Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялынічы: адкрылі дошку ў гонар В.Хаўратовіча <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Мэмарыяльную дошку ў гонар стваральніка раённай суполкі Таварыства беларускай мовы Віктара Хаўратовіча сёньня адкрылі ў Бялынічах.


Паэт па прызваньні, будаўнік па прафэсіі Віктар Хаўратовіч старшыняваў у суполцы амаль два гады — ад канца 1989 году да сваёй сьмерці 19 кастрычніка 1991 году.

Ініцыятарамі ўшанаваньня Віктара Хаўратовіча сталі вучні бялыніцкага паэта зь літаратурнага аб’яднаньня “Натхненьне”. Вырабілі дошку ягоныя калегі-будаўнікі.

Мэмарыяльную дошку ўсталявалі на сьцяне дому, у якім Віктар Хаўратовіч пражыў больш за дваццаць апошніх гадоў жыцьця, на вуліцы Мічурына, 14. У сьціплым надпісе “У гэтым доме жыў паэт” ня згадваецца Таварыства беларускай мовы. Не казалі пра Таварыства й падчас урачыстасьці, на якую прыйшлі ягоныя сябры, вучні, прадстаўнікі ўлады, а таксама былыя паэтавы суседзі. Між тым суполка ТБМ на пачатку дзевяностых была вельмі актыўная на Бялыніччыне. За няпоўныя два гады, пакуль Віктар Хаўратовіч кіраваў суполкай, яе сябрамі сталі каля ста чалавек.

На ўрачыстасьці гаворка ішла больш пра творчасьць Віктара Хаўратовіча. Выступоўцы прамаўлялі па-беларуску. Па-расейску выступіла начальніца аддзелу ідэалёгіі Бялыніцкага райвыканкаму.

Кім быў Віктар Хаўратовіч? Апавядае ягоны сябра, бялыніцкі журналіст, краязнаўца Міхась Карпечанка:

“Віктар Хаўратовіч быў адзін зь нямногіх сяброў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі за савецкім часам, які ня кінуўся жыць у сталіцу ці абласны цэнтар. Хаўратовіч застаўся працаваць на сваёй ранейшай пасадзе — будаўніком, прарабам. Пісаў вершы. Вось прысутнасьць сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ў местачковым жыцьці надавала такі імпульс для разьвіцьця. Ён апекаваўся школьнікамі-паэтамі. Дапамагаў старэйшым сябрам пісаць”.

Усё сваё жыцьцё Віктар Хаўратовіч працаваў будаўніком, і ў сваёй творчасьці рамантызаваў гэтую прафэсію. Згадвае бялыніцкая паэтка Ала Войлакава:

“Прафэсію будаўніка ён мог раскрыць так прыгожа, узьнёсла, што сапраўды, чытаеш гэтыя вершы — і адчуваеш гэтую сапраўдную вышыню. “Выходжу я на рыштаваньні, адчуўшы сэрцам вышыню”. Вось гэтае адчуваньне вышыні заўжды было ў настроі й творчасьці. І ён шчыра гэтым дзяліўся з маладымі, такімі, як я”.

Якім памятаюць Віктара Хаўратовіча ягоныя былыя суседзі, якіх шмат выйшла паглядзець на ўрачыстасьць? Суседка Ганна Ісакаўна працавала разам з Хаўратовічам, ён у яе быў прарабам. Яна кажа, што ён быў дужа справядлівы. А ці ведала яна, што ён паэт?

“Ведала даўно. Ён мне кніжку падарыў, “Сонца на кельме”. Кніжка ў мяне й цяпер ёсьць. Мы заўжды яго ўспамінаем. Калі прыходжу ў ягоны дом, у кватэры заўжды ўспамінаю”.

Віктар Хаўратовіч нарадзіўся 22 чэрвеня 1934 году ў вёсцы Малы Сінін, што ў Магілёўскім раёне. Пры жыцьці выйшлі два паэтычныя зборнікі — “Сонца на кельме” і “Зямныя колеры і гукі”. Пісаў Хаўратовіч толькі па-беларуску. Пісаў пра ваеннае дзяцінства, пра Бялыніччыну і, вядома, пра будаўнікоў. Памёр паэт 19 кастрычніка 1991 году. Пахаваны ў Бялынічах.
XS
SM
MD
LG