Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застаўся Чарнобыль актуальным для мастацтва?


Наколькі Чарнобыльская тэма знаходзіць адлюстраваньне ў творчасьці беларускіх літаратараў, мастакоў, кампазытараў.

Абраз “Маці Боская ахвяраў Чарнобыля” – адзін з сымбаляў штогадовага шэсьця дэмакратычных сілаў у дзень аварыі на ЧАЭС. Але аўтар – мастак Аляксей Марачкін – кажа, што ў ягонай галерэі ёсьць працы, у якіх ён ужо прадбачыў магчымую катастрофу:
“Гэты абраз прысутнічае на “Чарнобыльскім шляху”, сёлета ён павінен быць таксама. Абраз досыць шырока вядомы, нават за мяжой. У 1990-х у Нямеччыне былі Дні беларускай культуры, выяжджалі музыкі, таксама Васіль Быкаў, Вольга Іпатава. Дзіўная была гісторыя, калі мяне запрасілі на прыватную кватэру. Я гляджу: на сьцяне вісіць павялічаны абраз. Гаспадары гавораць: вось, гэта твор аднаго мастака зь Беларусі. Нічога не засталося, як сказаць: аўтар перад вамі...
Іншыя творы – “Хадора”; прысьвечана маці, якая засталася ў чарнобыльскай зоне. Пасьля яшчэ праца “Прывід Марылі”, яшчэ адна карціна, таксама прысьвечаная Чарнобылю, знаходзіцца ў Пінскай галерэі. Два творы ёсьць, якія можна назваць прадчуваньнем бяды, напісаныя яшчэ да 1986 году. Гэта “Пачвара над маёй вёскай” і “Балотная птушка”. У мастакоў: у Валерыя Шкарубы ёсьць творы, ва Ўладзімера Кожуха вельмі цікавыя працы, прысьвечаныя Чарнобылю”.
“Выпрабаваньні, зьвязаныя з трагедыяй, расьцягнуцца на стагодзьдзі
У другой палове 1990-х, празь дзесяць гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вядомая беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч падаравала сьвету “Чарнобыльскую малітву”. Кніга дакумэнтальнай прозы была перакладзеная на дзясятак эўрапейскіх і азіяцкіх моваў, па яе матывах пастаўленыя спэктаклі. Свой унёсак у чарнобыльскую тэму зрабілі Іван Пташнікаў, Уладзімер Някляеў. Дзьве чарнобыльскія паэмы у Сяргея Законьнікава:“Чорная быль” і “Зязюля”. Ці актуальныя чарнобыльскія матывы ў ХХІ стагодзьдзі, калі на вышэйшым узроўні усё часьцей чуюцца меркаваньні пра адсутнасьць небясьпекі ў забруджанай зоне?
“Чарнобыльская тэма ў творчасьці пісьменьнікаў, канечне ж, ня страціла сваёй актуальнасьці, – гаворыць Сяргей Законьнікаў. – Наадварот, яна павінна набываць усё больш глыбокае асэнсаваньне. Па той прычыне, што наперадзе, калі ня нас (старэйшае пакаленьне адыдзе), а наступныя пакаленьні насельнікаў Беларусі чакаюць вельмі вялікія выпрабаваньні, зьвязаныя з трагедыяй, якія расьцягнуцца не на дзесяцігодзьдзі, а на стагодзьдзі. Я часта сустракаюся з навукоўцамі, мэдыкамі, тымі людзьмі, якія дасьледуюць гэту праблему і ў нашай краіне, і за яе межамі. Бываў некалькі разоў у зоне, дзе працуюць сёньня ў гэтым запаведніку, за калючым дротам, навукоўцы з розных краінаў. І ўсе яны, дасьведчаныя людзі, кажуць: вельмі шмат праблемаў узьнікне, зьвязаных з малымі дозамі радыяцыі. Малыя дозы ўплываюць на ўсё: на зрок, на тое, як разьвіваюцца хранічныя хваробы, бо яны спрыяюць разьвіцьцю самых разнастайных хваробаў. Таму праблема застаецца, яна ня будзе зьнятая з парадку дня яшчэ доўгі-доўгі час”.
“Чалавек, да якога трапіла ў рукі кніга “Чарнобыль”, ужо ня можа яе не пераглядзець да канца”
У 2006 годзе, да 20-годзьдзя чарнобыльскай трагедыі, сьвет пабачыла супольная праца “Чарнобыль”. Бадай, найбольш грунтоўная ў шэрагу сабе падобных, кніга выдадзеная дзякуючы высілкам прадстаўніцтва ААН у Беларусі, акрэдытаваных дыпляматычных місій, грамадзкіх арганізацый. У чатырох разьдзелах, багата ілюстраваных фотаздымкамі вядомых фатографаў, паказаныя жыцьцё і лёсы як насельнікаў асобна ўзятай зоны, так і ўсёй Беларусі. Слова выдаўцу і аўтару кнігі Дзянісу Раманюку:
“Гэта выспа, якая мае свой стан, сваю прыроду, сваё жыцьцё. Яе можна здымаць і вывучаць бясконца. Гэта сапраўды ўнікальны запаведнік, дзе няма чалавека. Цікавасьць да кнігі вялізная. Чалавек, да якога яна трапіла ў рукі, ужо ня мог яе не пераглядзець да канца. Яе шмат возяць за межы Беларусі, для многіх яна становіцца адкрыцьцём. Бо Чарнобыль асацыююць зь нейкімі жахамі. А гэта глыбокая кніга, філязофская, яна паказвае Чарнобыль наогул, у нейкім разрэзе. Справа нават не ва ўладзе: кажа яна, што ёсьць нейкая небясьпека Чарнобылю ці няма. Усё ж пытаньне пра Чарнобыль як зьяву непалітычную. Гэта хутчэй сацыяльная і прыродная зьява. Ёсьць у ім шкода ці не, але гэта вельмі цікавая тэрыторыя, якую можна вывучаць бясконца, езьдзіць, здымаць, пісаць пра яе. Бо яна таксама мяняецца. Кожны год, калі я вяртаюся туды, бачу іншую зону. Яна невычэрпная”.
“Канца і краю ня бачна якраз духоўнаму Чарнобылю”
Знайшла сваё адлюстраваньне чарнобыльская бяда і ў музычнай культуры: ад “Гомельскага вальсу” гурту “Крама” да “Малітвы” з араторыі “Зорка палын” у выкананьні музычнай капэлы “Санорус”. Праўда, кампазытар Зьміцер Далгалёў, аўтар музыкі араторыі, кажа, што паўнавартаснага працягу сумесная з паэтам Уладзімерам Пецюкевічам праца ў Беларусі так і ня мела – пасьля прэм’еры ў Менску пра “Зорку палын” намагаюцца не ўспамінаць:
“Як мастак і як грамадзянін сваёй дзяржавы я вам скажу, што гэтая тэма, узьнятая Ўладзімерам Пецюкевічам, маім суаўтарам у гэтай араторыі, ня толькі актуальная зараз, але будзе яшчэ актуальная вельмі доўга. Таму што ёсьць фізычны Чарнобыль, а ёсьць Чарнобыль духоўны. І на жаль, канца і краю ня бачна якраз духоўнаму Чарнобылю. І наступствы сёньняшняга духоўнага Чарнобылю яшчэ будуць нашы праўнукі ацэньваць. Таму што фізычны Чарнобыль – гэта проста фізычны Чарнобыль, праз 200 гадоў тут будзе “зямля абетаваная”, на месцы, дзе цяпер стронцый і г.д. Але гэта будзе праз 200 гадоў. Але ёсьць самае галоўнае – вось гэты маральны, духоўны Чарнобыль, які адбываецца ўжо шмат гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG