Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях завяршыўся хвілінай маўчаньня <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Менску адбылося адзначэньне гадавіны Чарнобыльскай аварыі. Удзельнікі Чарнобыльскага шляху прайшлі ад Акадэміі навук да капліцы на Арлоўскай.

16.50 Чарнобыльскі шлях-2008 завяршыўся. Людзі ўсклалі кветкі да памятнага каменю ахвярам Чарнобылю, запалілі сьвечкі і ўшанавалі памяць хвілінай маўчаньня. З заключным словам выступіў Павал Севярынец. Людзі пачалі разыходзіцца. Некалькі дзясяткаў анархістаў прайшлі да аўтобуснага прыпынку на вуліцы Арлоўскай. Спэцназ міліцыі абкружыў натоўп. У некалькіх чалавека супрацоўнікі МУС адабралі сьцягі, сымболіку, дзіды ад сьцягоў. Затрыманьняў не было.

16.40
Чаму анархісты пакінулі калёну? Калёна анархістаў, якія не пажадалі ўдзельнічаць у дазволеным мітынгу на Бангалоры, працягвае рухацца па вуліцы Арлоўскай. Іх пільнуе міліцыя. Адзін з удзельнікаў гэтага шэсьця кажа:

“Мы лічым, што зьмена ўлады нічога не вырашае ў грамадзтве. Зьмены ажыцьцяўляюцца толькі чынам усеагульнага грамадзкага ўздыму, калі зьмяняецца ня толькі ўся гэтая адміністрацыйная лінія, а зьмяняецца сьвядомасьць, зьмяняецца нешта ў кожнага чалавека ўнутры. А таму мы адасабляемся ад усіх гэтых пустых слоганаў пра зьмену ўлады і выходзім на вуліцу”.

16.34
Калёна падходзіць да капліцы Памяці ахвяраў Чарнобыля. Там шмат людзей, якія прыйшлі асьвяціць велікодныя стравы. Дэманстранты выбпралі такі маршрут, каб ім не замінаць.

16.35
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка: пра масавасьць акцыі, пра стаўленьне да Чарнобылю, пра будаўніцтва АЭС:


“...Я думаю, што ўлады робяць усё, каб людзі ня думалі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы: для беларускага здароўя, генэтычнай будучыні і эканомікі. Калі людзей фактычна прымушаюць жыць у зоне. Калі студэнтаў гвалтам разьмяркоўваюць у Чарнобыльскую зону, прычым палітычна актыўных студэнтаў, як нядаўна Касю Маркоўскую. Гэта выштурхоўвае чарнобыльскую праблематыку з кола грамадзкай увагі...”

16.31
Анархісты згарнулі сваю сымболіку і заявілі, што разыходзяцца, бо ня хочуць удзельнічаць у мітынгу, дазволеным уладамі.

16.29
Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" падыходзяць да плошчы Бангалор. Над дэманстрантамі лунаюць чорныя балёнікі са знакам радыяцыі. Да балёнікаў прымацаваная расьцяжка з надпісам "Не -- АЭС!". Анархісты адзьдзяліліся ад шэсьця і пайшлі асобнай калёнай.

16.25
У двух удзельнікаў шэсьця невядомыя ў цывільным адабралі банданы "Маладога фронту", стужкі, налепкі з чарнобыльскай сымболікай, сымболікай Эўрапейскага маршу й руху "За Свабоду". Сярод дэманстрантаў шмат супрацоўнікаў міліцыі і КДБ у цывільным – яны таксама маюць эўрапейскую сымболіку, каб іх немагчыма было пазнаць".

16.18
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрвію «Свабодзе» пракамэнтаваў адмову сябраў сваёй партыі ад удзелу ў Чарнобыльскім Шляху:

"Пакуль няма такой патрэбы і неабходнасьці ісьці на Бангалор, ісьці ня трэба. Усё ж такі ў той сытуацыі, як паступае ўлада ("Працэс 14-ці", судзілішча над Парсюкевічам, абсалютна дзікунскія прысуды заяўнікам Эўрапейскага маршу) – усё гэта зьвеньні аднаго ланцуга. І калі зараз станавіцца ў каляіну, якую ўлада нам зрабіла, я не лічу, што гэта найлепшае. Чарнобыль – гэта ня толькі атамны Чарнобыль, але й прававы Чарнобыль. І калі гэта пратэст, то ён павінен насіць пратэстны зьмест, а ня так, як нам улада ўказвае што рабіць. Вось тут якраз палягае непрыняцьцё Бангалору на сёньняшнім этапе".



16.08
На падыходах да плошчы Бангалор ля крамы «Прэстан» на вуліцы Багдановіча стаіць два аўтазакі і 6 аўтобусаў са спэцназам.

16.04
Сябры "Маладога фронту" выйшлі з калёны дэманстрантаў і заявілі, што далей, да плошчы Бангалор, яны разам з "Чарнобыльскім шляхам" ня пойдуць.

15.49
Калёна перайшла вуліцу Куйбышава каля ўнівэрсаму "Рыга". Кіроўцы аўтамабіляў сыгналяць на знак падтрымкі ўдзельнікаў акцыі.

Віталь Цыганкоў перадае з калёны анархістаў:



15.40 У калёне ідуць жыхары Жыткавіч, Брагіна, Гомеля, яны кажуць, што прыехалі выказаць пратэст супраць будаўніцтва АЭС.

15.36
На просьбу Аляксандра Мілінкевіча маладыя людзі вярнуліся з праезнай часткі на ходнікі.

15.30
Моладзь (каля 100 чалавек) выйшла на праезную частку пасьля скрыжаваньня вуліцы Сурганава з вуліцай Коласа. Людзі скандуюць: «Разам!» Астатнія пакуль не далучаюцца, ідуць па ходніках.

15.25
Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад сёлетняга "Чарнобыльскага шляху":

"Гэтая акцыя зноў сьведчыць пра тое, што моладзь робіцца сапраўдным рухавіком такіх акцыяў. Канечне, яе ня гэтулькі шмат, як хацелася б, але ў калёне пераважае моладзь і гэта вельмі добра. Зь іншага боку ў калёне ўжо не хапае тых людзей, якія ў першыя гады ўдзельнічалі ў "Чарнобыльсікм шляху". Многія зь іх страцілі здароўе, а многіх ужо й няма на сьвеце. І канечне гэта гаворыць пра вельмі сумную канатацыю, зьвязаную менавіта з гэтай датай".



15.21
Галава калёны падыйшла да вуліцы Якуба Коласа, а хвост застаецца яшчэ на праспэце Незалежнасьці.

15.14
2 аўтазакі і тры міліцэйскія аўтобусы едуць у хвасьце калёны па вуліцы Сурганава. Да калёны далучаюцца новыя людзі. На ходніках цесна. Міліцыя праз гучнаўзмацняльнікі забараняе выходзіць на праездную частку.

15.05 Колькасьць удзельнікаў шэсьця складае каля 3000 чалавек. Ім вельмі цесна ісьці па ходніках вуліцы Сурганава. З вокнаў дамоў навокал вітаюць дэманстратнаў. Да Акадэміі навук прыехала 2 аўтазакі і тры аўтобусы.

Віцебск: затрыманы зь бел-чырвона-белым сьцягам Сяргей Каваленка трапіў за краты. Затрыманага каля дому № 28 Барыса Хамайду адпусьцілі з пастарунку, узяўшы пісьмовыя тлумачэньні. ДАІ аштрафавала гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова і не дазволіла
яму выехаць у Менск.

14.55
Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" калёнай рушылі па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор.

14.50
Мітынг скончаны. Людзі зьбіраюцца ў калёну й пачынаецца шэсьце. Апошнім на мітынгу выступіў лідэр руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч: "Наша будучыня сьветлая і эўрапейская. Мы мірныя людзі і сёньня дакажам гэта яшчэ раз "Чарнобыльскім шляхам", але свае правы мы будзем адстойваць. Сёньня праўда пра Чарнобыль стала дзяржаўнай таямніцай. Мы не дазволім, каб так было. Вы ўмовах дыктатуры АЭС не будуюць. Рух "За Свабоду" пачынае кампанію збору подпісаў супраць будаўніцтва АЭС".

14.47
Сярод групы анархістаў адзін хлопец узьняў вясёлкавы сьцяг - сымбаль гей-руху.

14.45
Дочкі Казуліна Юлія і Вольга разгарнулі транспарант «Свабоду Казуліну» і патрэт палітвязьня.


14.40 Моладзевыя актывісты ў рэсьпіратарах стаяць на пляцоўцы каля будынку прэзыдуюму Акадэміі навук. Яны скандуюць лёзунгі, шмат хто мае на сабе адгазьнікі. А да гэтага былі барабаншчыкі, якія папросту зрабілі імправізаваны канцэрт. Людзі скандуюць: "Дыктатура так выглядае!" і перамяжоўваюць скандаваньне біцьцём у барабаны.

