Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае гісторык Захар Шыбека Эфір 24 красавіка 2008 году


“На сьвяткі мужчыны вёскі Зялёны Луг, што каля Менску, любілі пасядзець на прызьбе Тарасовай хаты. Рэй звычайна вёў гаспадар. Ён працаваў на заводзе ў горадзе, а таму ведаў, што рабілася ў сьвеце. Гэтым разам яго чамусьці не было.
– Бабы кажуць, што прывёз з гораду нейкую дзіўную рэч.
– І што ж гэта за рэч?
– Не паказвае. Адна жонка бачыла.
– Можа, грамафон?
– Не, не грамафон! Ці то сіпіліс, ці то сіфіліс.
Вёска ўрэшце разабралася ў гарадзкім набытку Тараса. І жаданьне зьбірацца каля ягонай хаты імгненна прапала.

Было лета 1909 году”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Прастытуцыя, якая была надзвычай пашыраная ў Менску на пачатку ХХ стагодзьдзя, не была такім ужо бяскрыўдным заняткам. Ёй спадарожнічалі вэнэрычныя захворваньні. І няўжо народ быў такім недасьведчаным, што ня ведаў пра існаваньне сыфілісу, ці больш правільна па-беларуску, пранцаў?”

Захар Шыбека: “Я ня думаю, што “гарадзкое” слова сыфіліс было шырока вядомым. У народзе вэнэрычныя хваробы называліся пранцы. Ды і санітарная асьвета не закранала шырокія пласты насельніцтва. Толькі дасьведчаныя гараджане ведалі, якой страшнай хваробай быў сыфіліс”.

Ракіцкі: “Ці існаваў страх у грамадзтве перад пранцамі? Як змагаліся гарадзкія ўлады з вэнэрычнымі захворваньнямі?”


Шыбека:
“Усе захады дзеля кантролю за прастытуцыяй абумоўліваліся якраз страхам перад гэтай хваробай. Прастытуткі з 1890-х гадоў двойчы на тыдзень праходзілі праверку. Ажыцьцяўлялася бясплатнае лекаваньне ўсіх хворых на сыфіліс. Аднак ня ўсе зьяўляліся на абсьледаваньні і лячыліся. У 1909 годзе з 260 жанчын публічных дамоў на працягу году былі выяўленыя 134 інфікаваныя, а гэта больш за палову. Сярод адзіночак усе аказаліся заражанымі. З 146 тайных прастытутак 30 былі хворымі. Усе яны накіроўваліся ў шпіталі. А колькі лячылася ў фэльчараў і знахарак, ніхто ня ведае. Менскія ўрачы сьведчылі, што ад сыфілісу пакутавалі 40 працэнтаў прастытутак, а ад бленарэі (трыпэру) – ня меней за 97 працэнтаў. У гарадох Расеі працэнт хворых на сыфіліс сярод прастытутак складаў 35-40 працэнтаў. У Менску, як бачым, паказчык захворваньняў быў адзін з найвышэйшых у імпэрыі. У 1908–1913 гадох штогод тут фіксавалася прыкладна па 4 тысячы вэнэрычных захворваньняў. Гэта былі гады, калі дабрабыт менчукоў відавочна паляпшаўся”.

Вядучы: “Наколькі “салодкім” было жыцьцё жанчын, якія выходзілі на панэль? Ці добра яны зараблялі сваім целам?“

Шыбека: “У адпаведнасьці зь велічынёй “ганарараў” менскія прастытуткі дзяліліся на тры катэгорыі. У пачатку ХХ стагодзьдзя купецкая прастытутка атрымлівала ад 3 рублёў і болей, мяшчанская – 1 рубель і болей, салдацкая – 30 капеек, і ёй неабходна было абслужыць трох мужчынаў, каб выйсьці на ўзровень дзённага заробку чорнарабочага. Існавалі яшчэ катэгорыі арганізаваных і індывідуальных прастытутак. Першыя служылі ў публічных дамох ці, у большасьці выпадкаў, траплялі ў рукі сутэнёраў. Але большасьць прастытутак дзейнічала ў адзіночку і патаемна”.

Ракіцкі: “Калі прастытуцыя была практычна легалізаваная, значыць, прастытуткі плацілі падаткі. Так?”

Шыбека: “Прастытуткі-адзіночкі, калі нават яны і стаялі на ўліку, падаткаў не плацілі, бо прыраўніваліся, так бы мовіць, да наёмных рабочых, хоць часам і высокааплачваных. Ім прыходзілася адкупляцца толькі ад паліцэйскіх. А вось гаспадары дамоў распусты плацілі гарадзкі падатак абавязкова. Ён, побач зь іншымі сродкамі гораду, ішоў на ўлік і лячэнне жанчын “лёгкіх паводзінаў”.

Ракіцкі: “Якія абмежаваньні ўсталёўвалі ўлады для прастытутак?”

Шыбека: “Матылькі” знаходзіліся на вуліцы да першай гадзіны ночы (пазьней не дазвалялася). Пры паступленьні ў публічны дом замест пашпарта жанчыны атрымлівалі прастытуцыйную ці санітарную кніжку. Вярнуцца назад яны маглі толькі тады, калі іх забіралі бацькі, калі бралі шлюб і калі прапрацавалі тры гады ў абшчынах сясьцёр міласэрнасьці. Але такіх выпадкаў было мала, а таму дзяўчаты практычна траплялі ў сэксуальнае рабства да таго часу, пакуль маглі абслугоўваць кліентаў. З 1901 году ўрадавы цыркуляр вызначаў для жанчын публічных дамоў крайні ўзрост – 21 год”.

Ракіцкі: “Якія жанчыны ішлі на панэль? Бедныя ці, так бы мовіць, паталягічна распусныя?”

Шыбека: “Распаўсюджанае меркаваньне, што прычынай прастытуцыі зьяўлялася нястача, не заўсёды пацьвярджаецца. Паводле некаторых зьвестак, у Расеі ў 1910 годзе з прычыны галечы прастытуткамі сталі толькі 10 працэнтаў іх агульнай улічанай колькасьці. Рэкрутаваліся прастытуткі звычайна зь нявытрыманых у маральным пляне сем’яў ва ўзросьце 16-17 гадоў. Бедныя бацькі часам самі падштурхоўвалі сваіх дачок да такога “рамяства”.

Вядучы: “Выглядае, што былі і такія, якім прастытуцыя давала дадатковы заробак?”

Шыбека: “Так, і такіх было шмат. Белашвейкі, мадысткі, служачыя кандытарскіх, увогуле жанчыны сфэры паслугаў, звычайна зацягваліся ў павуціньне тайнай прастытуцыі, працавалі “па-сумяшчальніцтву”. Лічылася, што кожную зь іх можна выкарыстаць, купіць. Такі быў узровень маралі ў мужчынаў. Набожнасьць не перашкаджала, ці, можа, яна слабела ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу”.

Ракіцкі: “І дзіцячая прастытуцыя таксама існавала?”

Шыбека: “Траплялі на ўлік паліцыі і малалетнія. Менскія лекары сарамліва прызнаваліся, што існавала неабходнасьць выдачы білетаў на прастытуцыю дзецям. 10-14-гадовымі дзецьмі гандлявалі цёткі-камісіянэркі. Дзіцячая прастытуцыя сустракалася ў прытулках міласэрнасьці, у рамесных майстэрнях, сярод беспрытульных. Дзеці прастытутак пераймалі занятак маці”.

Ракіцкі: “Сто гадоў таму, напэўна ж, кантрацэпцыя была ня вельмі разьвітая. А значыць, прастытуткі нараджалі сіротаў?”

Шыбека: “Так. Роды незамужніх жанчын станавіліся ў Менску звычайнай справай. За першую палову 1895 году сярод парадзіх гарадзкога радзільнага прытулку каля дзьвюх трацінаў складалі незамужнія. У бясплатным радзільным прытулку Расейскага таварыства абароны жанчын у 1905 годзе палова пацыентак не былі ў шлюбе. На пачатку ХХ стагодзьдзя адносная колькасьць пазашлюбных родаў стала фіксавацца ў меншых памерах. І гэта, відаць, было зьвязана з пашырэньнем абортаў і ўжываньнем прэзэрватываў, якія вольна прадаваліся ў любой аптэцы гораду. У грамадзтве захоўвалася вельмі нэгатыўнае стаўленьне да родаў па-за шлюбам, таму жанчыны стараліся пазбавіцца ад непажаданых немаўлят. У 1899 годзе траціна мацярок Менску кідала народжаных дзяцей”.

