Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Левінаў давёў суду непісьменнасьць міліцыянтаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебску Алена Жук накіравала адміністрацыйную справу прадстаўніка БХК Паўла Левінава на перапрацоўку.


Супрацоўнікі Першамайскага РАУС мусяць наноў скласьці пратаколы на праваабаронцу, якога вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыянтам і брыдкай лаянцы на іхні адрас.

На сёньняшнім, ужо пятым пасяджэньні ў судовым працэсе, распачатым 28 сакавіка, спадар Левінаў заявіў, што ў матэрыялах ягонай справы ёсьць два міліцэйскія пратаколы пад адным і тым жа нумарам, што дазваляе лічыць іх несапраўднымі. Да таго ж, у пратаколах пазначана, што Левінаву не патлумачылі ягоныя правы ў часе затрыманьня і не дазволілі запрасіць адваката. На гэтых падставах ён заявіў хадайніцтва пра скасаваньне пратаколаў.

Гэтае хадайніцтва судзьдзя задаволіла, адхіліўшы восем ранейшых — да прыкладу, пра магчымасьць рабіць відэазапіс працэсу, пра запатрабаваньне з пракуратуры дакумэнтаў, якія могуць пацьвердзіць ягоную невінаватасьць і пра далучэньне да справы газэты “Товарищ”, у якой апісаны падрабязнасьці ягонага затрыманьня.

Прысутнаму на судзе карэспандэнту газэты “Товарищ” і праваабаронцу Валеру Шчукіну судзьдзя абвясьціла папярэджаньне нібыта за размовы падчас працэсу. Спадар Шчукін дэманстратыўна заклеіў рот скотчам, каб не было падставаў выдаліць яго з залі суду.

Калі будуць разглядацца складзеныя наноў міліцэйскія пратаколы, пакуль невядома. Каб іх перапісаць, міліцыянтам трэба зноў апытаць Левінава і ўдакладніць акалічнасьці ягонага затрыманьня каля кватэры незалежнага журналіста Вадзіма Баршчэўскага, да якога праваабаронца прыехаў, каб аказаць юрыдычную дапамогу падчас ператрусу 27 сакавіка.
XS
SM
MD
LG