14.39 На акцыю прыйшлі паплечнікі палітвязьня Адрэя Кіма зь ягонай маці. На мітынгу выступіў Антон Койпіш – адзін з асуджаных па "Справе 14". Ён паведаміў, што ўсе тыя фігуранты справы, хто на волі, прыйшлі на "Чарнобыльскі шлях".

14.35 Мікола Статкевіч заклікаў прысутных ля Акадэміі навук прыйсьці 1 траўня да Нацыянальанй бібліятэкі, дзе будзе ладзіцца афіцыйнае мерапрыемства да Сьвята працы. Мікола Статкевіч: "Мы мусім прадэманстраваць, што існуе ня толькі савецкая Беларусь, але і эўрапейская Беларусь".

Любоў Лунёва перадае ад Акадэміі навук:




14. 30 Выступіў Ігар Рынкевіч. Ён заклікаў пасьля заканчэньня мітынгу арганізавана пайсьці да плошчы Бангалёр. «Улады чакаюць і можа нават хочуць дапамгачы ў парушэньні парадку». Ігар Рынкевіч таксама заклікаў улады вызваліць А. Казуліна, А. Кіма, С. Парсюкевіча.

14.25
Людміла Гразнова: "Беларусь сталася зонай маўчаньня. У Беларусі замоўчваюцца наступсты чарнобыльскай трагедыі".

Моладзь прынесла і раздала сотні чорных балёнікаў са знакам радыяцыі.

14.22
На прапанову палітыка Людмілы Гразновай прысутныя ўшанавалі памерлых ад Чарнобылю хвілінай маўчаньня.


14.17 Пачаўся мітынг. Выступілі актывіст руху "За Свабоду" і сябра палітрады АГП Людміла Гразнова.

14.10
Ігар Рынкевіч гутарыць з групай анархістаў, просіць захоўваць парадак. Лідэры анархістаў кажуць, што ня пусьцяць у калёну Чарнобыльскага шляху актывістаў "Белай волі", калі тыя зьявяцца. Апошніх пакуль не бачна.

14.07
На Кастрычніцкай плошчы сабраліся каля 2 дзясяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Яны патлумачылі карэспандэнту “Свабоды” што збор ля Акадэміі навук іх не задавальняе. Але пасьля таго, як міліцыянты ў цывільным прапанавалі рушыць да Акадэміі навук, актывісты пакінулі Кастрычніцкую плошчу.

14.05 А.Мілінкевіч: “Сытуацыя спакойная. Спадзяемся, што ўлады не будуць ужываць сілу. Што не разгоняць дэманстрацыю, як гэта было 25 сакавіка”.

14.02 Ля Акадэміі навук зьявіліся палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі і Павал Севярынец. Цяпер на пляцы перад акадэміяй каля трох соцень чалавек. Вылучаецца група анархістаў з чырвона-чорнымі і зялёна-чорнымі сьцягамі.

13.59 Каля цырку на вуліцы Янкі Купалы стаяць 6 аўтазакаў. Звычайна іх у часе акцыяў апазыцыі заганяюць у двары бліжэйшых дамоў, сёньня яны знаходзяцца проста на вуліцы.


13.55 Зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі Руху “За свабоду”, сьцягі Беларускіх сацыял-дэмакратаў. Маладыя людзі стаяць з расьцяжкай “Атамная энэргетыка – гэта тупік”.

13.50 Ля будынку Акадэміі Навук сабралася каля 100 чалавек, пераважна моладзь. Лідэраў апазыцыі пакуль няма. Прыбыў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Непадалёк стаяць дзьве міліцэйскія гукаўзмацняльныя машыны, але самой міліцыі ня бачна.

Паводле заяўнікаў акцыі : каля Акадэміі навук адбудзецца выступы сяброў аргкамітэту Чарнобыльскага шляху. Пасьля гэтага - шэсьце па ходніках па вуліцах, Сурганава, Арлоўскай да Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў.


13.15 Дружны, Пухавіцкі раён. Сяргей Абразоўскі шпіталізаваны. Раней спадара Абразоўскага, які накіроўваўся на Чарнобыльскі шлях у Менску, затрымалі супрацоўніі міліцыі. У яго ўзьняўся ціск.

13.10 У двары Беларускай політэхнічнай Акадэміі - некалькі аўтобусаў са спэцназам міліцыі.

13.00 Жодзіна. Затрыманы адзін з заяўнікаў Чарнобыльскага iляху. Старшыню зарэгістраванай ва Ўкраіне грамадзкага аб’яднаньня “Саюз Чарнобыль-Беларусь Аляксандра Валчаніна затрымалі, калі ён зьбіраўся паехаць на акцыю ў Менск.
Пра гэта паведаміў актывіст прадпрымальніцкага руху Міхал Васільеў.

12.45 Дружны, Пухавіцкі раён. Затрыманы грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі. Ён накіроўваўся ў Менск на Чарнобыльскі шлях. Міліцыянты спынілі машыну ля вёскі Дукора. С.Абразоўсаму парвалі пінжак. У яго ўзьняўся ціск. Вынікалі хуткую.


Маршруты “Чарнобыльскага шляху - 2008”


11.40 Мазыр. Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці, сярод якіх вайскоўцы-ліквідатары аварыі на ЧАЭС, усклалі кветкі ля помніка ахвярам Чарнобыльскай трагедыі.


11.15 Віцебск. Затрыманыя апазыцыянэры Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка. Барыс Хамайда выйшаў распаўсюджваць газэты “Народная воля” і «Курьер из Витебска» ў бел-чырвона-белым шаліку і з чорнай жалобнай стужкай, павязанай вакол галавы. Спадар Хамайда стаяў пад вялікім бел-чырвона-белы парасонам.

Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага раён патлумачыў Б.Хмайду, што той мусіць паехаць у пастарунак дзеля таго, каб супрацоўнікі праверылі легальнасьць газэтаў.

Сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка выйшаў у цэнтр Віцебску з разгорнутым бел-чырвон-белым сьцягам. Яго таксама затрымалі і завезьлі ў Чыгуначны РАУС.


10.15 Гарадок, Віцебская вобласьць. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі машыну з дэмакратычнымі актывістамі, якія скіроўваліся на Чарнобыльскі шлях у Менск. Кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў паспрабаваў размаўляць зь міліцыянтамі па-беларуску. Цяпер супрацоўнікі МУС шукаюць перакладчыка.


10.00 Хартыя-97 паведамляе, што на сайт ідзе ddos-атака. Служба тэхнічнай падтрымкі не выключае, што сёньня сайт можа быць часова недасягальным.


10.00 Віцебск. Над Ленінградзкай шашой, на электрычных дратах ноччу невядовыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, да сьцяга была прымацавана цыдулка. У ёй чалавек, які называе сябе Міронам адзначае, што 26-га красавіка –самая трагічная дата ў найноўшай гісторыі Беларусі, а таксама выказвае ўласнае стаўленьне да магчымага будаўніцтва АЭС на Беларусі.

“Аўтараў гэтага “пражэкту” варта паслаць у Чарнобыльскую зону, каб яны падыхалі тым паветрам і паелі тых прадуктаў. Для ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў нас ужо амаль нічога ня робіцца. Мы ня мусім забываць пра гэтую трагедыю!”


Станьце карэспандэнтам "Свабоды"!

Зрабіце фота

Здыміце відэа*

Дашліце на адрас svaboda@rferl.org і rferl.minsk@gmail.com

Прышліце СМС на нумар +375. 29. 391 22 24

Пазваніце на тэлефон у Менску 266 39 52

* Калі вы маеце відэа, напішыце нам на адрас svaboda@rferl.org, і мы ўдакладнім спосаб дасланьня матэрыялаў



“Свабода” пра Чарнобыльскі шлях

“Свабода” пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы


Раніцай 26 красавіка 1986 года адбыўся выбух на 4-м энэргаблёку атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, на памежнай з Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыі.

Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва.

У паветра, ваду і глебу патрапіла ад 50 да 250 мільёнаў кюры, што адпавядае выбуху ня меней да 100 атамных бомбаў.

70% радыёактыўных адпадаў прыпала на тэрыторыю Беларусі. Забруджана болей за 23% тэрыторыі краіны.

Тэрыторыя ў 155 000 квадратных кілямэтраў да гэтай пары застаецца забруджанай небясьпечнымі ізатопамі цэзію-137 і стронцыю-190, якія маюць вельмі доўгі пэрыяд паўраспаду і будуць небясьпечнымі для людзей на працягу некалькіх стагодзьдзяў.

У чыстыя рэгіёны Беларусі пераселена было 138 тысячаў грамадзянаў з 470 населеных пунктаў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласьцей.

Болей за паўтара мільёны чалавек да гэтага часу жывуць на забруджаных тэрыторыях.

Эканамічныя страты Беларусі ад Чарнобыльскай аварыі перавышаюць 235 мільярдаў даляраў ЗША.

Беларуская апазыцыя з 1989 году праводзіць у Менску жалобныя шэсьці ў гадавіну аварыі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG