Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомніўся дзень 26 красавіка 1986 году сучасьнікам? Успамінамі дзеляцца мастак Алесь Пушкін і прафэсар, член-карэспандэнт АН Іван Нікітчанка.

Алесь Пушкін: “Чаму гэта адбылося менавіта ў СССР?"

“Вельмі добра памятаю. Я прыйшоў з войску, з Аўганістану. Самы шчасьлівы момант для мяне – красавік 1986-га. Жывы, здаровы, мяне радасна сустрэлі сястра, мама, тата, усе нашы сваякі. І я памятаю гэты дзень 26 красавіка: я сеў на ровар і праехаўся па нашых цудоўных месцах у Бабры. Цудоўная вясна, сонца, рака, я быў у майцы без рукавоў, у ботах, ехаў і вельмі-вельмі радаваўся жыцьцю, страшэнна быў шчасьлівы.

Толькі праз два дні я дазнаўся, што на Чарнобыльскай АЭС выбухнула. І першае, аб чым я задумаўся – пра палітычны аспэкт. Што гэта здарылася менавіта ў СССР. Ні ў якой іншай краіне, хаця шмат было атамных электрастанцый апроч нашае. У Францыі 70% электраэнэргіі – атамныя станцыі даюць. Але выбухнула менавіта ў СССР. Гэта першае, пра што падумалася. А потым я ўсьвядоміў, што ё-маё... – гэта ж у гэты дзень я езьдзіў з голымі рукамі па сонцы... Ня дай Божа, каб яшчэ неяк мяне гэта зачапіла. І тады, памятаю, выпіў сухога чырвонага віна бутэльку...

Іван Нікітчанка: “Каб людзей папярэдзілі, гэткай бяды не было б..."

Прафэсар Іван Нікітчанка, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, у 1986 годзе працаваў намесьнікам старшыні Белдзяржаграпраму. І 26 красавіка быў на працы:

“Сеяў. Вясновы сеў праводзіў у Гарадоцкім раёне. Камандзіравалі – тады ж модна было засылаць талкачоў, каб хутчэй працавалі. Потым адклікалі з камандзіроўкі і пад вялікім сакрэтам нам сказалі, што адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. І нічога не сказалі, што рабіць. А потым праз гадзіну сабралі і сказалі: рыхтуйце пляны па эвакуацыі насельніцтва па лініі Бабруйску, Луцку, Магілеву. Ну, расьпісвалі плян: куды, што, хто... Бо чакаўся значна большы выбух. Але не адбыўся. Ну, зрабілі плян. Супэрсакрэтна. Паперкі мае працоўныя забіралі... Ну, днём працаваў, увечары вынікі працы забіралі. Раніцай аддавалі для працы зноў”.

Карэспандэнтка: “А ці казалі адмыслоўцы, што трэба папярэджваць людзей, што трэба нешта прадпрымаць”?

“Казалі. Тады быў дырэктарам Інстытута ядзернай энэргетыкі Несьцярэнка. Ён адразу, у першы ж дзень аднёс дакладную Лынькову – што бяда, і каб людзей папярэдзілі.

Каб людзей папярэдзілі, не выпусьцілі б іх тады на вуліцы, на дэманстрацыі, каб сказалі капаць ёд па некалькі кропель у малако і піць тры разы на дзень... Бяды б такой не было”.
XS
SM
MD
LG