Ракіцкі: “А як у грамадзтве ставіліся да прастытутак?”

Шыбека: “Рэзка нэгатыўна. Выкладчыкі менскіх школ скардзіліся, што ва ўсіх тытунёвых крамах адкрыта выстаўляліся і прадаваліся парнаграфічныя паштоўкі. На іх думку, гэта мела дрэнны ўплыў на моладзь У пачатку ХХ стагодзьдзя ў аптэках свабодна прадаваліся нават сродкі накшталт сучаснай віягры. Грамадзкае і хрысьціянскае асуджэньне было адной з прычынаў распаўсюджанасьці тайнай прастытуцыі. Жанчыны хавалі свой занятак. Яны выходзілі на панэль позна ўвечары, калі горад засынаў. Вялікім сорамам лічыліся і пранцы. Прастытуцыя кідала цень на прыстойных гараджанак. Колькі абразьлівых словаў гучала на адрас жанчын нават тады, калі яны таго і не заслугоўвалі. Мужчына мог абвінаваціць у заражэньні сыфілісам любую маладую асобу, і паліцыя гвалтам цягнула яе на зьневажальны агляд да санітарнага лекара. Грамадзтва адгароджвалася ад распусты і ў той жа час яе спараджала”.

Ракіцкі: “Дык зь якіх прычынаў Менск апынуўся ў шэрагу самых распусных гарадоў?”

Шыбека: “Менск выконваў ролю найважнейшага апорнага цэнтру царызму ў Беларусі, бо разьмяшчаўся пасярод беларускіх земляў і на скрыжаваньні дзьвюх чыгуначных магістраляў. Тут канцэнтраваліся вялікія расейскія вайсковыя сілы. Штат губэрнскай адміністрацыі і ўпраўленьня Лібава-Роменскай чыгункі запаўняўся пераважна расейскімі чыноўнікамі. На новыя прамысловыя прадпрыемствы запрашаліся маладыя спэцыялісты з прамысловых цэнтраў Расеі. Гандлёва-прамысловы Менск даваў працу вясковай і местачковай моладзі. Паводле складу насельніцтва горад быў маладым, вылучаўся вялікай канцэнтрацыяй нежанатых мужчынаў. Існаваў попыт. Гараджанак не хапала, і расла вясковая крыніца папаўненьня колькасьці прастытутак. Заяжджалі і гастралёркі зь іншых гарадзкіх цэнтраў”.

Ракіцкі: “У царскай Расеі прастытуцыя была легалізаванай. Ці апраўдала гэта сябе? А што было б, калі б царызм пайшоў па шляху забароны?”

Шыбека: “Легальная прастытуцыя больш карысная дзяржаве і цывілізаванаму бізнэсу, чым грамадзтву. Яна, як і алькаголь, служыць пэўным сацыяльным амартызатарам. Адцягвае моладзь ад грамадскіх спраў. Займайся каханьнем, а не палітыкай! Таму царызм выбраў найбольш спрыяльны для сябе варыянт. У мілітарнай дзяржаве не магло быць іначай. Прастытуцыя выступала своеасаблівым тылавым забесьпячэньнем шматтысячнага расейскага войска. Невыпадкова яе легалізаваў цар-салдафон Мікалай І”.

Ракіцкі: “Які лёс напаткаў менскіх прастытутак пасьля падзеньня царскай Расейскай імпэрыі і прыходу бальшавікоў на беларускія землі?”

Шыбека: “У 1917-1920 гадох публічныя дамы яшчэ захоўваліся. Менскія прастытуткі абслугоўвалі то расейскіх бальшавікоў, то немцаў, то палякаў. І толькі 9 жніўня 1920 году дзейнасьць дамоў распусты ў Менску была забароненая Ваенрэўкамам БССР. Прастытуткі апынуліся ў падпольлі. А іх лёс яшчэ доўга турбаваў грамадзкасьць. Невыпадкова, што першы фільм, зьняты ў Беларусі ў 1926 годзе, меў назву “Прастытутка, прыбітая жыцьцём”. Праўда, ён так і ня выйшаў на экраны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG