Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія вёскі: 22 гады пасьля катастрофы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


На сёньня амаль у 350 выселеных пасьля катастрофы Чарнобыльскай АЭС вёсках Гомельшчыны жывуць самасёлы.


Гэта — афіцыйныя дадзеныя. Мясцовая ўлада ўжо не пярэчыць вяртаньню людзей. А апошнім часам чыноўнікі змушаюць пустэльнікаў выплачваць падаткі і грошы за жытло. Вось што паведамляе з Хойніцкага раёну карэспандэнт нашага радыё.

Усяго за 20 кілямэтраў ад Хойнікаў — вёска Рудаўка. На ўезьдзе — знак “Радыяцыйная небясьпека. Уваход і ўезд забаронены”. Аднак дарога ў былое паселішча разьежджаная, у вёсцы брэшуць сабакі. На вуліцы сустракаю жанчыну. Яна называе сябе: Кацярына Ігнаценка. І вось на што скардзіцца:

“Я — адна-адзінокая жанчына. У мяне няма дзяцей і нідзе нікога. Мне ўжо 78 гадоў будзе ў верасьні. Адпрацавала 63 гады. І ад мяне цяпер патрабуюць плаціць за тую хаціну. Раней нічога ня бралі, а цяпер — 500 тысяч рублёў. Усунулі ў гнілую хату. І няма куды дзецца. Дык вёску ж закопваюць, раскідаюць хаты. А мне вось трэба плаціць за гэтае гнільлё”.

Хатка бабулі Кацярыны — у аблозе асунутых будынкаў і сухога хмызьняку. Цяжка ўявіць, як выцерпела тут яна зіму.

“Сама я езьдзіла на брыкетны завод. Сама плаціла за машыну, за брыкет таксама. Яшчэ і за дровы. Гэтая нарыхтоўка каштавала мне 500 тысяч рублёў. Вось і жыві пасьля гэтага”.

Пытаюся, ці крыўдуе жанчына на ўладу.

Кацярына Ігнаценка
“Крыўдую! Яны не глядзяць на такіх адзінокіх і безабаронных. Да старшыні пайду, то ён нават вачэй не падыме. А, што казаць — можа, заўтра я ўжо памру...”

Пустэльніцаю ў выселенай вёсцы Губарэвічы жыве Надзея Зорына. Жанчына пэнсійнага веку. Уцякла з гораду, адрамантавала тут хату. Меркаваньне спадарыні Зорынай:

“Нават пасьля Чарнобыля тут была жывая вёска. Думалі тут і жыць далей. Але як адзін рушыў, то і астатнія — у Менск, у Менск, у Менск... Вось уся вуліца наша — усе ўжо мёртвыя. І кума мая, і суседка — памерлі. І мужык памёр. І тая суседка, і гэтая. Ад аднаго канца вёскі — да другога”.

Як высьвятляецца, пахавалі родных і землякоў далёка ад роднага кутка.

“Дзе пахавалі? Зь Менску мала прывозілі. У кагосьці — сваха ці сват. Ля Менску Сьмілавічы, Смалявічы. Куму прывезьлі сюды. А кум ляжыць дзесьці пад Менскам. Параскідаліся...”

Надзея Зорына
У адселенай зоне бабуля Надзея гадуе карову і чатыры парсюкі:

“А колькі ж у нас дзетак няшчасных? А колькі іншых, каму трэба дапамагаць! Трэба ж сала! І малако трэба! Бульба таксама. Вось сёньня нярускія прыяжджалі бульбу купляць. Усе жадаюць тут нешта купіць. Жыць усім хочацца і смачна есьці”.

Карэспандэнт: “Тут, у зоне купляюць? Хіба можна?”

“Купляюць!”

Днём у чарнобыльскай зоне сустракаюцца пераважна жанчыны. Мужчыны або рана паўміралі, або сьпяць днём, каб абрабаваць іншага самасёла ноччу. Так кажа адзіная цяпер жыхарка ў былой вёсцы Іванаўцы — Галіна Чухно:

Галіна Чухно
“Адзін раз цыбулю, можа, 500 кіляграмаў, забралі ноччу. Сабака брахаў, але я баялася выйсьці. Воз паставілі і ў яго насілі, рассыпалі. І качак забіралі!”

Ці зьвярталася жанчына ў міліцыю?

“Зьвярталася, як цыбулю скралі. Дык міліцыянт праз тры дні прыехаў, пахадзіў тут ды нічым мне не дапамог...”

У Хойніцкім райвыканкаме я ўдакладніў, што ў пэрыяд ад 1986 году скасавана 6 сельсаветаў, сем калгасаў і саўгасаў. На гэтай тэрыторыі ў кінутых хатах жывуць цяпер сотні перасяленцаў. У прыватнасьці, у вёсцы Стрэлічы — уцекачы з 10 былых рэспублік СССР.



XS
SM
MD
LG