Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт падтрымае любое мірнае змаганьне за свабоду


Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ханс-Герт Пётэрынг у часе афіцыйнага візыту ў Літву наведаў ЭГУ, які працуе ў Вільні як беларускі унівэрсытэт на выгнаньні.

У часе свайго выступу Х.-Г.Пётэрынг прывітаў студэнтаў ЭГУ як беларусаў і эўрапейцаў, акцэнтаваў агульныя эўрапейскія каштоўнасьці і падтрымку беларусам з боку Эўрапарлямэнту:

“Годнасьць кожнага чалавека, правы чалавека, свабода, дэмакратыя, вяршэнства закону – асновы нашага эўрапейскага грамадзтва. Але мы ня маем права мець усё гэта толькі для сябе. Абавязак маральнай палітыкі ў тым, што мы мусім клапаціцца аб правах чалавека ва ўсім сьвеце.

У Беларусі, дзе існуе апошняя дыктатура ў Эўропе, мы прымаем бок грамадзянаў Беларусі. Народ Беларусі мае права на свабоднае дэмакратычнае грамадзтва. І я упэўнены, што прыйдзе час, і я спадзяюся, што гэта будзе неўзабаве, калі свабода і дэмакратыя будуць ў Беларусі. Эўрапейскі парлямэнт падтрымлівае вас. І мы падтрымліваем кожнага ў Беларусі, хто, як Аляксандр Мілінкевіч, мірна змагаецца за свабоду і дэмакратыю”.

Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў часе сустрэчы задавалі пытаньні кіраўніку Эўрапарлямэнту. На пытаньне аб тым, што плянуецца зрабіць у падтрымку Беларусі, спадар Пётэрынг сказаў, што самі студэнты могуць накіроўваць у Эўрапарлямэнт свае прапановы, і парлямэнт будзе на іх рэагаваць. Абмяркоўвалася таксама праблема коштаў на візы ў Шэнгенскую зону для грамадзянаў Беларусі. Старшыня Эўрапарлямэнту сказаў, што выступае за танныя шэнгенскія візы для моладзі і студэнтаў зь Беларусі.

“Наш унівэрсытэт мае фінансавую падтрымку ад Эўрапейскай камісіі, гэта значыць і ад Эўрапарлямэнту – Эўракамісія разам з Радай міністраў паўночных краінаў вылучылі найбольшую дапамогу ЭГУ, дзякуючы якой мы маем і стыпендыі”, – сказаў адзін са студэнтаў пасьля сустрэчы.

У сустрэчы браў удзел старшыня парлямэнту Літвы Чэславас Юршэнас, які сказаў, што “ад самага пачатку працы ЭГУ ў Літве літоўскі Сойм верыў у яго посьпех”.

“Мы ганарымся, што гэты унівэрсытэт пасьпяхова ўжо трэці год працягвае сваю дзейнасьць менавіта ў Вільні. Мы верым, што студэнты, пасьля атрыманьня гуманітарнай адукацыі, заснаванай на эўрапейскіх каштоўнасьцях, вернуцца на радзіму і застануцца сябрамі Літвы”, – сказаў Ч.Юршэнас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG