў Расеі. І, канечне, абапіраемся на нормы МАГАТЭ. Таму што ў прынцыпе за базавыя мы ўзялі тыя дакумэнты, якімі кіруецца Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы”.

Пэрспэктыва будаўніцтва ў Беларусі АЭС падзяліла грамадзтва на два лягеры. Адзін бок упарта пераконвае: раней ці пазьней Беларусь непазьбежна мусіць зрабіць выбар на карысьць АЭС. Другі кажа пра амаральнасьць будаўніцтва атамнай станцыі ў краіне, якая найбольш пацярпела ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ёсьць яшчэ трэці бок. Гэта мэдыкі, якія кажуць, што беларусы яшчэ не адышлі ад чарнобыльскіх наступстваў. Хоць некаторыя зь іх, як лічыць кандыдат мэдычных навук Сяргей Карыцька, ня больш цяжкія, чым іншыя шкодныя звычкі:

“Ісьціна павінна быць пасярэдзіне. Калі я скажу, што яны там жывуць, і ім канцы, як некаторыя лічаць, гэта будзе няпраўда. Калі скажу, што гэта карысна – таксама няпраўда. Пражываньне зь любым шкодным фактарам прыносіць шкоду. Іншая справа – якая ступень рызыкі. Хадзіць па дарозе таксама шкодна, можа зьбіць машына. Паліць шкодна, даказана ўсім сьветам – разьвіваецца рак лёгкіх. Ужываць прадукты зь нітратамі шкодна.

То бок, людзі павінны вызначыць ступень рызыкі. І калі ў мяне 1,5 кюры ў Лунінцы, і нікуды не схавацца, то кожны чалавек і дзяржава павінны максымальна прыбраць з жыцьця іншыя фактары рызыкі. Дапусьцім, я ліквідатар, атрымаў дозу. Але ёсьць яшчэ шкодны фактар – паленьне. Кіну паліць – зьменшу далейшую рызыку.

Абсалютна няправільна казаць – усё, радыяцыя вядзе да гібелі нацыі. Хоць і не кажу, што гэта абсалютна не ўплывае. Мы павінны чалавеку казаць: так, гэта шкодна. Але паколькі ў нас такая дадзенасьць – тут жыць, мы павінны зьменшыць іншыя шкодныя фактары. А не наадварот”.

Альтэрнатыўная энэргетыка дзяржаву не ўражвае

Фізык-ядзершчык, кандыдат тэхнічных навук Ягор Фядзюшын за савецкім часам уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады фізыкі радыяцыйных пашкоджаньняў пры Дзяржкамітэце атамнай энэргетыкі СССР. Перакананы, што цяпер аднолькава трэба бараніць Беларусь і ад “чарнобыльскага пекла”, і ад “ядзернага раю”. Ён адзін з ініцыятараў руху “За бязьядзерную Беларусь”, які маецца супрацьстаяць палітычнаму рашэньню ўладаў узводзіць АЭС. Аднак у дзяржаўных структурах пазыцыя на карысьць альтэрнатыўнай энэргетыкі асаблівага разуменьня не знаходзіць:

“Пакуль усе мае звароты да дзяржаўных структураў у асноўным аднабаковыя. Кажуць так: у вас свая думка, а ў нас – дзяржаўная праграма. Маўляў, усё ідзе згодна з плянам, прынятае рашэньне – робім. Але, трэба сказаць, ёсьць і пэўныя зрухі. Рыхтуецца да адкрыцьця Інстытут альтэрнатыўнай энэргетыкі, будуць падтрымліваць новыя крыніцы энэргетыкі. Але ж генэральны накірунак – усё ж АЭС.

Я лічу і буду лічыць, што трэба разьвіваць новыя тэхналёгіі. У сьвеце прапановы ёсьць, трэба навукоўцам трохі паварушыцца і знайсьці тое-сёе. Хай зробяць добры патэнтны пошук, выберуць некалькі тэхналёгій з тым, каб заплянаваны інстытут ужо быў мадэрнізаваны. Я прапанаваў калегам з Інстытуту ядзернай энэргетыкі, каб яны гэта ініцыявалі. Але ў адказ – нам за тое грошы ня плацяць, нам трэба за гэта грошы атрымаць. Літаральна толькі што размаўляў з адным з намесьнікаў дырэктара”.

Спадар Фядзюшын лічыць будаўніцтва АЭС у Беларусі стратным. Бо атамная энэргетыка, кажа ён, – гэта тэхналёгіі, якія распрацоўваліся яшчэ ў 1960-70-я гады. Навуковец дадае, што ад 2000 году паліва для АЭС падаражэла ў 20 разоў, тады як газ – толькі ўтрая.

А вось экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак лічыць, што будаўніцтва АЭС краіне пойдзе на карысьць. На думку эканаміста, Беларусь ня можа бясконца залежаць ад настрою Расеі, якая ў сыравінным пытаньні і без таго намёртва прывязала Беларусь да сябе:

“Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, зразумела, можа, ня лепшы варыянт для Беларусі. Асабліва, калі ўлічыць усё тое, што прыпала на Чарнобыль, і ўсё, што потым было з нашым народам. Але ж нават дзяржавы, якія прыпынілі пабудову ядзерных электрастанцый – Італія ды іншыя, – зноў узяліся за гэтую тэму.

Справа ў тым, што ўся Эўропа сёньня сядзіць на расейскай іголцы. Відавочна, то Расея назірае, я усё глыбей і глыбей Эўропа заглынае гэты кручок, і пачынае дыктаваць свае палітычныя ўмовы адносінаў з дзяржавамі як памежнымі, зь Беларусьсю, так і зь іншымі. Таму ядзерная электрастанцыя трэба, каб будавалася”.

Але, робіць удакладненьне спадар Гусак, нельга дапусьціць, каб Беларусь атрымлівала паліва для АЭС з Расеі. Ядзерны рэактар, мяркуе Гусак, павінен быць францускі, швэйцарскі ці амэрыканскі. Калі ўсталяваць расейскі рэактар, то ў гэтым выпадку паліва будзе ісьці з Расеі, дзякуючы чаму беларусы чарговым разам прыкуюць сябе да Расеі. А незалежнасьці – палітычнай ці эканамічнай – гэта Беларусі не дадасьць.

Беларусь расплачваецца за канцэпцыю ЦК КПСС

Адным з пасьлядоўных супраціўнікаў будаўніцтва АЭС у Беларусі – эколяг і пісьменьнік Васіль Якавенка. Ён перакананы, што ў любой іншай краіне ўлады вынесьлі б такое стратэгічнае пытаньне на ўсеагульнае абмеркаваньне.

“Пэўна, што людзі прагаласавалі б супраць. Але ж у нас могуць “прагаласаваць” і безь людзей, зрабіць так, як уладам гэта патрэбна. У тым сэнсе, што нават не галасуючы і без падліку галасоў потым агалосяць патрэбныя вынікі. І тады ўлады ўвогуле б атрымалі карт-блянш – маўляў, народ з намі, бо пры любым раскладзе ўсё будзе паказана як трэба, гэта ўсім вядома. Але паказальна, што нават у гэтай сытуацыі, калі павялася такая завядзёнка з фальсыфікацыямі выбараў і плебісцытаў, і тое яны баяцца праводзіць рэфэрэндумы. Дык пра што тут можна ўвогуле казаць?”

Дэмакратычныя актывісты і простыя грамадзяне зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва АЭС у іхным рэгіёне. Каля двух тысячаў подпісаў сабрана актывістамі “Антыядзернай групы”, гэтую колькасьць мяркуецца давесьці да пяці тысячаў. Ініцыятыву падтрымалі ў Горацкім, Аршанскім, Чэрыкаўскім раёнах, на Мсьціслаўшчыне.

Аднак высілкі невялікіх экалягічных арганізацый збольшага застаюцца марнымі, а сабраныя подпісы папросту ўладамі ігнаруюцца. Чаму не практыкуюцца радыкальныя захады, ажно да прыкоўваньня сябе кайданкамі да агароджаў ці будаўнічай тэхнікі, апрабаваныя заходнімі змагарамі супраць разьмяшчэньня вайсковых базаў ці будаўніцтва аб'ектаў кшталту АЭС? Вось меркаваньне Івана Нікітчанкі – старшыні праўленьня сацыяльна-экалягічнага аб'яднаньня “Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў”:

“У нас гэта наўрад ці магчыма. Там калі прыкавалі, дык за гэтым народ сочыць, прыцягнутая агульная ўвага, улады неяк рэагуюць. А ў нас жа ніхто не рэагуе! Ну, і стой, колькі заўгодна. Пакуль АМАП не прыедзе.

І тут яшчэ ёсьць іншае пытаньне. Мы маглі б іх судамі зацягаць (з гэтым мы яшчэ разьбярэмся). Але тут нібыта дзяржаўным органам і прэтэнзіі складана прад'явіць. Яны жывуць па канцэпцыі, навязанай нам яшчэ ў 1989 годзе маскоўскім атамным лобі. Яно ішло з ЦК КПСС у выглядзе канцэпцыі “бясьпечнага пражываньня” нават пры ўзроўні атрыманьня дозы 7 бэр. Ад пачатку навязвалі ажно 35, але мы адбіліся, хоць 7 усё ж пакінулі.

А 7 бэр – гэтак жа небясьпечныя, як і 35. Таму зараз мы якраз займаемся зборам матэрыялу, пасьля чаго выйдзем з патрабаваньнем памяняць канцэпцыю. Яна павінна быць без парогаў, бо радыяцыі бясьпечнай няма. Любая радыяцыя ўрэшце сьмяротная для чалавека”.
XS
SM
MD
LG