Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі падаражэюць прадукты харчаваньня?


Выступаючы нядаўна, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што цэны на сельгаспрадукцыю ў Беларусі будуць такімі самымі, як у краінах Эўразьвязу. Наколькі сёлета могуць вырасьці цэны ў Беларусі на прадукты харчаваньня? Наколькі эфэктыўная сельскагаспадарчая вытворчасьць у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба


Цыганкоў: “Наколькі сёлета могуць вырасьці цэны ў Беларусі на прадукты харчаваньня? Пляны ўраду, каб інфляцыя сёлета вырасла ня больш 6-8 працэнтаў, але большасьць аналітыкаў ужо ставяць гэта пад сумнеў. Ці не выглядае відавочным, што на прадукты харчаваньня інфляцыя будзе вышэйшай?”

Жаліба: “Так, гэта відавочна. Я лічу, што 6-8 працэнтаў гадавой інфляцыі – гэта нерэальныя лічбы. Больш адэкватная задача – утрымаць інфляцыі хаця б у межах 10 працэнтах гадавых. На жаль, ёсьць тэндэнцыя з мінулага году, што рост цэн на харчаваньня будзе большы чым на іншыя прадукты і паслугі. Бо гэта сусьветная тэндэнцыя, якая пачалася ў 2007-м, калі быў неўраджай, засуха. Натуральна, што гэты зьнешні чыньнік адаб’ецца і на цэны на харчаваньне ў Беларусі. Мяркую, што цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю будуць у лідэрах і будуць падштурхоўваць інфляцыю ўверх”.

Цыганкоў: “Выступаючы па праблемах сельскай гаспадаркі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цэны на сельгаспрадукцыю ў Беларусі будуць такімі самымі, як у краінах Эўразьвязу. Але беларусы пакуль ня маюць эўрапейскіх заробкаў.. Наколькі гэта абгрунтавана?”

Жаліба: “Цэны, напрыклад, на мяса і мясныя прадукты у нас ужо наблізіліся да эўрапейскіх. Але заробкі ў разы меней. Таму ўраду трэба неяк стрымліваць тэндэнцыю росту цэнаў альбо падвышаць заробкі. Тут ёсьць іншая праблема – цэны на прадукты харчаваньня ў Расеі знана перавышаюць беларускія. І таму ствараецца стымул вывозіць за межы Беларусі малочныя і мясапрадукты”.

Цыганкоў: “Але ці ня корань усіх праблемаў у неэфэктыўнасьці сельскай гаспадаркі ў Беларусі, якая зьядае вялікія дзяржаўныя датацыі?”

Жаліба: “Вядома ж, вы маеце рацыю. Бо колькі мы ўкладаем у сельскую гаспадарку, на столькі ж рублёў і атрымліваем прадукцыі. То бок гэтая вытворчасьць эканамічна не абгрунтаваная. Бо трымаецца на савецкім калгасна-саўгасным ладзе гаспадараньня. Пакуль мы не раскрыем стымулы для прыватнай гаспадаркі, якая грунтуецца на прыватнай уласнасьці, то кардынальна ў нас нічога ня зьменіцца”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG