Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Янчэўскі: “У нас не стаяць помнікі Сталіну”


Госьць “Начной Свабоды” – Усевалад Янчэўскі, начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Знаткевіч: Вы былі прызначаны на новую пасаду ў мінулую пятніцу. Ці зьменіцца нешта ў дзяржаўнай ідэалёгіі Беларусі ў сувязі з вашым прызначэньнем?

Янчэўскі: Ведаеце, калі час ідзе – заўсёды нешта мяняецца. Бо жыцьцё ідзе, мяняюцца абставіны, мяняюцца і нейкія падыходы. Але я скажу адразу: пра нейкія кардынальныя перамены гаварыць не выпадае, бо кардынальныя перамены павінны быць тады, калі ёсьць нейкая крытычная сытуацыя. У нас, дзякаваць Богу, і ў рэспубліцы, і ў ідэалягічнай сфэры, і ў эканоміцы – нягледзячы на тое, што ёсьць, вядома, нейкія праблемы, яны ёсьць паўсюль і заўсёды – ніякай крызыснай сытуацыі няма. А калі няма крызыснай сытуацыі, дык нашто нейкія кардынальныя зьмены? Ну, зразумела, нейкія новаўвядзеньні, новыя падыходы павінны быць – бяз гэтага няма жыцьця, бяз гэтага няма разьвіцьця. Ёсьць застой, і застой – гэта самае страшнае, застой – гэта сьмерць. А ў Беларусі цяпер па вялікім рахунку ўсе гады па ўсіх напрамках заўсёды ішло разьвіцьцё. Апошнія чатырнаццаць гадоў – гэта няспыннае разьвіцьцё, разьвіцьцё наперад, упэўненае, вельмі добрае, я думаю, што і далей так будзе.

Знаткевіч: Ці маглі б вы коратка расказаць, у чым цяпер палягае дзяржаўная ідэалёгія Беларусі і даць адзін прыклад таго, што можа зьмяніцца – нейкія дробныя зьмены?

Янчэўскі: Ведаеце, складана даваць любое вызначэньне, яно заўсёды будзе нейкае аднабокае або недакладнае. Ідэалёгія – напэўна, тут можна мець і нейкія прэтэнзіі да словаў – гэта каштоўнасьці, на якіх базуецца дзяржава, каштоўнасьці, якімі стараецца жыць нацыя. Дзя нас гэта, вядома ж, перш за ўсё – салідарнасьць. Салідарнасьць – гэта калі людзі адзіныя, калі народ адзіны, калі ня дзеляцца на групкі, на партыі, на клясы, якія паміж сабой б'юцца. Для нацыі, для народу, для дзяржавы, якія жывуць у пераходны пэрыяд – а мы жывем усё яшчэ ў пераходны пэрыяд, дзяржава, сыстэма яшчэ выбудоўваецца – бо велізарныя зьмены адбыліся пасьля распаду Савецкага Саюзу, калі пачала будавацца незалежная беларуская дзяржава – дык вось, у такі пэрыяд для ўсіх вельмі небясьпечнае разьяднаньне, вельмі небясьпечныя ўнутраныя канфлікты. Тады, калі ўжо ўсё вельмі моцнае, усё ўстаялася, як мы гэта бачым у разьвітых дэмакратыях, тое, што складвалася дзесяцігодзьдзямі і стагодзьдзямі – там могуць быць і дастаткова вострыя дыскусіі, нават, як мы гэта бачым, народ дзеліцца напалам, вынікі выбараў прыблізна 50 на 50 – там ўсё гэта цалкам дарэчна. Для такіх маладых дзяржаваў, як Беларусь, гэта сьмяротна небясьпечна. Гэта фактычна проста шлях да страты дзяржаўнасьці. Таму гэта адна з каштоўнасьцяў беларускай дзяржавы – салідарнасьць, людзі павінны быць адзіныя, мэты людзей і дзяржавы мусяць быць адзіныя. Як гэта мусіць дасягацца? Безумоўна перакананьнем. Не прымусам. Расказаць, пераканаць – дзякуй Богу, гэта апошнім часам у дзяржавы атрымлівалася. Ня варта нам дзяліцца, ня варта нам сварыцца, ня варта разьдзяляцца паводле нацыянальных, рэлігійных, палітычных прыкметаў. Ёсьць адна задача: збудаваць – можна сказаць, што гэта казённая фраза, але яна насамрэч вельмі добрая – моцную квітнеючую Беларусь. Абсалютна добрая і шчырая мэта. Вось гэта – адна з рэчаў. Другая, напэўна, базавая – вядома ж, нам у сілу нашых традыцый і мэнталітэту і гісторыі не падыходзіць канцэпцыя, як кажуць, дзяржавы-вартаўніка, калі дзяржава амаль ні ў чым ня ўдзельнічае або мала ў чым удзельнічае, мала за што адказвае. У нас, вядома, дзяржава мусіць быць моцная, мусіць шмат пра што клапаціцца, мусіць клапаціцца і служыць ня толькі багатым і ўдачлівым, а і тым, хто пакуль сябе яшчэ ў жыцьці не знайшоў, тым, каму цяжка...

Знаткевіч: ... а як з гэтым стасуецца нядаўняе скасаваньне сацыяльных ільготаў?

Янчэўскі: Вы ведаеце, вельмі цікавы факт. Я думаю, што ў рэшце рэшт сума сродкаў, якія дзяржава выдзяляе праз адрасную сыстэму сацыяльных ільготаў, перавысіць – або нават ужо перавысіла – тыя сумы, якія былі сэканомленыя. Разумееце, тут насамрэч адбылася абсалютна выразная рэч – ільготы забіраюцца ў тых, каму яны не патрэбныя, і дадаюцца ў выглядзе дзяржаўнай фінансавай дапамогі, тым, каму такая дапамога патрэбная. Гэта справядлівасьць, гэта якраз добра, гэта наадварот разьвіцьцё гэтага прынцыпу, а зусім не супярэчнасьць яму. Калі ласка, паглядзіце нядаўні ўказ прэзыдэнта – ільготы на праезд пэнсіянэраў у прыгарадным транспарце на дачны пэрыяд...

Знаткевіч: ... але ж яны раней мелі гэта паводле закону?

Янчэўскі: Не, ну я кажу пра сёньняшнюю сытуацыю. Разумееце, сыстэма выбудоўваецца такім чынам, што ніводная з тых ільготаў, якія сапраўды патрэбныя людзям, не забіраецца. Забіраюцца тыя і ў тых, каму яны не патрэбныя. А наадварот – шматдзетным сем'ям, інвалідам – дадаюцца. Адрасная сацыяльная дапамога, па якую чалавек непасрэдна зьвяртаецца, яна ў многіх выпадках у шмат разоў перавышае тое, што чалавек атрымліваў раней. Таму ў дадзеным выпадку гэта якраз справядлівасьць.

Знаткевіч: Наколькі важныя для сучаснай дзяржаўнай беларускай ідэалёгіі беларуская мова і культура? Бо высокія дзяржаўныя чыноўнікі мовы практычна не ўжываюць, у палітычных навінах дзяржаўнага тэлебачаньня такая самая сытуацыя, у мовы статус гета – пра “Дажынкі” можна па-беларуску, а пра эканоміку ці пра дзяржаўныя справы – не.

Янчэўскі: Пытаньне вельмі простае. Самае дрэннае, што можна зрабіць для нашай роднай беларускай мовы – гэта прымушаць. Разумееце, гвалт паўсюль прыводзіць да дрэнных вынікаў. І ў дадзеным выпадку – і мы, дарэчы, гэта памятаем па пачатку 90-х – калі праводзіцца адміністрацыйная палітыка...

Знаткевіч: ...Я папраўдзе гэтага ня памятаю – я на пачатку 90-х, напрыклад, жыў і вучыўся ў Менску – я ня памятаю, каб быў нейкі гвалт...

Янчэўскі: Я, разумееце, таксама ў гэты час жыў і вучыўся ў Менску і памятаю, як гэта ўводзілася, яшчэ не паўсюль, дзякуй Богу, але адміністрацыйны гвалт быў. Бо разумееце, як у нас, былі камуністычныя часы – прымушалі хоць адным курсам ісьці, пасьля часы зьмяніліся – сталі прымушаць ісьці супрацьлеглым курсам, але сутнасьць засталася прыблізна тая самая, бальшавіцкая, ключавое слова – “прымушаць”. Нельга прымушаць. Вось, дарэчы, тады, калі ўсё пераводзілася адміністрацыйна, ня ўлічваліся пажаданьні людзей – давайце гаварыць адкрыта – ну вядома, значная частка людзей успрымала ў штыкі, бо яны прывыклі гаварыць на рускай мове – так склалася, ведаеце, гэта зусім асобная размова – чаму так склалася, добра гэта ці дрэнна, але так склалася. І рэакцыя, натуральна, простых людзей – яны прывыклі гаварыць па-руску, а іх прымушаюць гаварыць па-беларуску – ну вядома ж, псыхалягічная рэакцыя вельмі многіх была супраць. І гэта, вядома, вялікая бяда была менавіта і для беларускай мовы, і для справы адраджэньня беларускай культуры...

Знаткевіч: Спадар Янчэўскі, маё пытаньне было не пра простых людзей, а пра тое, што мова не ўжываецца высокімі дзяржаўнымі чыноўнікамі. Можа, сапраўды, не прымушаць простых людзей гаварыць, але дзяржаўным чыноўнікам самім пачаць гаварыць па-беларуску?

Янчэўскі: ... а прымушаць чыноўнікаў?

Знаткевіч: ... ну, ня будзем прыпісваць мне тое, чаго я не казаў. Чаму вы не пакажаце прыклад простым людзям? З уласнага жаданьня? Я ж вас не прымушаю...

Янчэўскі: Ясна, ясна. Вось гэта першая частка. Другая частка складаецца з наступнага – і пра яе, дарэчы, гаварыў наш прэзыдэнт. Чаму мы аддаем рускую мову выключна Расейскай Фэдэрацыі? Руская мова – гэта ў тым ліку і наш набытак. І гэта абсалютна правільная думка. Чаму мы павінны проста так яе саступаць? Рускую мову стваралі ўсе – усе, хто жыў на вось гэтай вялізнай прасторы Расейскай імпэрыі. І таму яна для нас такая самая, у нас дзьве дзяржаўныя мовы, гэта таксама наша багацьце. Ведаеце, кажуць, мова – выключная прыкмета нацыі. Ну вядома ж, гэта ня так. Паглядзіце ва ўсім сьвеце – Лацінская Амэрыка гаворыць па-гішпанску, але гэта асобныя нацыі. Амэрыканцы, аўстралійцы, навазэляндцы, англічане – аснова ангельская мова, і тым ня менш гэта зусім розныя нацыі, якія моцна розьняцца. Швэйцарыя – некалькі моваў, людзі ў невялікай краіне гавораць на абсалютна розных мовах, і тым ня менш гэта – адна нацыя, швэйцарцы.

Знаткевіч: Ці варта захоўваць помнікі, назвы вуліц паводле камуністычных дзеячаў і асабліва наколькі апраўдана ўшаноўваць Іосіфа Сталіна, падчас кіраваньня якога былі незаконна зьняволеныя і забітыя мільёны людзей?

Янчэўскі: Мне складана сказаць, дзе так ужо, як вы выказаліся, ушаноўваецца ў нас Іосіф Сталін...

Знаткевіч: ... ну “Лінія Сталіна” была названая ўжо пры гэтай уладзе...

Янчэўскі: “Лінія Сталіна” была, гэта сымбаль...

Знаткевіч: ... але яе так не называлі, гэта не гістарычная назва...

Янчэўскі: Прабачце, ня будзем адхіляцца, я скажу ў цэлым – і пра Леніна, і пра савецкую гісторыю... Разумееце, якраз калі мы будзем вельмі спакойна, вельмі цярпіма ставіцца да людзей самых розных поглядаў, асабліва да старэйшага пакаленьня, дзе вельмі шмат годных людзей, выключна годных людзей, перад якімі сапраўды мы нізкі паклон павінны біць – вэтэраны Айчыннай вайны і гэтак далей. Вось тым самым мы будзем паступаць не па-бальшавіцку, не радыкальна, не па-экстрэмісцку, з павагай, зь цярпеньнем да гісторыі, да людзей, да вэтэранаў, да старэйшага пакаленьня. Хай нейкія іншыя пакаленьні, новыя людзі інакш на гэта глядзяць, хай гісторыкі спрачаюцца – але без абразаў, без нападак, вельмі спакойна, вельмі цярпіма. Гэта, на маю думку, годны, інтэлігентны, добры падыход, таму ня варта скідаць помнікі...

Знаткевіч: ... цярпіма ставіцца і да Сталіна?

Янчэўскі: Разумееце, у нас не стаяць помнікі Сталіну. Вы ведаеце, што яны былі дэмантаваныя даўным-даўно...

Знаткевіч: ... але ёсьць мэмарыял “Лінія Сталіна”...

Янчэўскі: Яна існавала гістарычна і так яна называлася. Тут можна спрачацца, але засталася ў памяці ў многіх людзей, што яна называлася “Лінія Сталіна”. Што тут дрэннага, што аднавілі такі мэмарыял? Разумееце, будзем так казаць: Сталін быў галоўнакамандуючы падчас Вялікай айчыннай вайны. У мяне ёсьць – дзякуй Богу і дай ёй Бог яшчэ доўгіх гадоў жыцьця, як і іншым вэтэранам – бабуля. Яна ваявала і прайшла ад Сталінграда – яна Сталінград дагэтуль называе Сталінградам. Разумееце, такая пазыцыя ў чалавека – яна з найвялікшай павагай ставіцца да гэтага чалавека. Вы ведаеце, напэўна, уступаць у нейкія гістарычныя дыскусіі было б няправільна. Я нават усе астатнія моманты адмятаю – тут можна вельмі доўга гаварыць пра Сталіна і яго постаць, гэта зусім асобная размова, вельмі складаная, вельмі няпростая. Але хоць бы з павагі да пакаленьня вэтэранаў – а вы ведаеце, што большасць зь іх ставіцца да Іосіфа Сталіна з выключнай павагай – проста з павагі да гэтых людзей, якія ваявалі і якія нас адстаялі – давайце, можа быць, гэтую тэму адкладзем і ня будзем яе чапаць.

Знаткевіч: У цяперашняй Беларусі існуе крымінальны артыкул, паводле якога ўжо асудзілі ў тым ліку і да турэмнага зьняволеньня ўдзельнікаў незарэгістраванай арганізацыі. Наколькі, на Вашую думку, апраўданае існаваньне такога артыкулу, што па ім можна пасадзіць любых людзей, якія ладзяць любую нефармальную ініцыятыву, нават тых, хто падтрымлівае дзяржаўную ідэалёгію, можна тэарэтычна пасадзіць...

Янчэўскі: Давайце рэальна глядзець. Каго ў Беларусі асудзілі?

Знаткевіч: Зьмітра Дашкевіча, напрыклад. Аднаго з лідэраў "Маладога фронту".

Янчэўскі: Асудзілі. Тут Вы можаце спрачацца, не пагаджацца, гэта бясконцая тупіковая спрэчка, але асуджаюць хуліганаў, экстрэмістаў, прычым далёка ня ўсіх тых, хто насамрэч кідаецца і хуліганіць. Калі, канечне, гэта, можа, гучыць і непераканаўча ад прадстаўніка ўлады, але я скажу, што і ад прадстаўнікоў апазыцыі гучыць непераканаўча, таму што сходзяцца два бакі. Адзін кажа: “Вы вінаватыя”, другі: “Вы вінаватыя”.

Знаткевіч: Я кажу ўсё ж пра Зьмітра Дашкевіча. Яго асудзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Наколькі апраўдана гэта?

Янчэўскі: Чалавек супрацьстаўляе сябе праву, прынятаму ў дзяржаве. Калі ёсьць законы... Гэта увогуле не драконаўскія законы. Нехта можа гаварыць, што Беларусь больш свабодная, нехта, што менш. Але гэта нармальная краіна, канечне, гэта ніякая не дыктатура, канечне, яна не абнесеная калючым дротам. Ходзяць апазыцыянэры, выяжджаюць, езьдзяць, жывуць спакойна і гэтак далей. Тут ёсьць законы. Нехта кажа, што яны лепшыя, нехта кажа, што горшыя, яны не драконаўскія, падкрэсьліваю, трэба іх выконваць. Разумееце, ідэальных законаў няма, трэба паважаць права. Гэта пункт адліку, на ім будуецца дэмакратыя. Захад пабудаваны на аснове права. Хочуць яны заявіць пратэст? Ведаеце, мяне, калі шчыра, заўсёды зьдзіўляе, чаму зьбіраюцца некалькі соцень чалавек і ім абавязкова трэба прайсьці недазволеным маршрутам?

Знаткевіч: Але Зьмітра Дашкевіча асудзілі менавіта за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, не за арганізацыю шэсьця, мітынгу. Чаму напрыклад “Малады фронт”, які прапагандуе хрысьціянская, сямейныя каштоўнасьці – незарэгістраваная арганізацыя, чаму напрыклад уладам не супрацоўнічаць зь ім, ня даць ім слова ў дзяржаўнай прэсе?

Янчэўскі: Гэта асобнае пытаньне. Ёсьць Міністэрства юстыцыі, па нейкіх прычынах яно не зарэгістравала іх. Трэба паважаць гэтае рашэньне. Бо атрымліваецца анархія: “Ёсьць рашэньне, мы яго выконваць ня будзем”. Калі не будзеце выконваць, будзеце парушаць закон, дзяржава ня можа на гэта не рэагаваць. Калі б былі перакрытыя ўсе формы для дзейнасьці – няма магчымасьці нідзе зьбірацца, няма магчымасьці выказваць свае думкі... Але ёсьць магчымасьці і зьбірацца, і меркаваньні выказваць, і агітацыю весьці. І ніхто не вінаваты, што на гэтую агітацыю вельмі мала людзей адгукаюцца. Якая розьніца, дзе хадзіць -- па праспэкце ці на Бангалор. Калі б апазыцыя была здольная сабраць 50 ці 100 тысяч чалавек, то яны і на Бангалоры выглядалі б пераканаўча. Ну вядома, калі 50 тысячаў не зьбіраецца, зьбіраецца некалькі соцень, то для таго, каб гэта было падзеяй, патрэбны абавязкова нейкі канфлікт. Калі няма канфлікту, і ёсьць 500 чалавек – няма падзеі. А вось калі б было 50 тысячаў... Праблема ў тым, што не зьбіраецца.

Знаткевіч: Вы былі прызначаныя на сваю цяперашнюю пасаду напярэдадні свайго 32-годзьдзя. Наколькі вы сябе ўпэўнена адчуваеце ў такім маладым узросьце на гэтай высокай пасадзе?

Янчэўскі: Нармальна адчуваю, бо ёсьць поле для дзейнасьці, а для мяне паводле тэмпэрамэнту і характару самае галоўнае – калі ёсьць шмат цікавай творчай працы. Шчыра сказаўшы, я пра гэта не задумваўся. Мне цікава – вось гэта самае галоўнае, бо калі працаваць цікава, можа быць гэта нават у жыцьці наагул самае высокае шчасьце. Для мяне гэтае прызначэньне – вялікі гонар, хай гэта банальна прагучыць, але я стараюся апраўдаць давер кіраўніка дзяржавы і зрабіць нешта добрае й карыснае на гэтай пасадзе. У мяне тут нейкіх асаблівых праблемаў няма, мне нават трошкі цяжка адказаць на гэтае пытаньне.

Знаткевіч: Ёсьць меркаваньне, што адна з прычынаў Вашай хуткай кар'еры – гэта сяброўства са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам. Ці сапраўды Вы сябруеце?

Янчэўскі: Вы, як журналіст, будзеце крыўдзіцца, бо журналісты ня любяць такія адказы, але ў дадзеным выпадку – без камэнтароў. Растлумачу чаму. Скажу шчыра: не хачу гаварыць на гэтую тэму, усё ж любыя рэчы, якая тычыцца такіх рэчаў, як сям’я кіраўніка дзяржавы – ведаеце, тут ёсьць нейкі этычны момант, празь які ня варта пераступаць. Для журналістаў усе гэтыя тэмы вельмі цікавыя, але мне падаецца, што тут ёсьць нейкі тонкасьці, якія пры годным інтэлігентным падыходзе можна было б паважаць і разумець. Так што – без камэнтароў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG