Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча вызвалілі. Ён некалькі гадзінаў знаходзіўся ў пастарунку міліцыі Маскоўскага раёну .

Аляксандра Мілінкевіча вызвалілі без складаньня пратаколу. Некалькі гадзінаў таму яго затрымалі падчас сустрэчы з жыхарамі Менску.

Пра гэта паведаміў актывіст руху "За свабоду" Алесь Лагвінец, які быў сьведкам інцыдэнту. Кіраўніка руху затрымалі побач з супэрмаркетам “Максымус” у менскім мікрараёне Малінаўка.

“Сустрэча толькі пачалася, на яе прыйшло каля ста чалавек, як зьявіліся спэцназаўцы ў плямістай форме, адціснулі Аляксандра Мілінкевіча да міліцэйскага аўтамабіля і адвезьлі ў Маскоўскі райадзел міліцыі. У гэты час палітык знаходзіцца ў райадзеле”.

Як паведамляе сайт палітыка, да Аляксандра Мілінкевіча падышоў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Уладзімеравіч Руцкі і загадаў спыніць сустрэчу. Людзі пачалі абурацца, і ў гэты момант Аляксандра Мілінкевіча затрымалі і пасадзілі ў аўтамабіль.

Вакол месца сустрэчы знаходзіліся аўтазакі з АМАПам.

Як паведаміў Аляксандар Мілінкевіч "Нашай Ніве", "У пастарунку я меў размовы на сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя, міжнародныя тэмы з супрацоўнікамі РУУС. Размова пачалася ў кабінэце начальніка РУУС. Пасьля мяне перавялі да ягонага намесьніка па ідэалёгіі. Калі я запытаўся: "Ці затрыманы я, ці магу ісьці, мяне зноў накіравалі да начальніка, дзе мы яшчэ раз зь ім пагутарылі. Міліцыянты былі вельмі ветлівыя".

Палітык мяркуе, што яго затрымалі, каб сарваць сустрэчу з жыхарамі Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG